Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сотні тысяч загінулых цывільных і вайскоўцаў, зьнішчаныя школы і тэатры. Лічбы году расейскай вайны ва Ўкраіне


Эвакуацыя цяжарнай жанчыны з раддому, які патрапіў пад расейскія бомбы. Марыюпаль, 2022
Эвакуацыя цяжарнай жанчыны з раддому, які патрапіў пад расейскія бомбы. Марыюпаль, 2022

Год таму, у ноч на 24 лютага 2022 году, Расея пачала поўнамаштабны ваенны наступ на тэрыторыю Ўкраіну і абстрэл мірных гарадоў. Ваенныя дзеяньні распачаліся ў тым ліку і зь беларускай тэрыторыі, якую Расеі дазволіў выкарыстаць Аляксандар Лукашэнка.

Свабода сабрала асноўныя лічбы першага году вайны.

Дзясяткі тысяч ракетных і авіяцыйных удараў

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны сьцьвярджаюць, што за год Расея выпусьціла па Ўкраіне 5 тысяч ракет.

Наступствы расейскага абстрэлу вызваленага з-пад акупацыі Херсону. Студзень 2023
Наступствы расейскага абстрэлу вызваленага з-пад акупацыі Херсону. Студзень 2023

Агульная ж колькасьць ракетных, авіяцыйных і артылерыйскіх удараў, а таксама бесьпілётнікамі, складае дзясяткі тысяч. Паводле ўкраінскага боку, у большасьці выпадкаў аб’ектамі ўдараў былі цывільныя аб’екты.

Страты ў жывой сіле і тэхніцы

Ніводзін бок вайны не ўдакладняе свае страты ў жывой сіле і тэхніцы. Пры гэтым і Ўкраіна, і Расея вядуць узаемны падлік чужых стратаў.

Паводле вайсковай выведкі Вялікай Брытаніі, з пачатку ўварваньня ва Ўкраіну расейская армія разам з прыватнымі вайсковымі кампаніямі страцілі на вайне ад 175 да 200 тысяч вайскоўцаў, у тым ліку прыкладна 40-60 тысяч загінулых.

Знішчаная расейская тэхніка ў Бучы пад КІевам. 1 сакавіка 2022
Знішчаная расейская тэхніка ў Бучы пад КІевам. 1 сакавіка 2022

Украінскі бок падлічыў, што Расея страціла на вайне загінулымі і параненымі 145 850 вайскоўцаў, 3350 танкаў, 6593 браняваныя машыны, 2352 артылерыйскія сыстэмы, 244 сродкі супрацьпаветранай абароны, 299 самалётаў, 287 верталётаў, 18 караблёў і катэраў і 2029 бесьпілётнікаў.

Расейскі бок сьцьвярджае, што Ўкраіна страціла 387 самалётаў, 210 верталётаў, 3222 бесьпілётнікі, 405 зэнітных ракетных комплексаў, 7994 танкі і іншыя браняваныя машыны, 1038 баявых машын рэактыўных сыстэм залпавага агню, 4189 сродкаў палявой артылерыі і мінамётаў. Агульныя страты Ўкраіны ў жывой сіле Міністэрства абароны Расеі не паведамляе, але кожны дзень у зводках адзначае, што нібыта «зьнішчыла сотні ўкраінскіх нацыяналістаў і замежных наймітаў».

Замежныя выведкі сьцьвярджаюць, што страты бакоў, хутчэй за ўсё парытэтныя.

На расейска-ўкраінскай вайне загінулі 19 беларускіх добраахвотнікаў

Адразу пасьля расейскага ўварваньня грамадзяне Беларусі пачалі далучацца спачатку да тэрытарыяльнай абароны, а потым пераходзіць на службу ва Ўзброеныя сілы Ўкраіны.

Беларусы ваявалі на самых складаных участках лініі фронту — пад Лісічанскам, Бахмутам, Вуглядарам, у Мікалаеўскай і Херсонскай абласьцях. 19 беларусаў загінулі, яшчэ двое трапілі ў расейскі палон. Іх уключылі ў сьпісы для абмену, але пакуль аб іхным лёсе і месцы знаходжаньня нічога невядома.

За ўвесь час Ўкраіна змагла вярнуць на радзіму 738 палонных, вайскоўцаў і цывільных, але ў расейскім палоне яшчэ застаюцца тысячы ўкраінскіх грамадзян.

Ахвяры сярод цывільных

Як і ў выпадку з вайсковымі стратамі, колькасьць ахвяр сярод мірных жыхароў дакладна не вядомая — Расея працягвае абстрэлы населеных пунктаў.

Забітыя цывільныя ў горадзе Буча Кіеўскай вобласьці. Красавік 2022
Забітыя цывільныя ў горадзе Буча Кіеўскай вобласьці. Красавік 2022

Паводле Офісу Вярхоўнага камісара ў правах чалавека ААН, у часе абстрэлаў і баявых дзеяньняў ва Ўкраіне загінулі 7 199 грамадзян і яшчэ 11 756 атрымалі раненьні. Дакладнасьць падлікаў ускладняецца ад таго, што ўкраінскія ўлады ня маюць доступу да шэрагу гарадоў, якія Расея практычна зьнішчыла сваімі абстрэламі.

У прыватнасьці, толькі ў адным Марыюпалі маглі загінуць да 100 тысяч жыхароў. У жніўні 2022 году ўкраінскія журналісты атрымалі інфармацыю, што ў адным з моргаў задакумэнтавалі 87 тысяч загінулых.

Мільёны ўцекачоў

Свае будынкі ў зонах актыўных баявых дзеяньняў і інтэнсіўных абстрэлаў вымушаныя былі пакінуць мільёны ўкраінскіх грамадзян: статус унутрана перамешчаных асобаў атрымалі больш як 4,8 мільёна грамадзян.

Прэзыдэнт ЗША ДЖо Байдэн з украінскімі ўцекачамі. Польшча, 26 сакавіка 2022
Прэзыдэнт ЗША ДЖо Байдэн з украінскімі ўцекачамі. Польшча, 26 сакавіка 2022

Яшчэ каля 8 мільёнаў з пачатку расейскага ўварваньня выехалі з Украіны ў краіны Эўразьвязу, зь іх прыкладна 4,8 мільёна карыстаюцца адмысловымі праграмамі падтрымкі.

Расейцы зьнішчылі лякарні, школы і культурныя ўстановы

Украінскія вайскоўцы пераконваюць, што ў 97% аб’ектамі расейскіх абстрэлаў былі цывільныя аб’екты і інфраструктура.

Паводле афіцыйных органаў Украіны, расейцы пашкодзілі або цалкам разбурылі:

  • больш як 2800 школ і іншых адукацыйных устаноў;
  • 1218 лякарняў, зь якіх амаль 200 зьнішчылі цалкам;
  • амаль 500 бібліятэк, у тым ліку 155 цалкам зруйнавалі;
  • 63 музэі і галерэі, зь іх 22 цалкам зьнішчылі;
  • 18 тэатраў і філярмоній, 9 зь іх зьнішчылі, у тым ліку і вядомы Драматычны тэатар у Марыюпалі;
  • з пацярпелых ад расейскіх атак 320 спартовых аб’ектаў 87 цалкам зьнішчылі.
Зруйнаваны расейскмі бомбамі тэатар у Марыюпалі, у якім хаваліся сотні людзей. Красавік 2022
Зруйнаваны расейскмі бомбамі тэатар у Марыюпалі, у якім хаваліся сотні людзей. Красавік 2022

Але найбольш пацярпела энэргетычная інфраструктура. Аднак улады не называюць ні аб’ектаў, ні колькасьці іх.

Разбураныя храмы

Расейскія войскі зьнішчылі 307 рэлігійных збудаваньняў, у тым ліку 5 мусульманскіх, 5 габрэйскіх, астатнія хрысьціянскія.

Сярод хрысьціянскіх 30 храмаў належалі пратэстанцкім суполкам, 21 — Праваслаўнай царкве Ўкраіны, 5 — Рымска-каталіцкай царкве, 4 — Украінскай грэка-каталіцкай, 142 — Украінскай праваслаўнай царкве Маскоўскага патрыярхату.

Усіхсьвяцкі скіт Святагорскай лаўры, які згарэў датла пасьля артылерыйскага абстрэлу расейскіх вайскоўцаў. Сьвятагорск Данецкай вобласьці, 4 чэрвеня 2022
Усіхсьвяцкі скіт Святагорскай лаўры, які згарэў датла пасьля артылерыйскага абстрэлу расейскіх вайскоўцаў. Сьвятагорск Данецкай вобласьці, 4 чэрвеня 2022

Найбольшая колькасьць пашкоджаных і зьнішчаных рэлігійных збудаваньняў знаходзілася ў Данецкай (75), Луганскай (59), Кіеўскай (43) і Харкаўскай (38) абласьцях.

Дзясяткі тысяч ваенных злачынстваў

Праваахоўныя органы Ўкраіны задакумэнтавалі 71 095 ваенных злачынствах вайскоўцаў расейскай арміі.

Пасьля вызваленьня Кіеўскай вобласьці пачала зьяўляцца інфармацыя пра сэксуальны гвалт з боку расейскіх вайскоўцаў у дачыненьні да цывільных грамадзян Украіны — жанчын, мужчын, дзяцей і прадстаўнікоў ЛГБТ.

Цяпер вядома, што з сотняў пацярпелых ад расейцаў толькі 155 пагадзіліся, што іхныя справы перададуць у суд і самі яны выступяць сьведкамі. Сярод іх 106 жанчын, 38 мужчын і 11 непаўналетніх. Найбольшая колькасьць выпадкаў згвалтаваньняў адбылася ў Кіеўскай і Херсонскай абласьцях. У Херсонскай вобласьці найбольш спраў аб гвалце ў дачыненьні да мужчын — 37.

Рэкордныя аб’ёмы дапамогі з Захаду

З пачатку расейскага ўварваньня Ўкраіна атрымала больш як 30 мільярдаў даляраў міжнароднай дапамогі. Асноўныя донары — Эўразьвяз, Вялікая Брытанія, ЗША, Канада і Японія.

Эўракамісія плянуе ў 2023 годзе накіраваць Украіне да 18 мільярдаў эўра макрафінансавай падтрымкі, а ЗША — 37 мільярдаў даляраў экстранай дапамогі.

Цягам году, нягледзячы на абстрэлы і вайну, ва Ўкраіну прыяжджалі замежныя лідэры і палітыкі. Толькі на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў адбылося 75 візытаў ва Ўкраіну, і яшчэ некалькі дзясяткаў візытаў міністраў замежных спраў, абароны, культуры, а таксама шматлікіх парлямэнцкіх дэлегацый.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG