Офіс Вярхоўнага камісара ў правах чалавека ААН абнародаваў новыя зьвесткі аб колькасьці ахвяр расейскай вайны ва Ўкраіне.
«З 24 лютага 2022 году, калі пачаўся ўзброены напад Расейскай Фэдэрацыі на Ўкраіну, да 12 лютага 2023 году Офіс Вярхоўнага камісара ў правах чалавека ААН зафіксаваў у краіне 18 955 ахвяр сярод мірнага насельніцтва: 7 199 забітых і 11 756 параненых», — паведамілі ў Офісе ААН.
Найбольш ахвяр сярод цывільных у Данецкай і Луганскай абласьцях, дзе загінулі адпаведна 4189 і 3679 грамадзян.
У іншых абласьцях Украіны (горад Кіеў, Чаркаская, Чарнігаўская, Івана-Франкоўская, Харкаўская, Херсонская, Кіраваградзкая, Кіеўская, Мікалаеўская, Адэская, Сумская, Запароская, Днепрапятроўская, Хмяльніцкая, Львоўская, Палтаўская, Ровенская, Цярнопальская, Віньніцкая, Валынская і Жытомірская вобласьці) загінулі 3010 і атрымалі раненьні 5778 грамадзян.
Паводле Офісу Вярхоўнага камісара ў правах чалавека ААН, большая частка зафіксаваных ахвяр сярод цывільнага насельніцтва выкліканая выкарыстаньнем зброі выбуховага дзеяньня з шырокай зонай паражэньня, у тым ліку цяжкай артылерыі, рэактыўных сыстэм залпавага агню, ракет і авіяўдараў.
У ААН мяркуюць, што фактычныя лічбы значна вышэйшыя, паколькі немагчыма атрымаць дакладную інфармацыю з акупаваных Расеяй Марыюпаля (Данецкая вобласьць), Лісічанска, Папаснай і Севераданецка (Луганская вобласьць), дзе, як сьцьвярджаецца, шмат ахвяраў сярод мірнага насельніцтва.
Выведка Вялікай Брытаніі: загінулых можа быць у два разы больш
У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі, зыходзячы «зь іншага незалежнага аналізу», заявілі, што з пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіне загінулі больш за 16 тысяч мірных жыхароў.
«Зьвесткі за студзень 2023 году паказваюць, што гвалт працягваўся ўздоўж лініі фронту працягласьцю 1200 кілямэтраў, але ў асноўным быў сканцэнтраваны ў Данецкай, Луганскай і Запароскай абласьцях.
Цягам студзеня назіралася вельмі высокая інтэнсіўнасьць і тэндэнцыя да павелічэньня шкоды, нанесенай як мэдычным, так і адукацыйным установам.
Гэтыя інцыдэнты і ахвяры сярод мірнага насельніцтва, хутчэй за ўсё, у значнай ступені зьвязаны з адсутнасьцю выбіральнасьці з боку Расеі ў выкарыстаньні артылерыі і іншых сыстэм узбраеньня», — адзначылі ў брытанскай выведцы.
Што гавораць улады Ўкраіны аб ахвярах сярод цывільных
Улады Ўкраіны заяўляюць, што пакуль немагчыма дакладна вызначыць колькасьць цывільных ахвяр, паколькі тыя населеныя пункты, дзе адбываліся і адбываюцца найбольш жорсткія баі, знаходзяцца пад акупацыяй Расеі.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваіх зваротах да ўкраінцаў і міжнародных партнэраў заяўляе, што ў выніку баявых дзеяньняў і расейскіх абстрэлаў цывільных аб’ектаў п-аза лініяй фронту «кожны дзень гінуць сотні, тысячы людзей».
У Офісе генэральнага пракурора Ўкраіны кожны дзень паведамляюць аб колькасьці ахвяр сярод дзяцей. Згодна з інфармацыяй праваахоўных органаў Украіны, на 21 лютага загінула 461 дзіця і больш як 926 атрымалі раненьні. Гэтыя зьвесткі карэлююцца з тым, што паведамілі ў Офісе Вярхоўнага камісара ў правах чалавека ААН.
Як і міжнародныя экспэрты, украінскі ўрад падкрэсьлівае, што цяперашнія зьвесткі не канчатковыя. Ахвяр можа стаць значна больш, калі ўкраінскія праваахоўнікі атрымаюць доступ да акупаваных населеных пунктаў і месцаў, дзе праходзяць баявыя дзеяньні.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.