Як адзначаецца ў дасьледаваньні Лябараторыі гуманітарных дасьледаваньняў (HRL) Ейльскай школы грамадзкай аховы здароўя, ідэнтыфікавана 43 такія цэнтры, у якіх утрымлівалі дзяцей, вывезеных Расеяй з Украіны пасьля ўварваньня 24 лютага 2022 году.
«Большасьць зь іх — гэта аздараўленчыя лягеры, у якія дзяцей вывозяць быццам на адпачынак, іншыя — гэта ўстановы, якія выкарыстоўваюцца для разьмяшчэньня дзяцей, якія знаходзяцца на перавыхаваньні або ўсынаўленьні ў Расеі. Гэтыя высновы паказваюць, што ў большасьці лягераў займаліся ідэалягічным перавыхаваньнем, а ў некаторых лягерах праводзілі вайсковую падрыхтоўку дзяцей і перашкаджалі вяртаньню дзяцей бацькам ва Ўкраіне», — адзначаецца ў дасьледаваньні.
У дасьледаваньні адзначаецца, што Расея вывозіла з Украіны дзяцей ва ўзросьце ад 4 месяцаў да 17 гадоў. Большая частка такіх устаноў разьмешчана ў акупаваным Расеяй Крыме і яшчэ 10 — непадалёк ад вялікіх расейскіх гарадоў — Масквы, Казані і Екацярынбургу, а таксама ў Сібіры і на Далёкім Усходзе. Сярод цэнтраў, куды расейцы адпраўлялі дзяцей, ідэнтыфікавалі нават псыхіятрычную клініку і дзіцячыя інтэрнаты.
«Асноўная функцыя лягераў — гэты, мяркуючы па ўсім, палітычнае перавыхаваньне. Украінскім дзецям насаджаюць расейскую ідэалёгію ў акадэмічнай, культурнай, патрыятычнай і вайсковай сфэрах», — адзначаецца ў дасьледаваньні.
У расейскія цэнтры вывозілі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных расейскімі войскамі рэгіёнаў Данбасу, а таксама з Харкаўскай, Херсонскай і Запароскай абласьцей. Часьцей за ўсё расейцы ціснулі на бацькоў, каб атрымаць іхную згоду. Але некаторыя бацькі расказвалі, што іхных дзяцей вывезьлі нават і бяз згоды.
Як адрэагавала Расея
На публікацыю дасьледаваньня адрэагавала пасольства Расеі ў ЗША.
Расейскія дыпляматы заявілі, што такім чынам Расея «прыняла дзяцей, вымушаных ратавацца са сваякамі ад абстрэлаў і зьверстваў Узброеных сілаў Украіны».
«Мы робім усё магчымае для захаваньня непаўналетніх грамадзян у сем’ях, а ў выпадках адсутнасьці або гібелі бацькоў і блізкіх — для перадачы сірот пад апеку. Забясьпечваем абарону іхных жыцьцяў і дабрабыту», — заявілі ў расейскай амбасадзе.
Адначасова расейскія дыпляматы абвінавацілі Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША ў адсутнасьці рэакцыі на нібыта «мэтанакіраваныя абстрэлы» украінскіх вайскоўцаў па «аб’ектах цывільнай інфраструктуры».
Колькі дзяцей загінулі ў выніку абстрэлаў
Расейская амбасада сьцьвярджае, што летась на Данбасе загінулі 153 дзіцяці і яшчэ 279 атрымалі раненьні.
Паводле ўкраінскага боку, ад расейскіх абстрэлаў за год вайны загінула 461 дзіця і больш за 920 атрымалі раненьні. Але гэта толькі пацьверджаныя факты. Насамрэч статыстыка можа быць іншай, паколькі ўкраінская ўлада ня мае доступу да шэрагу акупаваных Расеяй тэрыторый.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.