Ва Ўкраіне аднаўляюць пашкоджаную расейскімі абстрэламі інфраструктуру

Расейскі ракетны ўдар па Ўкраіне, архіўнае фота
Расейскі ракетны ўдар па Ўкраіне, архіўнае фота

Ва Ўкраіне адзначаюць Дзень Узброеных сіл, рыхтуюцца да новых атак і аднаўляюць энэрга-, вода- і цеплазабесьпячэньне.

Прафэсійнае сьвята ўкраінскіх вайскоўцаў адзначаюць штогод 6 сьнежня з 1993 году. Яно было заснавана як альтэрнатыва савецкаму 23 лютага.

Дату новага сьвята прымеркавалі да дня, калі ў 1991 годзе Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла два законы — аб абароне Ўкраіны і аб Узброеных сілах. Тады ж у залі парлямэнту ўпершыню зачыталі тэкст вайсковай прысягі незалежнай Ўкраіне.

У 2014 годзе, калі пачалася расейская агрэсія на Данбасе і адбыўся захоп Крыму, ва Ўкраіне заснавалі яшчэ адно сьвята вайскоўцаў — Дзень абаронцаў. Яно адзначаецца 14 кастрычніка — разам за Пакровамі, днём украінскага казацтва і днём Украінскай паўстанцкай арміі.

Ва Ўзброеных сілах служаць і жанчыны: 41 тысяча непасрэдна на вайсковых пазыцыях і амаль 19 тысяч — на цывільных пасадах у войску. Гэтыя зьвесткі абнародаваў міністар абароны Аляксей Рэзьнікаў.

Цяпер служба ў войску зьяўляецца ва Ўкраіне прэстыжнай. Пасьля пачатку расейскага вайсковага ўварваньня каля вайсковых камісарыятаў ствараліся вялікія чэргі з добраахвотнікаў, якія імкнуліся абараняць сваю краіну ад агрэсараў.

Украінскія сродкі СПА зьбілі 60 з больш як 70 запушчаных Расеяй ракет

У выніку расейскай атакі 5 сьнежня пацярпелі цывільныя і энэргетычныя аб’екты ў Кіеўскай, Адэскай, Віньніцкай і Запароскай абласьцях.

Ад расейскіх абстрэлаў 5 сьнежня ва Ўкраіне загінулі 3 і атрымалі раненьні 16 грамадзян.

У камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што расейцы запусьцілі на ўкраінскія гарады звыш 70 крылатых ракет, але 60 зь іх пасьпяхова зьбілі сілы супрацьпаветранай абароны.

Карыстальнікі сацыяльных сетак пачалі актыўна дзякаваць вайскоўцам за такую пасьпяховую працу. Такая трапнасьць украінскіх вайскоўцаў дазволіла пазьбегнуць масавых адключэньняў і паўтарэньня блэкаўту, які адбыўся 23 лістапада.

Найгоршая сытуацыя ў Адэсе

Украінскія ўлады не ўдакладняюць, якія аб’екты выведзеныя са строю ў выніку расейскіх абстрэлаў.

Вядома, што ў Адэсе толькі на ранак 6 сьнежня ўдалося часткова аднавіць вода- і цеплазабесьпячэньне. Аднаўленчыя работы працягваюцца па ўсёй краіне.

У Віньніцкай вобласьці праз пашкоджаньне аб’ектаў крытычнай інфраструктуры з 10 кастрычніка безь цяпла застаюцца больш як 20 тысяч грамадзян.

Па ўсёй краіне адбываюцца надзвычайныя адключэньні для балянсаваньня дзейнасьці ўкраінскай энэргасыстэмы.

Паводле кампаніі «Укренерго», на аднаўленьне энэргетыкі пасьля абстрэлаў 5 сьнежня спатрэбіцца 2-3 дні.

​
XS
SM
MD
LG