Менш чым празь месяц пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну пачалі прыяжджаць лідэры і палітыкі замежных краін.
Гэтую традыцыю 15 сакавіка 2022 году распачала эўрапейская «чацьвёрка» — прэм'ер-міністры Польшчы, Чэхіі і Славеніі Матэвуш Маравецкі, Пэтар Фіяла, Янэз Янша і віцэ-прэм’ер Польшчы ў пытаньнях бясьпекі Яраслаў Качынські. Яны першыя праклалі «чыгуначны» маршрут перамяшчэньня ва Ўкраіну.
Гэты візыт, як пераважна і ўсе іншыя, не анансаваўся, трымаўся ў сакрэце да фактычнага прыезду палітыкаў. Хоць рашэньне аб гэтай паездцы было ўхвалена на саміце Эўразьвязу ў Вэрсалі пад Парыжам.
Кіраўнікі ўрадаў хацелі прадэманстраваць адназначную падтрымку ўсім Эўразьвязам сувэрэнітэту і незалежнасьці Ўкраіны і прадставіць шырокі пакет падтрымкі ўкраінскай дзяржаве і грамадзтву.
У лідэрах Польшча, Эўразьвяз, Літва і Вялікая Брытанія
Пасьля гэтага кіраўніцтва Польшчы амаль кожны месяц прыяжджала ва Ўкраіну зь візытамі — па чарзе прэзыдэнт Анджэй Дуда і прэм’ер Матэвуш Маравецкі. Кожны зь іх за год ваеннага становішча наведаў Украіну па чатыры разы.
Сярод лідэраў у колькасьці наведваньняў Украіны таксама прэзыдэнтка Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен і кіраўнік Эўрапейскай рады Шарль Мішэль. Кожны зь іх наведаў Украіну па чатыры разы. Апошні іхны візыт адбыўся 2-3 лютага, калі ў Кіеве праходзіў саміт «Украіна — Эўразьвяз».
На гэты саміт прыехала і рэкордная колькасьць камісараў Эўрапейскай камісіі — 15 з 27.
«Мы тут з дакладным сыгналам пра дзьве рэчы. Першая — гэта сыгнал вам і народу Ўкраіны, што Эўразьвяз будзе падтрымліваць вас усім, чым можа, і так доўга, як гэта патрэбна. Мы не спалоханыя, мы не баімся Крамля, бо Ўкраіна і ЭЗ — мы сям’я. Мой другі сыгнал — будучыня Ўкраіны з Эўразьвязам», — заявіў прэзыдэнт Эўрапейскай рады Шарль Мішэль на прэсавай канфэрэнцыі пасьля саміту.
Трэцяе месца ў колькасьці наведваньняў ваеннай Украіны займае Літва. Яе прэзыдэнт Гітанас Наўседа зрабіў тры візыты ў Кіеў, а кіраўніца ўраду Інгрыда Шыманіце прыяжджала двойчы.
Кіраўнік ураду Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан тройчы прыяжджаў ва Ўкраіну, і адзін раз ягоны наступнік Рышы Сунак.
75 візытаў першых асобаў за 12 месяцаў вайны
Падтрымаць Украіну прыяжджалі кіраўнікі амаль усіх краін Эўразьвязу — Чэхіі, Славаччыны, Аўстрыі, Латвіі, Даніі, Румыніі, Фінляндыі, Нямеччыны, Італіі, Швэцыі, Нідэрляндаў, Славеніі, Эстоніі, Гішпаніі, Баўгарыі, Харватыі, Партугаліі, Францыі, Люксэмбургу, Ірляндыі, Грэцыі, Вугоршчыны і Бэльгіі.
Толькі прадстаўнікі Кіпру і Мальты пакуль не наведвалі Ўкраіну зь візытам.
Падтрымаць Украіну прыяжджалі былы і цяперашні генэральны сакратар ААН — Пан Гімун і Антонію Гутэрыш.
За год вайны толькі кіраўнікі замежных дзяржаў і ўрадаў 74 разы наведвалі Ўкраіну. І гэта без уліку парлямэнцкіх дэлегацый краін Эўразьвязу і ЗША, міністраў замежных спраў, а таксама мэраў эўрапейскіх гарадоў, якія заключаюць партнэрскія дамовы з гарадзкімі ўладамі ўкраінскіх гарадоў.
Аб сваёй падтрымцы Ўкраіны ў Кіеве і Львове заяўлялі і кіраўнікі іншых эўрапейскіх дзяржаў, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз — Альбаніі, Чарнагорыі, Нарвэгіі, Швайцарыі і Турэччыны.
Украіну наведвалі прадстаўнікі краін і зь іншых кантынэнтаў — прэм’ер-міністар Канады і Аўстраліі Джастын Трудо і Энтані Албаніз, прэзыдэнт Гватэмалы Алехандра Джаматэі і прэзыдэнт Гвінэі-Бісаў Умару Сісоку Эмбалатэі.
Рэзанансным напярэдадні гадавіны расейскага ўварваньня стаў неабвешчаны візыт прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна.
З постсавецкіх краін Украіну наведала толькі адна дэлегацыя
З постсавецкіх краін ва Ўкраіну падчас вайны прыяжджалі толькі прадстаўнікі Малдовы — прэзыдэнтка Мая Санду і прэм’ер-міністар Натальля Гаўрыліца, якая перад сваёй адстаўкай заявіла, што цяпер галоўнае для краіны — бясьпека.
Азэрбайджанскія кампаніі актыўна дапамагаюць Ўкраіне ў аднаўленьні пацярпелых гарадоў, але афіцыйных візытаў прадстаўнікоў Азэрбайджану не было. У прыватнасьці, азэрбайджанскія кампаніі дапамагалі аднавіць пашкоджаную расейскімі абстрэламі Ірпенскую спэцыялізаваную агульнаадукацыйную школу з вывучэньнем замежных моваў, у якой некалі вывучалі беларускую мову.
Амаль усе замежныя палітыкі наведалі Ірпень ці Бучу
Большасьць палітыкаў, якія цягам году прыяжджалі зь візытамі ва Ўкраіну, абавязкова наведвалі гарады Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей, у якіх пасьля вызваленьня ад расейскай акупацыі задакумэнтавалі найбольшую колькасьць ваенных злачынстваў расейскіх вайскоўцаў.
Буча, Гастомель, Барадзянка, Ірпень пад Кіевам і Ягаднае пад Чарнігавам і сам Чарнігаў. У гэтых населеных пунктах замежныя палітыкі на свае вочы пабачылі, што ўсе паведамленьні аб парушэньні Расеяй правілаў і звычаяў вядзеньня вайны не зьяўляюцца выдуманымі, як у гэтым спрабуюць пераканаць расейская і беларуская прапаганды.
У Кіеве стварылі Алею мужнасьці зь імёнамі замежных лідэраў
Летась у жніўні прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ініцыяваў стварэньне ў цэнтры сталіцы, на плошчы Канстытуцыі (яна знаходзіцца каля Вярхоўнай Рады Ўкраіны), Алеі мужнасьці. Як сказаў Зяленскі, гэтая алея стане сымбалем адвагі, дружбы і падтрымкі Ўкраіны тады, калі яна сапраўды патрэбная.
На ёй усталёўваюць пліткі з імёнамі палітыкаў, якія не пабаяліся прыехаць ва Ўкраіну ва ўмовах вайны і аказваюць вайсковую падтрымку краіне.
Вядома ж, першым, каго ўганаравалі на Алеі мужнасьці, стаў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Ён жа разам з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім узяў удзел у афіцыйным адкрыцьці алеі.
Цяпер на алеі ўшанавалі 13 эўрапейскіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў. Апошняй тут усталявалі плітку зь імем прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.