Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы візыт замежных кіраўнікоў у Кіеў падчас вайны ва Ўкраіне: прадстаўнікі Польшчы, Чэхіі і Славеніі едуць цягніком

Польскі прэм'ер Матэвуш Маравецкі з украінскім кіраўніком ураду Дзянісам Шмыгалём. Кіеў, 1 лютага 2022
Польскі прэм'ер Матэвуш Маравецкі з украінскім кіраўніком ураду Дзянісам Шмыгалём. Кіеў, 1 лютага 2022

Прэм’ер-міністры Польшчы, Чэхіі і Славеніі ананасавалі свой візыт у Кіеў для сустрэчы з прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім і прэм'ерам Дзянісам Шмыгалём.

Прэм’еры Польшчы, Чэхіі і Славеніі каля гадзіны таму на цягніку перасеклі польска-ўкраінскую мяжу і накіроўваюцца ў Кіеў, заявіў падчас прэс-брыфінгу кіраўнік канцылярыі кіраўніка польскага ўраду Міхал Дворчык.

«Візыт рыхтаваўся шмат дзён, але трымаўся ў сакрэце», — дадаў Дворчык, падкрэсьліўшы, што рашэньне пра паездку было прынята на саміце Эўразьвязу ў Вэрсалі пад Парыжам.

Мэта візыту кіраўнікоў урадаў — пацьвердзіць адназначную падтрымку ўсім Эўразьвязам сувэрэнітэту і незалежнасьці Ўкраіны і прадставіць шырокі пакет падтрымкі ўкраінскай дзяржаве і грамадзтву, пра гэта заявілі ва ўрадавым інфармацыйным цэнтры Польшчы:

«Прэмʼер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі і віцэ-прэмʼер, старшыня Камітэту нацыянальнай бясьпекі і абароны Польшчы Ярослаў Качыньскі разам з прэмʼер-міністрам Чэхіі Пэтрам Фіялам і прэмʼер-міністрам Славеніі Янэзам Яншам едуць сёньня ў Кіеў у якасьці прадстаўнікоў Эўрапейскай рады прыбудуць на сустрэчу з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім і прэмʼер-міністрам Украіны Дзянісам Шмыгалём.

Паездка арганізаваная па ўзгадненьні са старшынёй Эўрапейскай Рады Шарлем Мішэлем і старшынёй Эўракамісіі Урзуляй фон дэр Ляен. Міжнародная супольнасьць інфармуецца аб візыце дэлегацыі празь міжнародныя арганізацыі, у тым ліку Арганізацыю Абʼяднаных Нацый».

Маравецкі згадаў пра паездку ў Тбілісі падчас нападу Расеі на Грузію

«На 20-ы дзень злачыннай агрэсіі Пуціна супраць Украіны мы едзем у Кіеў, каб паказаць украінцам нашу салідарнасьць», — падкрэсьліў Матэвуш Маравецкі.

«Сёньня Грузія, заўтра Украіна, пасьлязаўтра краіны Балтыі, а потым, можа, час для маёй краіны, для Польшчы». Гэта тое, што казаў 14 гадоў таму Лех Качыньскі ў сталіцы Грузіі Тбілісі падчас расейскага ўварваньня ў краіну. Тады яго візыт зьмяніў уяўленьне аб гэтай вайне, і вялікі ўчынак мужнасьці надаў грузінам дух і яго памятаюць ва ўсім сьвеце і сёньня.

Мы накіроўваемся туды па ўзгадненьні і каардынацыі з Эўразьвязам і яго найбольш важнымі прадстаўнікамі — кіраўніком Савета ЭЗ Шарлем Мішэлем, кіраўніцай Эўракамісіі і ААН Урсулай фон дэр Ляен.
У такія пераломныя для сьвету часы, наш абавязак — быць там, дзе куецца (выкоўваецца) гісторыя. Таму што гаворка не пра нас, а пра будучыню нашых дзяцей, якія заслугоўваюць жыць у сьвеце, свабодным ад тыраніі", — адзначыў прэм’ер міністар Польшчы ў сваёй заяве.

У час расейска-грузінскай вайны 2008 году сваім візытам лідэры пяці эўрапейскіх краін, сярод якіх прэзыдэнт Эстоніі Томас Ільвес, прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус, прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі і прэм’ер Латвіі Івар Годманіс падтрымалі Грузію. 12 жніўня 2008 году ўвечары кіраўнікі замежных дзяржаў прыбылі ў Тбілісі, дзе ўзялі ўдзел у масавым мітынгу ў цэнтры грузінскай сталіцы.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG