Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве падчас паветранай трывогі прайшоў саміт «Украіна—Эўразьвяз»


Прэзыдэнт Эўрапейскай рады Шарль Мішэль, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, прэзыдэнтка Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен даюць сумесную прэс-канфэрэнцыю падчас саміту ЭЗ — Украіна ў Кіеве. 3 лютага 2023
Прэзыдэнт Эўрапейскай рады Шарль Мішэль, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, прэзыдэнтка Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен даюць сумесную прэс-канфэрэнцыю падчас саміту ЭЗ — Украіна ў Кіеве. 3 лютага 2023

Украінскія ўлады просяць пачаць перамовы аб далучэньні да Эўрапейскага Зьвязу.

Раніцай 3 лютага ва ўкраінскую сталіцу для ўдзелу ў саміце прыехаў прэзыдэнт Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль. У саміце бяруць удзел прэзыдэнтка Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

На саміт прыехала кіраўніцтва Эўракамісіі і 15 з 27 яе камісараў. Праз паўгадзіны пасьля пачатку сустрэчы па ўсёй Украіне прагучала паветраная трывога. Яе абвясьцілі праз тое, што ў Беларусі ў паветра паднялася расейская авіяцыя.

«Наша мэта абсалютна дакладная — пачатак перамоў аб сяброўстве Ўкраіны ў Эўрапейскім Зьвязе, і я веру, што і ЭЗ ужо сёлета будзе гатовы да перамоў аб уступе Ўкраіны», — заявіў Уладзімір Зяленскі на пачатку саміту.

На абвешчаную паветраную трывогу адрэагавала прэзыдэнтка Эўракамісіі.

«Сёньня гукі паветранай трывогі нагадваюць нам пра тое, што вы супрацьстаіце брутальнаму агрэсару. Але той факт, што ў часе гэтай вайны мы тут усё ж сабраліся і абмяркоўваем будучыню Ўкраіны, дэманструе, што мы значна мацнейшыя за гэтага агрэсара. І так і будзе», — заявіла Урзуля фон дэр Ляен.

Прэзыдэнт Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, прэзыдэнтка Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен даюць сумесную прэс-канфэрэнцыю падчас саміту ЭЗ — Украіна ў Кіеве. 3 лютага 2023
Прэзыдэнт Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, прэзыдэнтка Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен даюць сумесную прэс-канфэрэнцыю падчас саміту ЭЗ — Украіна ў Кіеве. 3 лютага 2023

У Эўразьвязе адзначылі прагрэс выкананьня рэкамэндацый для краіны — кандыдаткі на ўступ

Кіраўніцтва Эўракамісіі адзначыла прагрэс у выкананьні Ўкраінай сямі рэкамэндацый, якія былі падрыхтаваныя пасьля наданьня ёй статусу краіны-кандыдаткі на ўступ у Эўрапейскі Зьвяз.

«Мы тут з дакладным сыгналам аб дзьвюх рэчах. Першая — гэта сыгнал вам і народу Ўкраіны, што Эўразьвяз будзе падтрымліваць вас усім, чым можа, і так доўга, як гэта патрэбна. Мы не спалоханыя, мы не баімся Крамля, бо Ўкраіна і ЭЗ — мы сям’я. Мой другі сыгнал — будучыня Ўкраіны з Эўразьвязам», — заявіў прэзыдэнт Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль на прэсавай канфэрэнцыі пасьля саміту.

Прэзыдэнт Эўрапейскай Рады падкрэсьліў, што ўкраінскі народ зрабіў дакладны выбар на карысьць свабоды і дэмакратыі. «Ваш лёс — наш лёс», — сказаў ён.

У сваю чаргу, прэзыдэнтка Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен паведаміла, што новы пакет санкцый супраць Расеі будзе ўхвалены да 24 лютага. Яна не ўдакладніла, ці будуць яны тычыцца і ўладаў Беларусі.

«Расея і расейскае грамадзтва ўжо плацяць высокую цану з прычыны санкцый. Дзясяты пакет санкцый рыхтуецца, мы маем намер увесьці яго да 24 лютага. Яго аб’ём складзе каля 120 мільярдаў эўра», — паведаміла яна. Паводле яе, гэты пакет будзе канцэнтравацца на тэхналёгіях, якія выкарыстоўвае вайскова-прамысловы комплекс Расеі.


Зяленскі: Украінскае войска не дапусьціць рэваншу Расеі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, адказваючы на пытаньні журналістаў, заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны маюць шанец не дапусьціць рэваншу Расеі на ўсходзе Ўкраіны да атрыманьня заходняй вайсковай тэхнікі.

«Мы мяркуем, выведка і вайскоўцы, што будзе ўзмацняцца ціск на ўсходзе нашай дзяржавы. Расея хоча рэваншу. І гэтага рэваншу хоча менавіта там, дзе ён ім вельмі патрэбны. Наша задача — ня даць ім гэтай магчымасьці да моманту ўзмацненьня нашага войска адпаведнай зброяй. Мяркую, што ў нас ёсьць шанец», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Кіраўнік украінскай дзяржавы дадаў, што ўкраінскія войскі не плянуюць адыходзіць з-пад Бахмута. «Здаваць Бахмут ніхто ня будзе. Будзем змагацца, колькі зможам», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

У першай палове дня 3 лютага Андрэй Ярмак, кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны, абмеркаваў з прадстаўнікамі Эўракамісіі ўзмацненьне санкцый супраць Расеі. На гэтай сустрэчы, як вынікае з афіцыйнай публікацыі на сайце ўкраінскага прэзыдэнта, пытаньне санкцый супраць Беларусі не ўздымалася.

2 лютага адбылося супольнае пасяджэньне Эўракамісіі і ўраду Ўкраіны, на якім прадстаўнікі эўрапейскіх структур запэўнілі ў падтрымцы Ўкраіны ў часе вайны і пасьля яе, калі яны далучацца да аднаўленьня разбураных гарадоў і інфраструктуры. Паводле кіраўніцтва Эўракамісіі, Эўразьвяз ужо акумуляваў для Ўкраіны 49,5 мільярда эўра.

У канцы лютага 2022 году, праз чатыры дні пасьля пачатку вайны, найвышэйшае кіраўніцтва Ўкраіны — прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі, сьпікер парлямэнту Руслан Стэфанчук і прэм’ер Дзяніс Шмыгаль — падпісалі заяўку Ўкраіны на ўступленьне ў Эўразьвяз. У чэрвені лідэры краін ЭЗ яе разгледзелі і ўхвалілі рашэньне аб наданьні Ўкраіне статусу кандыдата на ўступленьне ў Эўразьвяз.

Цяпер украінскія ўлады просяць Эўразьвяз пачаць сёлета перамовы аб уступе Ўкраіны ў ЭЗ.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG