Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўраінтэграцыя падчас вайны. Што можа атрымаць Украіна ў якасьці кандыдаткі на сяброўства ў Эўразьвязе


Сьпікер Вярхоўнай Рады Руслан Стэфанчук, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прэм'ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль падчас падпісаньня заяўкі Ўкраіны на сяброўства ў Эўразьвязе. Кіеў, 28 лютага 2022
Сьпікер Вярхоўнай Рады Руслан Стэфанчук, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прэм'ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль падчас падпісаньня заяўкі Ўкраіны на сяброўства ў Эўразьвязе. Кіеў, 28 лютага 2022

17 чэрвеня Эўракамісія будзе разглядаць, ці прызначыць Украіне статус краіны — кандыдата Эўразьвязу.

16 чэрвеня гэтая тэма гучыць падчас візыту ў Кіеў лідэраў найбуйнейшых краін Эўразьвязу: прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона, канцлера Нямеччыны Оляфа Шольца, прэм’ер-міністра Італіі Марыё Драгі, прэзыдэнта Румыніі Кляўса Яганіса.

Прэзыдэнт Румыніі Кляўс Іаганіс, міністар разьвіцьця грамад і тэрыторый Украіны Аляксей Чарнышоў, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Германіі Олаф Шольц і прэм'ер Італіі Марыё Драгі. Ірпень, Кіеўшчына, 16 чэрвеня 2022 года
Прэзыдэнт Румыніі Кляўс Іаганіс, міністар разьвіцьця грамад і тэрыторый Украіны Аляксей Чарнышоў, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Германіі Олаф Шольц і прэм'ер Італіі Марыё Драгі. Ірпень, Кіеўшчына, 16 чэрвеня 2022 года

Свабода разьбіралася, якія магчымасьці адкрыюцца для Ўкраіны дзякуючы гэтаму статусу.

Як пачыналася Эўраінтэграцыя Ўкраіны

Поўнамаштабная вайна, пачатая Расеяй 24 лютага ва Ўкраіне, прысьпешыла шэраг працэсаў, якім расейская ўлада намагалася актыўна супрацьстаяць яшчэ з 2013 году.

Украіна ва ўмовах вайны завяршае працэс дэрусыфікацыі і дэкамунізацыі, пачатыя пасьля анэксіі Расеяй Крыму і некаторых раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей.

У 2013 годзе ва Ўкраіне паўсталі супраць адмовы тагачасных уладаў ад падпісаньня з Эўрапейскім зьвязам пагадненьня аб асацыяцыі, але яно стала магчыма пасьля Рэвалюцыі годнасьці. Другі этап расейскай вайны паскарае і эўрапейскую інтэграцыю Ўкраіны, якая, нават нягледзячы на асацыяцыю, здавалася цяжкадасяжнай мэтай.

Праз чатыры дні пасьля пачатку вайны вышэйшае кіраўніцтва Ўкраіны — прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі, сьпікер парлямэнту Руслан Стэфанчук і прэм’ер Дзяніс Шмыгаль — падпісалі заяўку Ўкраіны на ўступленьне ў Эўразьвяз. У чэрвені лідэры краін ЭЗ маюць яе разгледзець і ўхваліць яшчэ адно рашэньне на шляху эўраінтэграцыі — аб наданьні Ўкраіне статусу кандыдата на ўступленьне ў Эўразьвяз.

Колькі цяпер краін-кандыдатаў

У выпадку пазытыўнага рашэньня Ўкраіна стане шостай краінай, якая атрымае статус кандыдата на ўступленьне ў Эўразьвяз.

Цяпер магчымасьці такога статусу выкарыстоўваюць Турэччына (атрымала статус у 1999 годзе), Паўночная Македонія (2005), Чарнагорыя (2010), Сэрбія (2012) і Альбанія (2014).

Адпаведную заяўку ў ЭЗ накіравалі Босьнія і Герцагавіна, а таксама Косава. З такой жа заявай пасьля пачатку расейскай вайны ва Ўкраіне зьвярнуліся Грузія і Малдова.

Эканамічныя перавагі

З атрыманьнем статусу кандыдата Ўкраіна атрымае доступ да фінансавых інструмэнтаў Эўразьвязу, якія дапамогуць лепш падрыхтавацца да сяброўства — правесьці рэформы і імплемэнтаваць эўрапейскае заканадаўства.

Разам з статусам кандыдата Ўкраіна атрымае доступ да інструмэнту падтрымкі перад уступленьнем у Эўразьвяз (IPA), да Фонду салідарнасьці ЭЗ (EUSF), дапамога зь якога аказваецца ў выпадку вялікіх стыхійных бедзтваў, а таксама да Эўрапейскага фонду сталага разьвіцьця (EFSD+).

Агульны бюджэт IPA на 20142020 гады склаў 14,2 мільярда эўра. Турэччына, эканоміка якой у чатыры разы большая за ўкраінскую, атрымала з гэтай крыніцы 3,5 мільярда эўра, а Сэрбія зь меншай утрая эканомікай, чым ва Ўкраіне, — 1,5 мільярда эўра.

Пасьля афіцыйнага далучэньня да Эўразьвязу колькасьць даступных фінансавых інструмэнтаў павялічыцца. Сярод іх — Эўрапейскі фонд рэгіянальнага разьвіцьця (ERDF), Эўрапейскі сацыяльны фонд+ (ESF+), Фонд згуртаваньня (CF), Эўрапейскі сельскагаспадарчы фонд (EAFRD) і Фонд марской і рыбнай гаспадаркі (EMFF).

Краіна на стадыі кандыдацтва ў сябры ЭЗ пачынае атрымліваць і больш прамых замежных інвэстыцый, бо пераход на эўрапейскае заканадаўства аўтаматычна азначае, што краіна ня мае інвэстыцыйных пагроз і зьяўляецца бясьпечнай для капіталаў.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прэзыдэнт Эўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен. Кіеў, 11 чэрвеня 2022 года
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прэзыдэнт Эўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен. Кіеў, 11 чэрвеня 2022 года

Апроч таго, Украіна зможа атрымліваць доўгатэрміновыя крэдыты ад ЭЗ, а таксама дапамогу ў выглядзе грантаў на адукацыю, культуру, ахову здароўя і гэтак далей. З 2014 году, пасьля падпісаньня пагадненьня аб асацыяцыі з ЭЗ, Украіна ўжо атрымала больш як 17 мільярдаў эўра ў выглядзе грантаў і запазычаньняў, накіраваных на падтрымку рэформаў. Экспэрты сьцьвярджаюць, што ў статусе кандыдата Ўкраіна можа павялічыць аб’ём такой дапамогі.

Вайна не перашкода?

Цяперашнія эўраінтэграцыйныя працэсы Ўкраіны параўноўваюць з Харватыяй. Гэтая краіна зьвярнулася па статус кандыдаткі праз 9 гадоў пасьля вайны з Сэрбіяй.

Працэс інтэграцыі Харватыі прытармазілі абвінавачаньні ў яе адрас у парушэньнях міжнароднага гуманітарнага права, якія адбываліся ў дачыненьні да прадстаўнікоў сэрбскай нацыянальнасьці і ў часе наступальных апэрацый у 90-я гады.

Такая рыторыка адтэрмінавала ўступленьне Харватыі ў Эўразьвяз, а сама краіна доўгі час не магла выйсьці з эканамічнага крызісу, карупцыйных скандалаў і пасьляваеннай ізаляцыі.

Адзінае, што заставалася ўладам — праводзіць эканамічныя і сацыяльныя рэформы, якія дазволілі выйсьці з крызісу і ў 2003-м усё ж зьвярнуцца ў ЭЗ з заяўкай аб кандыдацтве. Яе задаволілі ў 2004 годзе. У 2012-м падпісалі пагадненьне аб уступленьні, а з 1 ліпеня 2013 году Харватыя афіцыйна далучылася да Эўразьвязу.

Ад падачы заяўкі на кандыдацтва да сяброўства ў ЭЗ прайшло 10 гадоў.

Зяленскі: Статус кандыдата — фундамэнтальная каштоўнасная падтрымка

Уладзімір Зяленскі лічыць, што наданьне Ўкраіне статусу кандыдата на ўступленьне ў Эўразьвяз мусіць стаць сыгналам для Расеі, якая ваюе ва Ўкраіне супраць эўрапейскіх каштоўнасьцяў.

«Украіна мусіць атрымаць фундамэнтальную каштоўнасную падтрымку, якая нарэшце выб’е з рук Расеі яе галоўную ідэалягічную зброю, а менавіта сьцьвярджэньне, нібыта Эўропа ня здольная да рэальнага аб’яднаньня і нібыта Ўкраіна не патрэбна Эўропе. Даць Украіне кандыдацтва менавіта цяпер — гэта даказаць, што эўрапейскае аб’яднаньне рэальнае і што эўрапейскія каштоўнасьці сапраўды працуюць, а ня проста вызначаныя ў пэўных дакумэнтах як прыгожая фармальнасьць», — заявіў Уладзімір Зяленскі 15 чэрвеня.

Палітычны штуршок да рэформаў

Экспэртка цэнтру «Новая Эўропа» (Кіеў) Марыяна Фахурдзінава кажа, што кожная краіна, якая далучалася да Эўразьвязу, мела свой індывідуальны шлях. Але іх аб’ядноўвала тое, што статус кандыдацтва станавіўся палітычным штуршком для дзяржаў да глыбокіх трансфармацый ва ўсіх сфэрах.

У сваім тэматычным дасьледаваньні экспэртка адзначае, што пасьля атрыманьня статусу кандыдата Ўкраіне патрэбна будзе прывесьці сваё заканадаўства ў адпаведнасьць з заканадаўствам Эўразьвязу, а таксама правесьці палітычныя, сацыяльныя, эканамічныя, судовыя і адміністрацыйныя рэформы.

«Тэмп перамоў (аб уступленьні. — РС) будзе залежаць ад хуткасьці рэфармаваньня і імплемэнтацыі заканадаўства ЭЗ, таму апэляваць да досьведу іншых краін было б таксама недарэчна. Напрыклад, перамовы аб уступленьні Турэччыны ішлі 10 гадоў, а потым былі фактычна замарожаныя ў 2016 годзе за парушэньне правоў чалавека і дэфіцыт верхавенства права ў дзяржаве. Так што Ўкраіна сама будзе несьці адказнасьць за хуткасьць свайго руху ў Эўразьвяз», — перакананая Марыяна Фахурдзінава.

Экспэртка таксама нагадала, што Чарнагорыя пачала перамовы аб уступленьні ў ЭЗ праз два гады пасьля атрыманьня кандыдацтва, а Паўночнай Македоніі для гэтага спатрэбілася 15 гадоў і давялося зьмяніць назву краіны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG