Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агенцтва Bloomberg паведамляе пра пляны Эўракамісіі ўхваліць статус кандыдата ў ЭЗ для Ўкраіны


Старшыня Эўракамісіі Урузуля фон дэр Ляен і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падчас супольнай прэсавай канфэрэнцыі, Кіеў, 8 красавіка 2022
Старшыня Эўракамісіі Урузуля фон дэр Ляен і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падчас супольнай прэсавай канфэрэнцыі, Кіеў, 8 красавіка 2022

Эўракамісія можа падтрымаць наданьне Ўкраіне статусу кандыдата на ўступленьне ў Эўразьвяз, піша Forbes са спасылкай на агенцтва Bloomberg.

Атрыманьне такога статусу — ключавы крок для Кіева на шляху да ўступленьня ў ЭЗ. Аднак нават калі Эўракамісія ўхваліць наданьне краіне гэтага статусу, яе рашэньне яшчэ павінны падтрымаць усе краіны Зьвязу.

Чакаецца, што Эўракамісія прыме сваё рашэньне 17 чэрвеня, удакладнілі крыніцы агенцтва Bloomberg.

Лідэры Зьвязу зьбіраюцца абмеркаваць гэтае пытаньне ў Брусэлі 23-24 чэрвеня. Паводле зьвестак агенцтва, шэраг краінаў выступілі супраць гэтага кроку, на іх думку няправільна аддаваць перавагу Ўкраіне перад іншымі кандыдатамі. Працэс уступленьня ў ЭЗ уключае ў сябе шэраг крокаў і ўмоваў, выкананьне якіх можа заняць больш за 10 гадоў, нагадвае агенцтва.

Супраць наданьня Ўкраіне статусу кандыдата на ўступленьне ў ЭЗ выступілі, у прыватнасьці, Нідэрлянды, паведамілі крыніцы агенцтва. Але большасьць краінаў падтрымліваюць пазыцыю Эўракамісіі: Польшча, Літва і Ірляндыя на сустрэчы амбасадараў ЭЗ папрасілі лідэраў Зьвязу хутчэй надаць Украіне статус кандыдата, расказалі суразмоўцы агенцтва. Нямеччына лічыць, што вынікам спрэчак можа стаць толькі ўмоўны статус кандыдата.

У дыпляматычнай ноце Данія заявіла, што Ўкраіна не адпавядае крытэрам, зьвязаным са стабільнасьцю інстытутаў, якія гарантуюць дэмакратыю, вяршэнства закону, правы чалавека, павагу і абарону меншасьцяў.

У канцы лютага, пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіне, яе прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі заклікаў Эўразьвяз прыняць Украіну ў свае шэрагі.

«Наша мэта — быць разам з усімі эўрапейцамі, і галоўнае — быць на роўных», — заявіў ён. Вясной Зяленскі перадаў у прадстаўніцтва ЭЗ ва Ўкраіне анкету для атрыманьня Ўкраінай статусу кандыдата ў ЭЗ.

Эўрапарлямэнт 8 чэрвеня заклікаў надаць Кіеву статус кандыдата на ўступленьне ў ЭЗ, зазначаючы, што гэта будзе палітычным знакам салідарнасьці з украінскім народам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG