Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Пазьняк не прыедзе 15–16 лютага ў Вільню? Разьбіраемся


Зянон Пазьняк, каляж
Зянон Пазьняк, каляж

Прыхільнікі палітыка кажуць, што рыхтавалася ягоная сустрэча ў Сэйме Літвы, але праз лабіяваньне офісу Сьвятланы Ціханоўскай яе скасавалі. Прэс-служба Ціханоўскай абвяргае датычнасьць да гэтай сытуацыі.

Паплечнік Зянона Пазьняка па руху «Вольная Беларусь» Павал Вусаў у камэнтары Свабодзе сказаў, што калі яны былі ў Бахмуце, да яго зьвярнуўся адзін літоўскі актывіст, які прапанаваў арганізаваць невялікую сустрэчу зь Зянонам Пазьняком і прадстаўнікамі палку Каліноўскага ў Сэйме Літвы.

«Арганізатарам павінен быў выступіць дэпутат Эмануэліс Зінгерыс. Нават была забраніравана Канстытуцыйная заля парлямэнту. Разам з намі павінен быў быць Дзьмітры Шчыгельскі і Вадзім Кабанчук з палку Каліноўскага. Арганізатар яшчэ спытаў, ці ня будзем мы супраць, калі будзе запрошаны нехта з офісу Сьвятланы Ціханоўскай. Мы, натуральна, нічога ня мелі супраць», — кажа Вусаў.

Па яго словах, паралельна абмяркоўвалася імавернасьць сустрэчы зь беларусамі ў Вільні, але без аніякай канкрэтыкі.

«Мы ні на што не згаджаліся, бо чакалі афіцыйнага запрашэньня ад літоўскага боку. А потым 10 лютага раптоўна пачаліся целарухі, калі адмянілі рэзэрвацыю Канстытуцыйнай залі. І ўвогуле пачалі казаць, што нядобра, калі Пазьняк будзе праводзіць тут канфэрэнцыі. Калі я пачаў цікавіцца, то пачуў адказ, што нехта з Офісу Ціханоўскай стаў тэлефанаваць ледзь не міністру замежных спраў, што такога быць ня можа, што прымаць Пазьняка ў Сэйме нельга. Фактычна візыт сарваўся».

Афіцыйнага запрашэньне з боку Сэйму так і не прыйшло, прызнае Вусаў. Свабода накіравала запыт пра сытуацыю ў Сэйм Літвы, але пакуль не атрымала адказу.

Высьветлілася, што арганізатарам спатканьня зь літоўскага боку быў грамадзкі актывіст Валдас Барткявічус, які ад 2020 году моцна заангажаваўся ў беларускія справы.

«Я даўно хацеў, каб Пазьняк з Вусавым прыехалі ў Вільню. Мы сьпісаліся, калі яны якраз былі ў Бахмуце. Тым больш, яны падпісвалі бчб-сьцяг з байцамі Каліноўскага для дэпутата Сэйму Эмануэліса Зінгерыса. Ён знае асабіста Пазьняка. Я сказаў, што ёсьць такая ідэя. Давайце канфэрэнцыю разам зробім, прапанаваў. Ён вельмі абрадаваўся такой магчымасьці. Сказаў, што за гонар будзе сустрэцца», — расказвае Барткявічус.

Па яго словах, арганізатары пачалі працаваць над сьпісам удзельнікаў. Сярод іншага, была ідэя запрасіць Аляксандра Дабравольскага з офісу Ціханоўскай і Анатоля Лябедзьку.

«10 лютага пачалі паступаць званкі, што канцылярыя Сэйму не дае дазволу на афіцыйную сустрэчу. Ну не паведамяць у навінах Сэйму, ну і няхай, думалі. Але пачаліся такія турбулентнасьці, што заля адмяняецца ўвогуле. А дзень жа пусты, перад дзяржаўным сьвятам, нікім не заняты. Сказалі, што зьверху націснулі, каб не было сустрэч. Зінгерыс сказаў, што рады прыняць Пазьняка ў сваім кабінэце, там шмат месца. Тым ня менш гэта ня тое, што чакалася».

Суразмоўца Свабоды падкрэсьліў: са словаў Эмануэліса Зінгерыса яму стала вядома, што мерапрыемства заблякаваў менавіта офіс Сьвятланы Ціханоўскай.

Прэс-сакратарка Ціханоўскай Ганна Красуліна так адрэагавала на гэтыя словы:

«Офіс Сьвятланы Ціханоўскай ня мае дачыненьня да арганізацыі сустрэч Зянона Пазьняка і да сытуацыі, якая склалася. Сэйм сам прымае рашэньне, якія сустрэчы праводзіць, як і Зянон Пазьняк мае права праводзіць сустрэчы, якія лічыць патрэбнымі».

Свабода таксама паразмаўляла асабіста з дэпутатам Эмануэлісам Зінгерысам, размова адбывалася ў ягоным кабінэце ў Сэйме. У калідорах парлямэнту пуста, цяпер міжсэсійныя канікулы. Сам спадар Зінгерыс кажа, што сабраць людзей у такі час проста немагчыма.

«Я прапанаваў Зянону Пазьняку паціснуць руку ў сваім кабінэце як даўняму барацьбіту за свабоду Беларусі. У кабінэце падпісанта акту аб незалежнасьці Літвы. Наша знаёмства адбылося яшчэ ў 1988 годзе. Пасьля гэтага доўгія дзесяцігодзьдзі мы ня бачыліся», — кажа Зінгерыс.

Ён дадае, што хацеў сустрэцца з Пазьняком пасьля таго, як той наведаў Бахмут.

«Цікава даведацца пра сытуацыю на перадавой бітвы за свабоду і эўрапейскасьць. Полк Каліноўскага, несумненна, разам зь іншымі ратуе гонар беларускага народу, робіць гэта з рызыкай для сваіх жыцьцяў. Мне як дакладчыку Рады Эўропы па палітычных наступствах агрэсіі Расеі ва Ўкраіну важна пачуць пра баяздольнасьць і самаахвярнасьць беларусаў зь першых вуснаў».

Пры гэтым Зінгерыс дадае, што ён ня ставіць пад сумнеў адносіны да Сьвятланы Ціханоўскай як да прэзыдэнт-электа. На пытаньне, ці былі з боку Офіса Ціханоўскай спробы перашкодзіць візыту Зянона Пазьняка ў Сэйм, спадар Зінгерыс не адказаў.

Увечары 13 лютага ў тэлеграм-канале «Вольная Беларусь» зьявілася паведамленьне, падпісанае як зварот самога Зянона Пазьняка.

«У інтэрнэце зьявіліся дзіўныя аб’явы, што быццам бы Зянон Пазьняк прыяжджае ў Вільню і будзе зь лекцыяй выступаць перад віленчукамі, — гаворыцца ў ім. — А ўчора сябра зь Вільні мне нават абʼяву прыслаў аб гэтым быццам бы маім выступе ў старым замку. Увесь фокус падставы ў тым, што я нічога пра тое ня ведаю. Ніхто мяне не запрашаў, не тэлефанаваў, не пісаў, не паведамляў. Я нічога ня ведаю і, натуральна, нікуды ехаць не зьбіраюся, разумеючы гэты розыгрыш».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG