Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мішэнь для ядзернага ўдару, «чырвоны тэлефон» Шушкевіча і закрытае пасяджэньне парлямэнту. 15 фактаў пра вывад ядзернай зброі зь Беларусі


Падрыхтоўка да адпраўленьня зь Беларусі ў Расею ракетнага комплексу стратэгічнага прызначэньня «Топаль» зь міжкантынэнтальнай балістычнай ракетай. Лідзкі раён, 26 лістапада 1996 году
Падрыхтоўка да адпраўленьня зь Беларусі ў Расею ракетнага комплексу стратэгічнага прызначэньня «Топаль» зь міжкантынэнтальнай балістычнай ракетай. Лідзкі раён, 26 лістапада 1996 году

4 лютага 1993 году Вярхоўны Савет Беларусі прыняў шэраг рашэньняў, якія юрыдычна замацавалі статус краіны як бязьядзернай дзяржавы. Нагадваем, як гэта адбывалася.

Восьмая ў сьвеце

У апошнія гады існаваньня СССР на тэрыторыі тагачаснай БССР базаваліся як стратэгічныя, так і тактычныя ядзерныя ўзбраеньні. Стратэгічныя (далёкасьць палёту ракеты — больш як 10 тысяч км) налічвалі 81 боегалоўку. Тактычная ядзерная зброя фармавалася з больш як 1200 боегаловак. Кожная танкавая дывізія мела ракетны дывізіён, які мог нанесьці тактычны ядзерны ўдар зь некалькіх (звычайна чатырох) пускавых установак, далёкасьць палёту ракеты — да 120-130 км. Таксама ядзерную зброю мелі супрацьпаветраныя часткі і авіяцыя, якія базаваліся на тэрыторыі рэспублікі. На момант абвяшчэньня незалежнасьці ў 1991 годзе ядзерны арсэнал Беларусі займаў паводле колькасьці 8-е месца ў сьвеце.

Ідэя бязьядзернасьці дыктавалася Чарнобылем

Ужо ў першых дакумэнтах Беларускага народнага фронту (БНФ) 1988-89 гадоў гаварылася пра неабходнасьць абвяшчэньня Беларусі бязьядзернай тэрыторыяй, што ў значнай ступені зьвязвалася з экалягічнымі і псыхалягічнымі наступствамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Аднак вырашыць гэтую праблему ў межах СССР было немагчыма, бо Ўзброеныя сілы падпарадкоўваліся Маскве.

У траўні 1990-га БНФ распрацаваў і ў чэрвені вынес на сэсію Вярхоўнага Савета праект Дэклярацыі аб незалежнасьці, які прадугледжваў фактычны выхад з СССР і, сярод іншага, бязьядзерны статус Беларусі. Праект быў адхілены камуністычнай большасьцю, аднак некаторыя палажэньні дэпутатаў БНФ былі прынятыя ў дакумэнце, вядомым як Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР.

Артыкул Дэклярацыі 10 прадугледжваў, што «БССР ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а рэспубліку — нэўтральнай дзяржавай».

25 жніўня 1991 году Дэклярацыі быў нададзены статус канстытуцыйнага закону.

Расея заявіла, што пакідае кантроль сабе

У першыя ж дні незалежнасьці Беларусі кіраўніцтва Расеі дало зразумець, што мае намер пакінуць фармаваньні Стратэгічных сілаў пад сваім кантролем. Ядзерныя боегалоўкі знаходзіліся таксама на тэрыторыі Ўкраіны і Казахстану. Цягам 1991-1993 гг. на тэрыторыі Беларусі знаходзілася больш як 30 тысяч вайскоўцаў расейскіх Стратэгічных сілаў, сацыяльнае забесьпячэньне якіх у асноўным ускладалася на беларускі бюджэт.

Намер пазбыцца ядзернай зброі выказаў старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч яшчэ 9 студзеня 1991 году, падчас падпісаньня Белавескіх пагадненьняў у Віскулях, а пасьля пацьвердзіў яго 21 сьнежня 1991-га на саміце кіраўнікоў рэспублік былога СССР у Алма-Аце.

Парадокс ядзернага раззбраеньня

Можа здацца парадаксальным, але тактычную ядзерную зброю вывелі раней, чым стратэгічную — тактычныя боегалоўкі пакінулі тэрыторыю Беларусі вясной 1992-га, а стратэгічныя — праз чатыры з паловай гады, увосень 1996-га.

«Чырвоны тэлефон» у кабінэце Шушкевіча

Паводле дамоўленасьці, рашэньне аб прымяненьні стратэгічнай ядзернай зброі прэзыдэнт Расеі мог прыняць, паставіўшы ў вядомасьць кіраўнікоў Беларусі, Украіны і Казахстану. У кабінэце Шушкевіча на пятым паверсе будынка на Карла Маркса стаяў тэлефон пад плястыкавым футаралам — гэта быў апарат непасрэднай сувязі зь Ельцыным у выпадку пагрозы ядзернага канфлікту. Паводле Шушкевіча, ён тэлефанаваў па ім толькі некалькі разоў, калі правяралі якасьць сувязі, для гутарак жа зь Ельцыным выкарыстоўвалася іншая лінія.

Станіслаў Шушкевіч і Барыс Ельцын
Станіслаў Шушкевіч і Барыс Ельцын

Палітычная бутафорыя

Аднак было зразумела, і Шушкевіч гэтага не хаваў, што прэзыдэнт Расеі мае тэхнічную магчымасьць прымяніць ядзерную зброю і без усякіх кансультацыяў з кіраўніком Беларусі.

Ні Вярхоўны Савет, ні ўрад, ні Міністэрства абароны Беларусі ня мелі магчымасьці як аддаць загад на прымяненьне ядзерных боегаловак, так і перадухіліць прымяненьне, калі б такі загад прагучаў з Масквы.

Такім чынам, абяцаньне ўзгадненьня прэзыдэнтам РФ намеру прымяніць ядзерную зброю зь лідэрамі Беларусі, Казахстану і Ўкраіны выглядала палітычнай бутафорыяй.

Беларусь як мішэнь

Існавала двухсэнсоўная сытуацыя: Беларусь ня мела магчымасьці паўплываць на загад Крамля нанесьці ядзерны ўдар стратэгічнымі ракетамі зь яе тэрыторыі, аднак непазьбежны ядзерны ўдар у адказ па сваёй тэрыторыі атрымала б.

Акрамя таго, знаходжаньне расейскіх ядзерных боегаловак рабіла Беларусь патэнцыйнай мішэньню для прэвэнтыўнага ядзернага ўдару.

90-я forever: Ядзерная бомба для Лукашэнкі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:13:35 0:00

Што такое Лісабонскі пратакол

23 траўня 1992 у Лісабоне Беларусь, Казахстан, Расея, ЗША і Ўкраіна падпісалі дадатковае пагадненьне да дамовы аб скарачэньні стратэгічных наступальных узбраеньняў (СНУ-1). Паводле гэтага пратаколу, Беларусь, Казахстан, Расея і Ўкраіна прызнаваліся правапераемнікамі СССР адносна Дамовы СНУ-1. Адначасна Беларусь, Казахстан і Ўкраіна бралі на сябе абавязкі пазбыцца ядзернай зброі і ў якасьці бязьядзерных дзяржаў далучыцца да Дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі, які быў падпісаны 1 ліпеня 1968 у Нью-Ёрку. У міжнародным прававым сэнсе рашэньнем пра бязьядзерны статус Беларусі павінна была быць ратыфікацыя Вярхоўным Саветам ня толькі Лісабонскага пратаколу, а пакета дакумэнтаў.

Для гэтага на разгляд Вярхоўнага Савету 4 лютага 1993 году вынесьлі наступныя дакумэнты:

  • законапраект «Аб ратыфікацыі Дамовы паміж Саюзам Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік і Злучанымі Штатамі Амэрыкі аб скарачэньні і абмежаваньні стратэгічных наступальных узбраеньняў ад 31 ліпеня 1991 г. і Пратаколу (Лісабонскага пратаколу. — Рэд.) аб далучэньні Рэспублікі Беларусь да Дамовы аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі ад 1 ліпеня 1968 г.»;
  • законапраект «Аб ратыфікацыі Дамовы паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Фэдэрацыяй аб каардынацыі дзейнасьці ў ваеннай галіне ад 20 ліпеня 1992 года»;
  • законапраект «Аб ратыфікацыі Пагадненьня паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Фэдэрацыяй аб стратэгічных сілах, часова разьмешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

Закрытае паседжаньне Вярхоўнага Савету

Пытаньне аб ратыфікацыі Лісабонскага пратаколу 4 лютага 1993 дэптаты разглядалі на закрытым паседжаньні сэсіі Вярхоўнага Савету. Такіх сэсій за шэсьць гадоў існаваньня ВС 12-га скліканьня было некалькі, сярод іх — разгляд пытаньня пра Камітэт дзяржаўнай бясьпекі ў тым жа 1993 годзе і абмеркаваньне выдачы Літве былых камуністычных лідэраў у студзені 1994-га (менавіта на ёй Лукашэнка падняў пытаньне пра адстаўку Шушкевіча).

У Авальнай залі прысутнічалі толькі дэпутаты, кіраўнікі ўраду, некаторыя міністры і супрацоўнікі апарату Вярхоўнага Савету, якія адказвалі за сыстэму галасаваньня. Была адключаная трансьляцыя, якая звычайна ішла ў кабінэты Дому ўраду.

Тэлезапіс і фотаздымка паседжаньня не вяліся, але ішоў аўдыёзапіс (для стэнаграмы).

Акрамя старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча, на сэсіі выступілі міністар абароны Павал Казлоўскі і міністар замежных спраў Пётра Краўчанка.

Краўчанка заявіў, што калі Ўкраіна абклала вывад ядзернай зброі пэўнымі ўмовамі, дык Беларусь робіць гэта без усякіх умоваў.

У цэлым сярод дэпутатаў існавала згода адносна ратыфікацыі пагадненьняў.

Усе прапанаваныя законапраекты на закрытай сэсіі і былі прынятыя.

Шушкевіч актывізаваў працэс

Старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч быў прыхільнікам як мага хутчэйшага вывядзеньня ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі, пра што заяўляў і на сэсіях парлямэнту, і ў інтэрвію. Гэтую ж пазыцыю ён выказаў прэзыдэнту ЗША Білу Клінтану падчас візыту ў Вашынгтон летам 1992 году. У пачатку XXI стагодзьдзя за гэта Шушкевіча вылучылі на Нобэлеўскую прэмію міру.

Пазьняк раіў не сьпяшацца

Старшыня Апазыцыі БНФ Зянон Пазьняк ня ставіў пад сумнеў неабходнасьць у будучым бязьядзернага статусу Беларусі, тым больш што гэтую ідэю ўпершыню выказаў менавіта БНФ яшчэ ў канцы 80-х гадоў. Аднак ён лічыў за лепшае не прымаць пасьпешлівага рашэньня і матываваў гэта пагрозай імпэрскага рэваншу з боку Расеі.

Дэпутаты Сямдзянава, Аляксандар Лукашэнка, Яўген Новікаў, Зянон Пазьняк у Вярхоўным Савеце, 1991
Дэпутаты Сямдзянава, Аляксандар Лукашэнка, Яўген Новікаў, Зянон Пазьняк у Вярхоўным Савеце, 1991

Лукашэнка прагаласаваў «за»

4 лютага 1993-га дэпутат ад Магілёўскай-Шклоўскай выбарчай акругі № 310, дырэктар саўгасу «Гарадзец» Аляксандар Лукашэнка галасаваў за вывад ядзернай зброі, што зьняпраўджвае ягоныя пазьнейшыя заявы пра нібыта «рашэньне, прынятае Шушкевічам і БНФ».

Фінансавая кампэнсацыя

У 1990-я гады Беларусь атрымала дапамогу ад ЗША для ліквідацыі інфраструктуры ўтрыманьня ядзернай зброі і вырашэньня экалягічных праблемаў (рэкультывацыя земляў і г.д.) дапамогу па праграме Нана-Лугара, якая выявілася ў арганізацыі адпаведных работ. Таксама вайсковыя ведамствы Беларусі і ЗША прынялі праграму на 120 мільёнаў даляраў.

Будапэшцкі мэмарандум

5 сьнежня 1994 году ў Будапэшце прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандар Лукашэнка падпісаў так званы Будапэшцкі мэмарандум.

Поўны яго назоў — «Мэмарандум аб гарантыях бясьпекі ў сувязі з далучэньнем Украіны да Дамовы аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі». Ініцыяваны ён быў Украінай, таму ў назове пазначаная толькі гэта дзяржава.

5 сьнежня 1994. Падпісаньне Будапэскага мэмарандуму, паводле якога ЗША, Расея і Вялікая Брытанія прадставілі Беларусі гарантыі бясьпекі. Зьлева направа: Барыс Ельцын, Біл Клінтан, Аляксандар Лукашэнка, Джон Мэйджар
5 сьнежня 1994. Падпісаньне Будапэскага мэмарандуму, паводле якога ЗША, Расея і Вялікая Брытанія прадставілі Беларусі гарантыі бясьпекі. Зьлева направа: Барыс Ельцын, Біл Клінтан, Аляксандар Лукашэнка, Джон Мэйджар

Паводле яго, ЗША, Вялікая Брытанія і Расея абавязваліся паважаць незалежнасьць, сувэрэнітэт і існыя межы Ўкраіны, устрымлівацца ад пагрозаў або прымяненьня сілы і эканамічнага ціску, дамагацца неадкладных дзеяньняў Рады Бясьпекі ААН з мэтай аказаньня дапамогі Ўкраіне, калі яна стане ахвярай акту агрэсіі ці аб’ектам пагрозы агрэсіі з ужываньнем ядзернай зброі.

Такія ж абавязаньні распаўсюджваліся на Беларусь і Казахстан.

У 2014 годзе Ўкраіна заявіла, што Расейская Фэдэрацыя парушыла Будапэшцкі мэмарандум, анэксаваўшы Крым і ўчыніўшы агрэсію ў Данбасе.

Апошнюю боегалоўку вывелі за дзень да рэфэрэндуму

27 лістапада 1996 году прайшоў сымбалічны вывад сыстэмы «Топаль» зь Беларусі ў Расею. Аднак рэальна апошняя боегалоўка пакінула тэрыторыю Беларусі раней, а менавіта 23 лістапада — за дзень да праведзенага Лукашэнкам рэфэрэндуму аб зьмене Канстытуцыі, які дэмакратычны Захад, у адрозьненьне ад Расеі, не прызнаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG