Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці мог бы Лукашэнка шантажаваць Захад ядзернымі кампанэнтамі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

25 гадоў таму з тэрыторыі Беларусі была выведзеная апошняя ядзерная ракета.

Ці варта было Беларусі пагаджацца на вывад ядзернай зброі? Якой была пазыцыя ЗША і РФ падчас абмеркаваньня гэтага пытаньня? Што атрымала і што магла атрымаць Беларусь у абмен на вывад ядзернай зброі?

Гэтыя пытаньні на канале Свабода Premium абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык.


Дракахруст:

  • Лукашэнка казаў, што рашэньне аб вывадзе ядзернай зброі ў пачатку 90-х прынялі нацыяналісты на чале з Шушкевічам, і што калі б у нас ядзерная зброя засталася, з намі размаўлялі інакш.
  • У Дэклярацыі аб сувэрэнітэце было запісана і наконт без’ядзернасьці, і наконт нэўтральнасьці — «Беларусь імкнецца». А імкнуцца да чаго б не было можна доўгім шляхам. І ў гэтым сэнсе што АДКБ фармальна не супярэчыла (маўляў, так, мы імкнемся да нэўтральнасьці, але пакуль...), так, магчыма і ядзерную зброю можна было ў сябе захаваць, магчыма.
  • У пачатку 90-х я бачыў гэтую «кухню», і сапраўды бачыў, наколькі амэрыканцы былі зацікаўленыя ў вывадзе ядзернай зброі, наколькі для іх гэта была галоўная праблема. Але вось дзіўна, што ў той жа час расейцы, прынамсі расейскія дыпляматы, аналітыкі, абсалютна не пераймаліся. Хаця здаецца, таксама былі зацікаўленыя — зброя ж павінна была выводзіцца ў Расею (ці не выводзіцца).
  • Магчыма, індыфэрэнтнасьць Расеі тлумачылася тым, што кіраўніцтва Беларусі (Кебіч і Шушкевіч) былі за дастаткова блізкія адносіны з Расеяй, і расейцы, магчыма, думалі, што вось будзе ў нас ядзерная зброя ў Беларусі, а там ужо падлётны час зь Берасьця меншы, чым, умоўна кажучы, са Смаленску. І магчыма, яны разьлічвалі, што нам добра і так, і гэтак: выведуць беларусы пад ціскам амэрыканцаў — добра, ня выведуць — гэта ж фактычна будзе наша ракета, проста бліжэй да Лёндану, Парыжу, бэрліну ляцець.
  • Кампэнсацыя была ад Расеі, незадоўга да вываду ракет — і гэта быў абмен велізарных беларускіх пазыкаў за газ, своеасаблівы клірынг у мільярд даляраў, за ядзерныя кампанэнты Беларусі, за самі ракеты, выведзеныя ў РФ.

Навумчык:

  • Безумоўна, Беларусь павінна была пазбавіцца ад ядзернай зброі. І менавіта дэпутаты БНФ прапанавалі ў Дэклярацыю аб сувэрэнітэце тэзіс, што Беларусь імкнецца быць нэўтральнай дзяржавай, а сваю тэрыторыю — зрабіць без’ядзернай зонай.
  • Фармулёўка «краіна імкнецца» (да нэўтральнасьці, бяз’ядзернасьці) — не эфэмэрная, а канкрэтная, яна юрыдычна вызначае накірунак, і ўступленьне ў АДКБ было парушэньнем гэтага тэзісу ў Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, як было б парушэньнем, калі б зброю пакінулі.
  • У 1993 годзе, нягледзячы на супраціў Апазыцыі БНФ, большасьць дэпутатаў Вярхоўнага Савета прагаласавала за далучэньне да АБКБ (сыстэмы калектыўнай абароны СНД), дзе вядучую ролю адыгрываў Генштаб РФ. Беларусь была ўцягнутая ў арбіту вайсковых інтарэсаў Масквы. І гэта супярэчыла Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, а з 1994 — супярэчыць і Канстытуцыі, дзе таксама зафіксаваны нэўтралітэт.
  • ЗША і Захад у пачатку 90-х у Беларусі лёс дэмакратыі цікавіў, умоўна кажучы, на 1%, а 99% — гэта быў вывад ядзернай зброі. Усе размовы з амэрыканскімі палітыкамі былі завязаныя на гэта: ці выведзе Беларусь ядзерную зброю, і калі?
  • Я перакананы, што прынятае ў 93-м рашэньне Вярхоўнага Савета аб вывадзе ядзернай зброі павінна было быць абстаўленае пэўнымі ўмовамі да ЗША і Захаду. Гэта, па-першае, рэальныя гарантыі захаваньня сувэрэнітэту, а па-другое — фінансы.
  • Мы павінна былі запатрабаваць ад ЗША ўзамен за вывад ядзернай зброі бязвыплатную фінансавую дапамогу — скажам, у памеры тагачаснага гадавога бюджэту, гэта, калі не памыляюся, прыблізна 2 мільярды даляраў.
  • Гэта непараўнальна меней, чым давалі ЗША ельцынскай Расеі.
  • Два мільярды ў 1992-93 паспрыялі б пачатку рынкавых рэформаў. Але галоўнае — яны дапамаглі б істотна палепшыць узровень жыцьця і зьменшыць сацыяльную напружанасьць, і ўзьнікла б прынцыпова іншая сытуацыя, у якой шанцы прыходу да ўлады Лукашэнкі былі б значна, значна меншыя. Альбо іх не было б увогуле.
  • Страшна ўявіць, што Лукашэнка меў бы ядзерную зброю. Але калі б у свой час мы выводзілі зброю ня проста за «дзякуй», а за кампэнсацыю, ніякага Лукашэнкі ва ўладзе магло б і ня быць.
  • Мы ж фактычна аддалі ядзерную зброю ні за што — ах, паглядзіце, якія мы высакародныя! Украіна нечага патрабуе, а мы — не, мы, беларусы, ідзем з адкрытай душой!
  • Адзіным дэпутатам, які казаў пра тое, што вывад ядзернай зброі павінен быць абстаўлены пэўнымі ўмовамі, быў Зянон Пазьняк.
  • Шушкевіч часта кажа, што нам ЗША далі 70 мільёнаў на рэкультывацыю земляў, дзе разьмяшчаліся ракеты. Але гэта сьмешная сума.
  • Спісаньне Расеяй мільярд даляраў запазыкі за газ у абмен на ядзернае паліва, якое зрабіла Масква ў 1996 годзе — гэта зусім іншае. Я кажу пра фінансавую дапамогу менавіта з боку ЗША ў 1992-93 гадах, тады гэта магло б зьмяніць эканамічную сытуацыю.
  • Што такое «гарантыі», якія давалі ЗША і Вялікабрытанія Ўкраіне (а таксама Беларусі і Казахстану за вывад ядзернай зброі, мы ўбачылі ў 2014 годзе, пасьля Крыму і Данбасу.
  • Але падпісваў Будапэшцкі мэмарандум увосень 1994 не Шушкевіч, а Лукашэнка.
  • Ёсьць і такі аспэкт: ядзерныя кампанэнты па ўзгадненьню з ЗША з Беларусі, Украіны і Казахстану вывозіліся — куды б вы думалі? У ЗША? Не, у Расею. Такім чынам, Крэмль узмацніў свой ядзерны патэнцыял. Дзесяцігодзьдзямі ў СССР чэкісты не маглі валодаць ядзернай кнопкай, над імі быў генсек. Сёньня — чэкісты над усімі, і ядзерная зброя ў іх руках.
  • Цяжка сказаць, што рабіў бы Лукашэнка, калі б ракеты засталіся. Нават калі ўявіць, што гэта проста балванкі зь ядзернымі кампанэнтамі — гэта моцны фактар шантажу. Скажам, ён мог бы пагражаць прадаць гэтыя кампанэнты Ірану. «Міграцыйны крызіс» паказаў, што Лукашэнка не спыніўся б і перад падобным.
  • Калі Беларусь будзе вольнай, дэмакратычнай, прававой дзяржавай — яна, перакананы, здолее абысьціся бяз ядзернай зброі. Грамадзяне краіны адчуваюць сябе шчасьлівымі, калі яны матэрыяльна забясьпечаныя, калі іх правы выконваюцца, калі яны свабодныя — а не тады, калі ў іх ёсьць ядзерная дубіна.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG