Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь як пляцдарм ракетнай дуэлі паміж ЗША і Расеяй


Наколькі імавернае разьмяшчэньне расейскіх ракетаў у Беларусі?

Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Расея можа разьмясьціць свае ракеты ў Беларусі. Такі даволі гучны загаловак даў свайму артыкулу на старонках інтэрнэт-выданьня naviny. by вядомы беларускі ваенны аналітык Аляксандар Алесін. Ён тлумачыць, што такі варыянт не выключаецца, калі дзеяньне дамовы аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасьці будзе спыненае. І далей піша, што ў апошнім месяцы ЗША і Расея зноў сталі абменьвацца абвінавачваньнямі ў невыкананьні палажэньняў гэтай дамовы.

Трэцім, які зусім не радуецца, а ад гэтага пацерпіць, можа стаць Беларусь.

Амэрыканскія прэтэнзіі палягаюць ў тым, што Расея разгарнула новую крылатую ракету наземнага базаваньня, далёкасьць якой перавышае дазволеную — не больш за 500 кілямэтраў. Ёсьць адпаведныя прэтэнзіі і ў Масквы да Вашынгтона, гэта разьмяшчэньне супрацьпаветраных станцый у Польшчы і Румыніі. І пакуль ідуць размовы пра тое, ці пагодзяцца ў Вашынгтоне зь дзеяньнямі Масквы, ці пагодзяцца ў Маскве з трактоўкай дзеяньняў Вашынгтону, якраз тым трэцім, які зусім не радуецца, а ад гэтага пацерпіць, можа стаць Беларусь.

Яна можа апынуцца ў такой сытуацыі, калі і разьвіцьцё сытуацыі ў Сырыі, і агульныя тэндэнцыі расейска-амэрыканскіх адносінаў прывядуць да агульнага пагаршэньня, і больш канкрэтна, да невыкананьня бакамі той дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці. Калі прачытаць гэты артыкул і іншыя матэрыялы, прысьвечаныя менавіта гэтай тэме, то відавочна, што і Масква і Вашынгтон не задаволеныя ня толькі дзеяньнямі партнэра, але і самой гэтай дамовай. Яны лічаць, што дамова абмяжоўвае іх ваенныя магчымасьці, і многія адмыслоўцы з двух бакоў, але часьцей з расейскага, лічаць, што гэтая дамова састарэла.

Калі гэта разуменьне прыйдзе да абодвух бакоў і справа дойдзе да фармальнага скасаваньня ці невыкананьня дэ-факта гэтай дамовы, то расейскаму генэралітэту прыйдзе ў галаву думка ў якасьці кампэнсацыі разьмясьціць гэтыя ракеты ў Беларусі.

Апошнія гады Беларусь, як лічаць праўладныя аналітыкі ці тыя, якія называюць сябе незалежнымі, такія як Юры Царык і Арсені Сівіцкі, стала донарам стабільнасьці ў рэгіёне. Гэта можна аспрэчыць, але з ваенна-палітычнага гледзішча, калі ня браць унутрыпалітычную сытуацыю, то магчыма гэта так і ёсьць. Беларусь выступіла пасярэднікам у расейска-ўкраінскім канфлікце, яна актыўна апошнія 2-3 гады імкнецца да нармалізацыі адносінаў з Захадам. Пагаршэньне расейска-амэрыканскіх дачыненьняў можа паставіць ўсё гэта пад пытаньне.

Натуральна, што афіцыйнаму Менску менш за ўсё патрэбнае разьмяшчэньне гэтых расейскіх ракетаў. Пакуль яму ўдалося адбіцца ад разьмяшчэньня расейскай авіябазы, але ў выпадку, які мы апісваем, ціск расейскай палітыкі на партнэраў будзе нашмат большы. Тады Расея будзе больш радыкальна ставіць пытаньне, з кім вы? І афіцыйнаму Менску будзе цяжэй, чым раней, адбіцца ад таго ціску Крамля.

Карбалевіч: Першае пытаньне, якое адразу узьнікае ад такой інфармацыі: а навошта гэта патрэбна Беларусі? Але аўтары такіх гіпотэзаў яго не задаюць, бо лічыцца само сабою зразумелым, што Беларусь — марыянэтка Расеі і ніхто яе пытацца ня будзе. Але гісторыя з няўдалай спробай Расеі разьмясьціць у Беларусі расейскую вайсковую базу разбурае гэты канцэпт.

У 90-я гады Лукашэнка шкадаваў пра вывад расейскай ядзернай зброі, ракетаў з тэрыторыі Беларусі. Але то быў пэрыяд жорсткай канфрантацыі Менску з Захадам і спробы Лукашэнка ўмацавацца на расейскім палітычным полі з дапамогай жорсткай антызаходняй пазыцыі.

Лукашэнка мог бы пагадзіцца на такія ракеты толькі пры адной умове: калі ён будзе мець права прымаць рашэньне аб выкарыстаньні гэтых ракет.

Лукашэнка мог бы пагадзіцца на такія ракеты толькі пры адной умове: калі ён будзе мець права прымаць рашэньне аб выкарыстаньні гэтых ракет. Умоўна кажучы, двайная кнопка. Але Расея на гэта не пойдзе, бо губляецца ўсялякі сэнс разьмяшчэньня ракет на тэрыторыі Беларусі.

Стратэгію Беларусі ў ваенным пытаньні сфармуляваў Лукашэнка, выступаючы на мінулым тыдні ў акадэміі навук, дзе апавядаў пра вынікі сустрэчы з Пуціным у Санкт-Пецярбургу. Яна зводзіцца вось да чаго: дайце нам свае самалёты ці ракетныя комплексы альбо прадайце танна, і з дапамогай іх мы будзем абараняць, у тым ліку, і Расею. І, паводле Лукашэнкі, Пуцін пагадзіўся на гэта.

Дракахруст: На мой погляд, пакуль тэма скасаваньня дамовы аб расетах сярэдняй і малой дальнасьці — гэта ўсё ж пытаньне дыскусіяў, а не канчатковых рашэньняў. Праўда, наколькі я ведаю, ў кангрэс ЗША ужо ўнесены адпаведны законапраект, падрыхтаваны, праўда, не адміністрацыяй, а ініцыятыўнымі кангрэсмэнамі, але ўнесены.

Зь іншага боку, і ў Расеі пэўныя колы ваенных, аналітыкаў таксама кажуць, што гэта абмежавальная дамова і што яе варта скасаваць. Але пра гэта ня кажа, прынамсі, пакуль ані Крэмль, ані Белы дом. Усё ж такі і там, і там успрымаюць гэта як скрыню Пандоры. Так што казаць, што вось заўтра гэта адбудзецца, пакуль рана.

Аляксандру Лукашэнку будзе надзвычай складана адбіцца ад адпаведнай прапановы Масквы.

Зь іншага боку, калі гэтую скрыню адчыняць, калі сапраўды ўсе атрымаюць дазвол на гэтыя ракеты малой і сярэдняй дальнасьці, то я хутчэй згодны з вамі, Віталь, што Аляксандру Лукашэнку будзе надзвычай складана адбіцца ад адпаведнай прапановы Масквы. Бо з ваенна-стратэгічных меркаваньняў разьмяшчэньне ракет малой і сярэдняй дальнасьці, умоўна кажучы, у Польшчы — гэта ў самым практычным, у самым яўным пляне павялічыць уразьлівасьць тэрыторыі Расеі, ў прыватнасьці, Масквы.

І скарачэньне падлётнага часу аналягічных расейскіх ракетаў, прасоўваньне іх на 300-400 калямэтраў на тэрыторыю Беларусі будзе мець ключавое значэньне. Тут лёгіка іншая ў адрозьненьні ад стратэгічных, балістычных ракет. Балістычная ракета ляціць праз акіян, на час, калі яна даляціць да мэты, адлегласьць ня мае вырашальнага значэньня. А вось для ракеты сярэдняй дальнасьці адлегласьць мае вырашальнае значэньне.

І я мяркую, што расейскія генэралы націснуць на Пуціна, а ён — на Лукашэнку так, што адбіцца будзе амаль немагчыма. І гэта абсалютна непараўнальна ні зь якімі авіябазамі ў Беларусі. Пытаньне ядзернай бясьпекі для абароны Расеі ключавое.

Калі мы размаўлялі пра патэнцыйны канфлікт паміж Расеяй і ЗША, усе ж разумеюць, што галоўная яго небясьпека ня ў тым, што амэрыканцы саб’юць расейскі самалёт, ці расейцы — амэрыканскі. Галоўная небясьпека ў тым, што гэта ператворыцца ў ядзерную вайну. А ракеты сярэдняй дальнасьці — гэта зброя ядзернай вайны, прычым такой, у якую звычайная вайна можа хутчэй перарасьці, чым у вайну, калі бакі маюць толькі стратэгічныя ракеты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG