Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр былы сэнатар ЗША Лугар. Шушкевіч: ён спрычыніўся да таго, што Беларусь стала бязьядзернай


2006 год. Рычард Лугар

У Злучаных Штатах ва ўзросьце 87 гадоў памёр былы сэнатар ад штату Індыяна Рычард Лугар, вядомы сваімі намаганьнямі па барацьбе з распаўсюджваньнем зброі масавага паражэньня.

Рэспубліканец Рычард Лугар прадстаўляў свой штат у Сэнаце 36 гадоў — ад 1977 па 2013. Ён быў уплывовым спэцыялістам у зьнешняй палітыцы.

Найбольшую вядомасьць атрымаў закон, распрацаваны ім сумесна з дэмакратам Сэмам Нанам, згодна зь якім Злучаныя Штаты аказвалі дапамогу краінам былога СССР ва ўтылізацыі ядзернай, хімічнай і біялягічнай зброі. Ад 1991 году ў Расеі, Украіне, Беларусі і Казахстане па гэтай праграме былі дэактываваныя 7600 ядзерных боегаловак, зьнішчаныя 2300 ракет і закансэрваваныя 24 аб’екта, дзе захоўвалася ядзерная зброя.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч добра ведаў сэнатара Лугара.

Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч

— Гэта для мяне вельмі сумная навіна. Даўно яго ведаў асабіста, сустракаўся ў Менску і Вашынгтоне, і па-за межамі ЗША ў Паўднёвай Карэі. Апошні раз падчас Atlantic Council сустракаўся зь ім летась. Мы ўспаміналі ўсе дзеяньні, накіраваныя на тое, каб Беларусь была мірнай дзяржавай, на яе ядзернае раззбраеньне. Лугар вельмі добра да гэтага ставіўся і лічыў, што гэта пэўная гарантыя бясьпекі ў Эўропе. Я сумую з гэтай нагоды і спачуваю ягоным блізкім і родным.

Ягоны першы візыт у Менск быў вельмі цікавым. Для мяне гэта заўсёды ў пэўным сэнсе тлумачэньне, што такое амэрыканская дэмакратыя. Я сказаў яму, што ёсьць закон Лугара-Нана, згодна зь якім краіны, якія ня вельмі хочуць выводзіць ядзерную зброю, пераконваюць і дапамагаюць фінансава. А мы самі заявілі, што хочам пазбавіцца ядзернай зброі. Гэта была мая ідэя, і я на гэтым настойваў, бо большай небясьпекі для Беларусі, чым ядзерная зброя, нельга было прыдумаць. Я гэта разумеў як фізык найперш, а потым як палітык.

Я яму кажу ў Менску: «Нашы юрысты вывучылі ваш закон і ня бачаць, як можна паводле гэтага закону Беларусі фінансава дапамагчы, а ў нас вельмі цяжкія выдаткі. І Лугар сказаў: «Вось тут сядзяць мае юрысты, яны гэты закон прыдумалі». Паглядзеў на гадзіньнік: «Цяпер 12 гадзін, заўтра а 12-й гадзіне яны дадуць адказ, як вам дапамагчы». Так і адбылося. Мы атрымалі значную фінансавую дапамогу, каб вывесьці ядзерную зброю з нашай тэрыторыі. Першапачаткова гэта было ў межах 4.5-5 мільёнаў даляраў, а пасьля стала ў межах 45-53 мільёнаў даляраў, далей яшчэ болей.

***

У межах праграмы Нана-Лугара ЗША падпісалі дамовы зь Беларусьсю пра дэмантаж ядзернай зброі і прадастаўленьне дапамогі для абароннай канвэрсіі, экспартнага кантролю, жыльля для звольненага вайсковага пэрсаналу і аднаўленьня навакольнага асяродзьдзя. У адпаведнасьці з Праграмай сумесных работ дзеля зьмяншэньня ядзернай пагрозы Міністэрства абароны ЗША перадало Беларусі дапамогі больш як на 123 мільёны даляраў. Тагачасны старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч казаў: «Трэба браць пад увагу фактычна нулявы ўзровень валютных рэзэрваў у краіне. Рэзэрвы трохі зьявіліся толькі ў 1994 годзе, і іх усяго было каля 200 мільёнаў даляраў. З улікам тагачаснай сытуацыі сума 123 мільёны даляраў была істотнай».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG