Энэргетыкі працавалі рэшту ўчорашняга дня і ўсю ноч, але сьвятло вярнулася толькі ў некаторыя рэгіёны і толькі часткова. Улады намагаюцца стабілізаваць сытуацыю.
Чэргі па паліва і ваду
У Кіеве большасьць сеткавых супэрмаркетаў і невялікіх крамаў не спынілі працу дзякуючы таму, што загадзя змаглі наладзіць работу энэргагенэратараў. Увечары з прылаўкаў хутка зьнік хлеб, людзі запасаліся пітной вадой у вялікай колькасьці і харчамі. Некаторым даводзілася вяртаць тавары назад, бо разьлічвацца можна было толькі гатоўкай — банкаўскія тэрміналы на касах не працавалі. Шмат людзей станавіліся ў вялікія чэргі да банкамата з надзеяй зьняць грошы з карткі.
«Гэта ўжо паніка ці яшчэ не?», — сказала жанчына свайму мужу, стоячы ў чарзе да банкамата. Ім прыкладна за 60. Яны прыйшлі ў краму па ваду, але без наяўных грошай. Праз 15 хвілін, вырашыўшы, што ім усё роўна ня хопіць гатоўкі, выйшлі з чаргі і пайшлі дадому. «Дзень мы пратрымаемся, а потым усё адновяць», — пераконваў муж сваю жонку.
Цяпло ў шматпавярховых будынках зьнікла цягам гадзіны, а вада, забесьпячэньне якой таксама залежыць ад электрычнасьці, прапала разам з электрычнасьцю.
Сувязі няма, «пункты нязломнасьці» запрацавалі не паўсюль
Якраз напярэдадні маштабнай расейскай атакі ўкраінскія ўлады паведамілі, што ва ўсіх гарадах будуць створаны «пункты нязломнасьці», дзе людзі змогуць сагрэцца, падсілкаваць свае электрычныя прылады і скарыстацца сувязьзю. Іх мусілі стварыць на базе кожнай адміністрацыі, сельскіх ці раённых радаў, а таксама перасоўных пунктаў Дзяржаўнай службы надзвычайных сытуацый Украіны.
Адначасова такія ж паслугі мусяць аказваць на запраўках, у супэрмаркетах, банках і кавярнях. Але ім дазволілі прапаноўваць гэтыя паслугі платна.
«Я жыву на левым беразе ў Кіеве, а наш офіс — на правым. Аднак сувязі няма нідзе — ні дома, ні на працы. Ні сьвятла, ні цяпла. Добра, што пад раніцу зьявілася вада», — сказала Надзея. Яна праехала два раёны, каб знайсьці буйную запраўку, але і тут працаваць немагчыма: празь вялікую колькасьці наведнікаў Wi-fi «выбівае» штохвіліны.
«Відаць, паеду далей шукаць інтэрнэт. Можа, пашанцуе ў якім вялікім гандлёвым цэнтры», — дадала дзяўчына, пажадаўшы посьпехаў у пошуках сувязі і карэспандэнту Свабоды.
«Пункты нязломнасьці» яшчэ не запрацавалі на поўную моц — улады сканцэнтравалі сваю ўвагу на аднаўленьні энэргетыкі.
«У нашым раёне такія цэнтры будуць створаныя на базе кожнай школы. Але яны пачнуць працаваць сёньня толькі пасьля абеду», — паведамілі Свабодзе ў Цэнтры адміністрацыйных паслуг Дзясьнянскага раёну Кіева.
У шэрагу іншых рэгіёнаў такія пункты ўжо стварылі ратавальныя службы. Улады сьцьвярджаюць, што ў абласьцях ужо працуе каля трох тысяч цэнтраў з абагрэвам і сувязьзю.
Улады сьцьвярджаюць, што энэргасыстэме ўдалося вярнуць кіраваньне
Міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка заявіў, што пад раніцу 24 лістапада разарваныя сеткі ўкраінскай энэргасыстэмы ўдалося аб’яднаць, але сытуацыя застаецца складанай па ўсёй Украіне.
«Ёсьць вобласьці, дзе павялічылі пастаўку электраэнэргіі. Але трэба разумець, што ўчора сапраўды адбыўся блэкаўт у нашай энэргасыстэме ў выніку абстрэлаў. А 4-й раніцы мы змаглі аб’яднаць энэргасыстэму, яна цяпер працуе як адзіная, і на гэты момант падключаны крытычныя аб’екты інфраструктуры па ўсёй краіне. І, адпаведна, мы будзем павялічваць аб’ём генэрацыі цягам дня. Разьлічваем, што да вечара пачнуць працаваць атамныя станцыі і гэта значна скароціць дэфіцыт», — сказаў Герман Галушчанка ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.
Па ўсёй краіне затрымліваюцца цягнікі
У выніку абстрэлаў без электрычнасьці засталіся чыгункі ў Кіеве, Дніпры, Мікалаеве, на Львоўшчыне, Віньнічыне, Сумшчыне і Харкаўшчыне.
На раніцу Ўкраінская чыгунка змагла падключыць рэзэрвовае сілкаваньне. Але больш як 80 цягнікоў дагэтуль не змаглі вярнуцца ў свой графік — яны затрымліваюцца больш як на гадзіну. Цягнікі спрабуюць падключыць да лякаматываў, якія працуюць на цьвёрдым паліве.
Але чыгунка забясьпечвае ўсіх пасажыраў, якія чакаюць сваіх цягнікоў, гарачай ежай і напоямі.
На Днепрапятроўшчыне ўсю ноч ратавалі шахтароў
Кіраўнік Днепрапятроўскай абласной вайсковай адміністрацыі Валянцін Разьнічэнка паведаміў, што ў выніку адключэньня электраэнэргіі ў шахтах Крывога Рогу і ў Паўлаградзкім раёне пад зямлёй былі заблякаваныя больш як 3 тысячы шахтароў. Іх ратавалі ўсю ноч, пакуль усіх не паднялі на паверхню.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.