Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна змагаецца з наступствамі самых маштабных ракетных абстрэлаў: больш як 96 ракет на 15 рэгіёнаў. ФОТА

Пасьля ракетнага абстрэлу Кіева 15 лістапада 2022 году
Пасьля ракетнага абстрэлу Кіева 15 лістапада 2022 году

Ва Ўкраіне працягваюць аднаўляць аб’екты электраэнэргетыкі, пашкоджаныя расейскімі абстрэламі 15 лістапада. Ад 2 да 4 мільёнаў грамадзян Украіны раніцай 16 лістапада заставаліся безь сьвятла.

Расея ўпершыню зь сярэдзіны кастрычніка зьмяніла стратэгію абстрэлаў — звычайна расейскія войскі канцэнтравана абстрэльвалі Ўкраіну па панядзелках і з раніцы, але апошні абстрэл адбыўся ў другі дзень тыдня, калі сьветлавы дзень ужо заканчваўся.

Свабода сабрала апошнюю інфармацыю пра ракетную атаку Расеі на Ўкраіну 15 лістапада.

Больш за 10 гадзін безь сьвятла і сувязі

Пасьля абстрэлаў жыхары 15 вобласьцяў Украіны засталіся без электраэнэргіі, а некаторыя — і бяз сувязі.

Расея пачала абстрэлы пасьля 15-й гадзіны, у канцы сьветлавога дня. Цемра ахапіла спачатку Кіеў, а потым паступова Кіеўскую, Жытомірскую, Ровенскую, Валынскую, Івана-Франкоўскую, Львоўскую, Адэскую, Цярнопальскую, Чаркаскую, Харкаўскую, Хмяльніцкую, Чарнавіцкую, Сумскую і Чарнігаўскую вобласьці.

«Я была аптымісткай пасьля першых дзьвюх расейскіх атак, але тое, што я пабачыла ўчора, было падобна да найстрашнейшых фільмаў жахаў.

Я вярталася з працы на машыне. Калі раней, падчас веерных адключэньняў, сьвятлафоры хаця б дзе-небудзь працавалі, то ўчора горад падсьвечвалі толькі фары аўтамабіляў. Кіроўцы вымушана зьніжалі хуткасьць, бо рух не рэгуляваўся, а пешаходы хаатычна пераходзілі дарогі. Нямногія былі зь ліхтарыкамі. Кіроўцы мяне зразумеюць.

Горад выдаваў адзін працяжны манатонны гук аднаго гучнага электрагенэратара. Ад іх усё ж дзе-нідзе працавалі невялікія крамы і кавярні. Цяжка перадаць гэта словамі», — падзялілася ўражаньнямі з Свабодай адна з кіяўлянак.

У Кіеве пасьля абстрэлаў
У Кіеве пасьля абстрэлаў

Паводле яе, уначы электраэнэргію падключалі і адключалі некалькі разоў.

«Даводзілася лавіць гэтыя дзясяткі хвілінаў, каб падсілкаваць свой ноўтбук, тэлефоны і ліхтарыкі. Пра „лёс“ іншай электратэхнікі ўжо ня думаеш. Сэрца сьціскаецца, калі назіраеш, як Расея сыстэмна зьнішчае вялікія і малыя ўкраінскія гарады. Не ўяўляю, як гэта ўсё можна будзе аднавіць, бо наперадзе яшчэ зіма», — дадала яна.

Пацярпела энэргетыка ў большай частцы рэгіёнаў Украіны

Паводле ўкраінскіх уладаў, ад расейскай атакі пацярпелі 15 з 27 рэгіёнаў Украіны, а ў іх — 30 энэргетычных аб’ектаў, дадаткова да тых, што пашкодзіла Расея першымі двума ўдарамі ў кастрычніку.

Ва ўрадзе пакуль не ўдакладняюць, якія менавіта аб’екты пацярпелі. Міністар энэргетыкі Герман Галушчанка заявіў, што цяперашняя атака адаб’ецца ня толькі на ўкраінскіх спажыўцах, але закране і суседнія з Украінай дзяржавы.

Найперш ідзецца пра Малдову, жыхары якой часткова засталіся безь сьвятла пасьля новай расейскай атакі на ўкраінскую энэргетыку — у выніку абстрэлу пашкоджана адна зь лініяў, якою энэргія йшла з Украіны. Цяпер Малдова вымушана тэрмінова шукаць новых пастаўнікоў, каб замяніць аб’ёмы, што дагэтуль атрымлівала з Украіны.

Блэкаўт у Львове
Блэкаўт у Львове

У Генэральным штабе ўдакладнілі, колькі ракет дасягнулі цэлі

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што 15 лістапада Расея выпусьціла больш за 90 ракет Х-101 і «Калібр» — удвая зь лішкам больш у параўнаньні з 10 кастрычніка, калі Расея ўпершыню канцэнтравана атакавала ўкраінскую энэргетыку.

Апроч таго, Расея залучыла больш за 10 ударных іранскіх дронаў «Shahed-136». Украінскія вайскоўцы сьцьвярджаюць, што сродкамі супрацьпаветранай абароны зьбілі 77 крылатых ракет і зь дзясятак дронаў-камікадзэ.

У выніку расейскай атакі 15 лістапада ва Ўкраіне загінулі 6 чалавек і яшчэ 17 параненыя.

У Офісе генэральнага пракурора Ўкраіны паведамілі, што сярод загінулых — жыхарка адной зь вёсак Кіеўскай вобласьці, якая ў момант абстрэлу была на могілках. Яна атрымала сьмяротныя раненьні, калі прыйшла наведаць магілу мужа.

Па ўсіх фактах расейскіх абстрэлаў 15 лістапада завялі крымінальныя справы.

Наступствы падзеньня ракеты ў Польшчы
Наступствы падзеньня ракеты ў Польшчы

Украінскія энэргетыкі працавалі ўсю ноч

Раніцай улады паведамілі, што ў сямі з 15 пацярпелых рэгіёнаў энэргетыкі змаглі збалянсаваць патокі і вярнуць сьвятло пэўнай частцы спажыўцоў. Але энэргазабесьпячэньне ня сталае — яно можа выключыцца ў кожную хвіліну. Кіраўнікі ўсіх пацярпелых гарадоў сьцьвярджаюць, што сытуацыя застаецца складанай.

Наступствы расейскай ракетнай атакі на Кіеў
Наступствы расейскай ракетнай атакі на Кіеў

Кампанія «Укренерго» заклікала ўкраінцаў падрыхтавацца да большага часу энэргаабмежаваньняў. «Зрабіце неабходны запас вады, своечасова падсілкуйце прылады і паўэрбанкі, каб быць на сувязі з роднымі», — паведамілі ў кампаніі.

Кіеў зноў просіць NATO закрыць неба

Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў заявіў, што пасьля таго, як ракеты заляцелі на тэрыторыю Польшчы, зноў актуальным становіцца пытаньне аб закрыцьці неба.

«Гэта рэальнасьць, аб якой мы папярэджвалі. Мы прасілі закрыць неба, бо неба ня мае межаў», — напісаў Аляксей Рэзьнікаў на сваёй старонцы ў Twitter.

Міністар абароны падкрэсьліў, што расейскія некіраваныя ракеты небясьпечныя ня толькі для Ўкраіны, але і для краін-суседзяў, сяброў Эўрапейскага Зьвязу і NATO.

Што кажуць у Расеі

Міністэрства абароны Расеі зьняпраўдзіла ўсе паведамленьні ўкраінскага боку аб пашкоджаных жылых будынках у Кіеве і аб расейскай прыналежнасьці ракеты, у выніку выбуху якой у Польшчы загінулі два чалавекі.

«Усе разбурэньні, якія дэманструе кіеўскі рэжым у жылых кварталах украінскай сталіцы, ёсьць простым наступствам падзеньня і самаліквідацыі запушчаных украінскімі войскамі зэнітных ракет з разьмешчаных у межах гораду ўкраінскіх і замежных комплексаў супрацьпаветранай абароны», — напісала расейскае вайсковае ведамства.

У міністэрстве абароны Расеі таксама пераконваюць, што і ракета, што выбухнула ў Польшчы, «адназначна ідэнтыфікаваная расейскімі спэцыялістамі абаронна-прамысловага комплексу як элемэнты зэнітнай кіраванай ракеты С-300 Паветраных сіл Украіны».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG