Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі зьвярнуўся па відэасувязі да міністраў фінансаў краін G7, якія сабраліся сёньня ў Вашынгтоне для ўдзелу ў штогадовых сустрэчах Міжнароднага валютнага фонду і Сусьветнага банка.
«Мы бачым, што расейскія тэракты могуць узмацніцца. Таму нам неабходна актывізаваць наша супрацоўніцтва для аказаньня адпаведнай дапамогі, каб аднавіць тое, што было разбурана, і гарантаваць фінансавую стабільнасьць нашай дзяржавы», — сказаў Уладзімір Зяленскі, дадаўшы, што налета Кіеў сутыкнецца з бюджэтным дэфіцытам у памеры 38 мільярдаў даляраў.
Украіне трэба дадаткова да 4 мільярда даляраў на месяц
Кіраўніца МВФ Крысталіна Геаргіева заявіла, што патрэбы Ўкраіны ў фінансаваньні ў 2023 годзе будуць складаць ад 3 да 4 мільярдаў даляраў у месяц.
Яна сказала, што па просьбе Зяленскага МВФ створыць Украінскі эканамічны форум для абмену інфармацыяй і ўдакладненьня патрэб краіны ў фінансаваньні.
«Мы рухаемся з вамі ў кірунку моцнай Украіны», — сказала яна.
Міністар фінансаў ЗША Джанэт Елен заявіла, што для задавальненьня запатрабаваньняў Украіны «патрабуюцца адзіныя і скаардынаваныя намаганьні».
«Аднак G7, міжнародныя фінансавыя інстытуты і ўсе партнэры Ўкраіны сумесна могуць дапамагчы Ўкраіне выйграць гэтую вайну і аднавіць яе, каб яна стала квітнеючай і надзейнай дэмакратыяй, за якую так упарта змагаўся ўкраінскі народ», — сказала яна.
Зь лютага Злучаныя Штаты перадалі Кіеву дапамогу на суму 65 мільярдаў даляраў, у тым ліку вайсковую тэхніку і ўзбраеньне.
Раней Елен і іншыя міністры фінансаў і кіраўнікі цэнтральных банкаў з краін «Вялікай сямёркі» правялі ўласныя перамовы аб вайне Расеі супраць Украіны.
«Мы заклікаем Расею неадкладна спыніць несправядлівую і жорсткую вайну, — гаворыцца ў заяве. — „Вялікая сямёрка“ будзе працягваць падтрымліваць Украіну столькі, колькі спатрэбіцца, і па-ранейшаму цьвёрда адданыя падтрымцы неадкладных кароткатэрміновых фінансавых патрэб Украіны», — гаворыцца ў заяве.
Новыя абмежаваньні для Расеі
«Вялікая сямёрка» таксама абмеркавала намаганьні ў абмежаваньні цэнаў на расейскую нафту, каб пазбавіць краіну асноўнай крыніцы фінансаваньня вайны і стрымаць рост цэнаў на энэрганосьбіты.
Група, у якую ўваходзяць Вялікая Брытанія, Канада, Францыя, Няммеччына, Італія, Японія і ЗША, заявіла, што дабілася «значнага прагрэсу па ўсіх ключавых аспэктах» прапановы, але не паведаміла ніякіх падрабязнасьцяў.
«Вялікая сямёрка» вітала далучэньне Аўстраліі да кааліцыі. Адной з задач, якія стаяць перад G7, зьяўляецца згуртаваньне краін сьвету вакол ідэі абмежаваньня цэнаў.
Некалькі гадзін раней прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін раскрытыкаваў гэтую прапанову, якую вылучылі Злучаныя Штаты. Масква папярэдзіла, што спыніць пастаўкі нафты ў краіны, якія ўвядуць такое абмежаваньне.
Джанэт Елен сёньня заявіла, што абмежаваньне цэнаў на расейскую нафту ў дыяпазоне 60 даляраў за барэль, пэўна, будзе дастатковым для скарачэньня даходаў Масквы ад энэрганосьбітаў і забесьпячэньня прыбытковай вытворчасьці.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.