Міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка заявіў, што ў выніку расейскіх абстрэлаў 10–11 кастрычніка пашкоджана 30% аб’ектаў энэргетыкі.
«Першы раз з пачатку вайны, калі Расея нанесла „драматычны ўдар“ па энэргетычнай інфраструктуры», — сказаў Герман Галушчанка ў інтэрвію CNN.
Украінскі міністар мяркуе, што адна з прычын мэтанакіраванага абстрэлу энэргетычных аб’ектаў — украінскі экспарт электраэнэргіі ў Эўропу, які «дапамагае эўрапейскім краінам эканоміць на расейскім газе і вугалі».
Герман Галушчанка дадаў, што ўкраінская энэргасыстэма «па-ранейшаму стабільная», але заклікаў партнэраў забясьпечыць «сыстэмамі паветранай абароны, якія сапраўды могуць дапамагчы абараніць інфраструктуру».
Міністэрства абароны Расеі і сам Пуцін пацьвердзілі, што наносяць удары менавіта па энэргетычнай інфраструктуры і аб’ектах сувязі. Удары па цывільнай інфраструктуры — ваеннае злачынства, накіраванае супраць мірных грамадзян.
Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль паведаміў, што 12 кастрычніка Эўрапейскі інвэстыцыйны банк пералічыў Украіне дадатковыя 55 мільёнаў эўра на аднаўленьне энэргетычных аб’ектаў.
«Сродкі, у прыватнасьці, дапамогуць кампэнсаваць выдаткі на рамонт пашкоджаных аб’ектаў энэргетычнай інфраструктуры і падтрымаць стабільнасьць украінскіх энэргасетак», — паведаміў Дзяніс Шмыгаль. Украіна за два месяцы атрымала праз Эўрапейскі інвэстыцыйны банк 1,05 мільярда эўра ў рамках экстранай падтрымкі Эўракамісіі.
На ўкраінскім энэргетычным рынку найбольшую частку мае кампанія ДТЕК мільярдэра Рыната Ахметава. Яна кантралюе каля 70% цеплавой генэрацыі і займае траціну рынку электраэнэргіі.
11 кастрычніка Расея нанесла два ўдары па Ладыжынскай ЦЭС, што належыць ДТЕК у Віньніцкай вобласьці. Гэта найбольшая станцыя ў рэгіёне.
Раней кампанія Ахметава страціла кантроль над Луганскай і Запароскай ЦЭС, калі іх захапілі расейскія войскі. На лініі фронту знаходзяцца яшчэ дзьве станцыі — Крывароская і Курахаўская, якія Расея стала абстрэльвае.
У выніку абстрэлаў 10–11 кастрычніка пашкоджаныя чатыры энэргетычныя аб’екты ў Львове, Трыпольская ЦЭС у Кіеўскай вобласьці, Прыдняпроўская ЦЭС у Днепрапятроўскай вобласьці, а таксама па адной ЦЭС у Жытомірскай, Сумскай, Палтаўскай і Хмяльніцкай абласьцях.
Улады Ўкраіны заклікаюць грамадзян скараціць энэргаспажываньне, каб збалянсаваць энэргасыстэму. З 11 кастрычніка ў большасьці гарадоў адбываюцца веерныя адключэньні трох груп спажыўцоў на дзьве гадзіны за суткі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.