«Сёньня ўначы вораг зноў нанёс падступны начны ракетны ўдар. Па Запарожжы і ваколіцах выпусьцілі каля сямі ракет С-300», — паведаміў кіраўнік Запароскай абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандар Старух.
Паводле яго, на ваколіцах Запарожжа часткова разбураны жылы дом. З-пад завалаў змаглі ўратаваць трох жыхароў.
Апошнія два дні пад інтэнсіўнымі ўдарамі расейцаў знаходзіцца і востраў Хорціца, дзе знаходзіцца прыродны і гістарычны комплекс. Хорціца — гістарычны цэнтар запароскага казацтва, цяпер там знаходзіцца мэмарыяльны комлекс і найбольш папулярны ўкраінскі турыстычны цэнтар.
11 кастрычніка, які і некалькі дзён раней, у Запарожжа прыляцелі 12 ракет.
Паводле абласной адміністрацыі, за мінулы дзень ад абстрэлаў Запароскай вобласьці загінулі 8 грамадзян і яшчэ 7 атрымалі раненьні.
У Офісе прэзыдэнта Ўкраіны паведамілі, што 11 кастрычніку ў выніку інтэнсіўнага абстрэлу расейцамі Віньніцкай, Днепрапятроўскай, Запароскай, Данецкай і Львоўскай абласьцей загінулі 14 грамадзян і 34 атрымалі раненьні.
У зводцы Міністэрства абароны Расеі прызнала свае атакі на Запарожжа. Паводле ведамства, удары наносіліся ў раёне Запарожжа, нібыта па штабе «нацыяналістычнага фармаваньня «Правы сэктар», па вузлу сувязі нацыяналістычнага фармаваньня «Азоў» і двух пунктах дысьлякацыі замежных наймітаў».
За тыдзень — сотня ракет
Як кажуць мясцовыя, штодзень на Запарожжа і ваколіцы прылятае па 12-16 ракет. І так ужо ўсе апошнія сем дзён. Ракеты выпускаюць залпамі па некалькі адзінак з адлегласьці 100 кілямэтраў. Найчасьцей менавіта з акупаваных тэрыторый вобласьці — Энэргадара і Такмака.
Мясцовыя жыхары сьцьвярджаюць, што некалькі разоў расейскія войскі ўдарылі па рэабілітацыйным цэнтры, дзе навучаліся і аднаўляліся дзеці з асаблівымі патрэбамі. Цяпер цэнтар амаль цалкам зруйнаваны — выбітыя шыбы, разьбіты дах і, адпаведна, клясы для заняткаў. Кіраўніцтва цэнтру нават не бярэцца прагназаваць, ці магчыма будзе адрамантаваць гэтую ўстанову.
Расея акупавала палову Запароскай вобласьці
З пачатку ўварваньня Расея акупавала найбуйнейшыя гарады рэгіёну — Бярдзянск, Мелітопаль і Энэргадар, дзе знаходзіцца найбуйнейшая ў Эўропе атамная электрастанцыя.
Абласны цэнтар зьяўляецца прыфрантавым горадам. Раней улады рэгіёну заяўлялі, што Расея пасьля псэўдарэфэрэндуму спрабуе зрабіць у Запароскай вобласьці нешта падобнае на «дзяржаўную мяжу» ў раёне блёк-паста ў вёсцы Васільеўка.
Аналягічныя ўдары Расея наносіла па Марыюпалі. Цяпер гэты горад акупаваны цалкам. Зруйнавана ўся інфраструктура і 90% жылых дамоў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.