Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жалезная заслона», баі, чэргі і людзкія пакуты на мяжы з акупаванымі Расеяй раёнамі на поўдні Ўкраіны

Эвакуацыя з зоны баявых дзеяньняў ва Ўкраіне. Ілюстратыўнае фота
Эвакуацыя з зоны баявых дзеяньняў ва Ўкраіне. Ілюстратыўнае фота

Расейскія акупацыйныя ўлады спрабуюць зрабіць лінію «дзяржаўнай мяжы» на захопленых тэрыторыях Данецкай, Запароскай і Херсонскай абласьцей Украіны, як гэта было пасьля анэксіі Крыму і Данбасу, і вызначаюць свае правілы яе перасячэньня.

Тым часам працягваюцца баі на лініі фронту і абстрэлы цывільных ды гуманітарных аб’ектаў.

30 верасьня расейскія войскі нанесьлі ракетны ўдар па гуманітарнай калёне ў ваколіцах Запарожжа. Тры ракеты трапілі ў пачатак, сярэдзіну і «хвост» калёны. У выніку загінулі 31 і атрымалі раненьні 92 чалавекі.

Пасьля абстрэлу гуманітарнага канвою ля Запарожжа, 30 верасьня
Пасьля абстрэлу гуманітарнага канвою ля Запарожжа, 30 верасьня

Гэтая калёна сфармавалася насуперак заклікам украінскай улады ўстрымацца ад наведваньня акупаваных тэрыторый у пэрыяд і пасьля правядзеньня псэўдарэфэрэндуму аб далучэньні іх да Расеі.

Акупацыйныя ўлады, са свайго боку, таксама абмежавалі выезд на падкантрольныя Кіеву тэрыторыі.

Эвакуацыя з акупаваных тэрыторый Запароскай вобласьці
Эвакуацыя з акупаваных тэрыторый Запароскай вобласьці

Пасьля абвяшчэньня Расеі аб анэксіі гэтых тэрыторый перамяшчэньне грамадзян і валянтэраў яшчэ больш ускладнілася.

Пасьля шматлікіх чэргаў — зацішша

Мэр Мелітопаля Іван Фёдараў паведаміў, што цяпер расейцы выпускаюць з акупаванай тэрыторыі ня больш як 40 аўтамабіляў штодзень. Пры гэтым, паводле яго, расейцы зьдзекваюцца з украінцаў, якія ўцякаюць на падкантрольную Кіеву тэрыторыю.

«Учора (5 кастрычніка) жанчыну прымусілі яе пешшу ісьці да Запарожжа, бо ў яе знайшлі футболку з украінскай сымболікай. Прымусова дэпартавалі і прымусілі ісьці пешшу», — паведаміў Іван Фёдараў у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.

Напярэдадні псэўдарэфэрэндуму ў абодвух кірунках ствараліся вялікія чэргі. Большасьць хацелі выехаць на падкантрольную Ўкраіне тэрыторыю, а нехта накіроўваўся на акупаваную тэрыторыю, каб дапамагчы лекамі і харчамі тым, хто там застаецца і ня можа выехаць.

На мяжы, дзе адбываюцца актыўныя баі, знаходзіцца вялікая колькасьць населеных пунктаў, куды гуманітарная дапамога не даяжджае. У акупаваныя паселішчы вярталіся і тыя, хто дапамагаў ахвочым эвакуавацца, хоць і рабіў гэта за грошы.

Уцекачы з зоны баявых дзеяньняў ва Ўкраіне
Уцекачы з зоны баявых дзеяньняў ва Ўкраіне

Ужо некалькі дзён ля «пункту пропуску» ў Запарожжы нешматлюдна. Паводле зьвестак BBC, часта гэтая эвакуацыя цягнулася некалькі дзён.

«Было страшна выбірацца. Мы баяліся, што сустрэнем расейскага салдата ў кепскім настроі і нас разьвернуць і адправяць дадому», — працытавала ВВС 19-гадовага Максіма Бежана, які эвакуаваўся зь вёскі каля акупаванага Бярдзянску разам з маці, малодшым братам і катом.

Ім пашанцавала выехаць праз Васільеўку да таго моманту, які акупацыйныя ўлады заблякавалі ўезд і выезд. Але на тым баку яшчэ засталіся тыя, хто чакае дазволу.

«Людзі там вельмі стаміліся. Яны ледзь выжываюць. У іх заканчваюцца цярпеньне і грошы. Пануе атмасфэра стомленасьці і адчаю», — расказаў Максім.

«Увялі пропускі, але пакуль іх не выдаюць»

Васільеўка — раённы цэнтар у Запароскай вобласьці, акупаваны амаль на пачатку расейскага ўварваньня. Да абласнога цэнтру — крыху больш за 50 кілямэтраў. У мірны час да Запарожжа можна было даехаць за гадзіну, цяпер патрэбна некалькі дзён.

Дэпутат Херсонскай абласной рады Сяргей Хлань паведаміў на брыфінгу, што акупацыйныя ўлады ўвялі з 1 кастрычніка пропускі.

«Ніякіх тлумачэньняў для гэтых пропускаў яны так і не далі. Аднак ужо вядома, што для афармленьня гэтай паперкі расейцы патрабуюць падаваць абсалютна ўсе дакумэнты ў электронным выглядзе, а для мужчын — абавязкова вайсковы білет. Але ў большасьці населеных пунктаў адключаны інтэрнэт і незразумела, што рабіць тым людзям, якія ўжо знаходзяцца каля «пункту пропуску», — сказаў херсонскі дэпутат.

Інтэрнэт і сувязь на акупаваных тэрыторыях расейцы адключаюць прэвэнтыўна — баяцца, што мясцовыя жыхары будуць перадаваць украінскім вайскоўцам каардынаты іхных апорных пунктаў.

Сяргей Хлань кажа, што чэргі ў кірунку падкантрольных Кіеву тэрыторый павялічыліся пасьля таго, як расейцы пасьля псэўдарэфэрэндумаў пачалі гаварыць аб стварэньні зь мясцовых жыхароў «добраахвотніцкіх мабілізацыйных атрадаў».

Паводле яго, у Херсоне і іншых гарадах вобласьці прадстаўнікі акупацыйных уладаў абходзяць кватэры, каб выявіць мужчын ва ўзросьце ад 18 да 35 гадоў.

«Пакуль позваў не раздаюць, толькі праводзяць перапіс. Хутчэй за ўсё, мужчын хочуць выкарыстаць як жывы шчыт або як мабілізацыйны працоўны рэсурс для будаўніцтва фартыфікацый», — мяркуе дэпутат Херсонскай абласной рады Сяргей Хлань.

Пытаньні для пропуску — як у заяве на візу

Украінцы, якім пашанцавала выехаць у апошні момант перад увядзеньнем такіх пропускаў, кажуць, што ў заяўцы на пропуск стаяць такія ж пытаньні, як і пры атрыманьні візы.

Расейцы запытваюць імёны, пашпартныя зьвесткі, нумары і IMEI (ідэнтыфікацыйны код прылады) мабільных тэлефонаў, мэту паездкі, інфармацыю пра ўсіх сваякоў, якія жывуць на тэрыторыі Ўкраіны.

Асобна трэба адказаць на пытаньні аб праходжаньні вайсковай службы з траўня 2014-га да красавіка 2022-га. Калі не служыў, то просяць пазначыць прычыну. Апроч таго, удакладняюць, ці ўваходзілі грамадзяне ў якія-небудзь грамадзкія арганізацыі і палітычныя партыі.

«Акупанты спрабуюць уладкаваць лінію „дзяржаўнай мяжы“, як гэта было пасьля анэксіі Крыму і Данбасу, і вызначаюць свае правілы яе перасячэньня. Як вынік — не выпускаюць нашых грамадзян, у прыватнасьці мужчын прызыўнага ўзросту. Калі раней у абласны цэнтар штодзень прыяжджалі 1-1,5 тысячы людзей, то 4 кастрычніка блёкпост удалося прайсьці ўсяго васьмі грамадзянам. Фактычна транзыт спынены», — заявіў у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом кіраўнік Запароскай вайсковай абласной адміністрацыі Аляксандар Старух.

Паводле інфармацыі, якую распаўсюджваюць украінскія валянтэры, цяпер у чарзе перад блёкпастом сабралася каля чатырох тысяч чалавек.

Перамяшчэньне на акупаваную тэрыторыю забаранілі

5 кастрычніка Рада абароны Запароскай вобласьці канчаткова забараніла выезд на акупаваныя тэрыторыі ў складзе гуманітарных калён і правядзеньне масавых захадаў у раёнах «умоўных пунктаў пропуску».

«Забарона будзе цягнуцца да завяршэньня правядзеньня працэсуальных захадаў на месцы падзеі (абстрэлу гуманітарнай калёны 30 верасьня. — РС), і стварэньня неабходнай бясьпекі, якая дазволіць пазьбегнуць вялікіх натоўпаў грамадзян і аўтатранспарту ў часе фармаваньня калён», — адзначаецца ў рашэньні запароскіх уладаў.

У выніку акупацыі частак Херсонскай, Мікалаеўскай, Запароскай і Данецкай абласьцей Расея атрымала сухапутны калідор у акупаваны з 2014 году Крым.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG