Расейцы абстралялі Запарожжа, ёсьць ахвяры

абноўлена
Наступствы папярэдняга ракетнага ўдару расейцаў па Запарожжы
Наступствы папярэдняга ракетнага ўдару расейцаў па Запарожжы

Раніцай у чацьвер, 6 кастрычніка, расейскія войскі абстралялі жылыя дамы ва ўкраінскім горадзе Запарожжы.

На месцы ракетнага абстрэлу Запарожжа вядзецца ратавальная апэрацыя. Дзьве жанчыны загінулі, 10 грамадзян атрымалі траўмы і раненьні, у тым ліку трохгадовая дзяўчынка. Пра гэта паведаміў кіраўнік Запароскай абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандар Старух.

Вядома, што па горадзе выпусьцілі сем ракет.

Паводле уладаў Запарожжа, ракеты пацэлілі ў жытловыя шматпавярховыя будынкі Запарожжа. Колькасьць ахвяр удакладняюць. На месцы выбухаў працуюць ратавальнікі, якія спрабуюць выцягнуць з-пад завалаў жывых людзей.

«Адна жанчына загінула, яшчэ адна памерла ў машыне хуткай дапамогі. Пад заваламі знаходзіцца ня менш, чым 5 грамадзян», — паведаміў кіраўнік Запароскай вайсковай абласной адміністрацыі Аляксандар Старух. Кіраўнік вобласьці падкрэсьліў, што шмат людзей ужо выратавалі.

«Сярод іх — трохгадовая дзяўчынка, яе шпіталізавалі. На месцы працягваецца выратавальная сытуацыя», — дадаў Аляксандар Старух. Запароскія ўлады заклікалі людзей выконваць патрабаваньні паветранай трывогі, бо не выключаюць новых ракетных удараў па гораду.

Дзьве ракеты даляцелі да Шапятоўскага раёну Хмяльніцкай вобласьці (папярэдне без ахвяр і вялікіх разбурэньняў), некалькі — у Харкаў (пашкоджаныя некалькі жылых будынкаў, без ахвяр).

Паводле Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны, за мінулыя суткі расейскія войскі абстралялі больш як 60 населеных пунктаў Украіны ў Херсонскай, Мікалаеўскай, Днепрапятроўскай, Запароскай, Луганскай, Данецкай, Чарнігаўскай, Харкаўскай і Хмяльніцкай абласьцей.

​
XS
SM
MD
LG