Выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі пацьвердзіла, што на поўдні ўкраінскае войска ў часе новага этапу наступу адкінула расейцаў на 20 кілямэтраў.
У той жа час, паводле выведкі Брытаніі, пакуль што Ўкраіна не пагражае асноўным расейскім абарончым пазыцыям у Херсонскай вобласьці, бо пакуль яны абмяжоўваюцца вызваленьнем населеных пунктаў уздоўж усходняга берага ракі Інгулец і заходняга берага Дняпра.
«Расейскае камандаваньне, хутчэй за ўсё, разглядае павелічэньне пагрозы ў раёне Новай Кахоўкі як адну з найбольшых актуальных праблем, бо пашкоджаная пераправа цераз Дняпро ў гэтым раёне застаецца адным зь нямногіх даступных для іх шляхоў папаўненьня сіл», — мяркуюць брытанскія выведнікі.
Паводле іх, цяпер Расея стаіць перад дылемай — адводзіць войскі за Дняпро ці заставацца і абараняць занятыя пазыцыі.
«Расея накіравала на абарону Херсона большую частку сваіх паветрана-дэсантных сіл з моцным недахопам асабістага складу. Такім чынам, цяпер Расея мае мала дадатковых якасных сіл хуткага разгортваньня, даступных для стабілізацыі фронту: яна, імаверна, плянуе ў гэтым сэктары разгарнуць мабілізаваных рэзэрвістаў», — адзначылі ў вайсковай выведцы Вялікай Брытаніі.
Інстытут вывучэньня вайны: Украіна можа пасьпяхова завершыць наступ
Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) адзначылі посьпехі ўкраінскага войску на Луганскім кірунку, дзе ўжо вызвалена некалькі населеных пунктаў, у тым ліку Макееўка і Грэкаўка.
«Мясцовасьць на захадзе Луганскай вобласьці прыдатная для хуткага манэўру, які ўкраінскія сілы эфэктыўна выкарыстоўвалі на ўсходзе Харкаўскай вобласьці ў пачатку верасьня. З адкрытых крыніц няма ніякіх прыкмет таго, што расейскія вайскоўцы істотна ўзмацнілі пазыцыі на захадзе Луганскай вобласьці. Трывалы контранаступ Украіны на ўсходзе і поўдні, пэўна, вымушае Крэмль аддаць перавагу абароне аднаго апэрацыйнага раёну за кошт другога, што патэнцыйна павялічвае імавернасьць посьпеху Украіны ў абодвух кірунках», — адзначаецца ў справаздачы ISW.