У Офісе прэзыдэнта Ўкраіны пракамэнтавалі падпісаньне расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным законаў, якія ратыфікуюць дамовы аб уваходжаньні акупаваных тэрыторый Данецкай, Запароскай, Луганскай, часткі Мікалаеўскай і Херсонскай абласьцей у склад Расеі.
«Нікчэмныя рашэньні краіны-тэрарысткі ня вартыя паперы, на якой яны падпісаныя. Калектыўная вар’ятня можа працягваць жыць у выдуманым сьвеце», — напісаў у сваім тэлеграм-канале Андрэй Ярмак, кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны.
Паводле яго, найлепшымі лекамі ад «вар’яцтва» зьяўляюцца Ўзброеныя сілы Ўкраіны, высокадакладнае ўзбраеньне і наступ.
«Вернем у рэальнасьць, забяром усё сваё», — падкрэсьліў Андрэй Ярмак.
Прэзыдэнт Уладзімір Пуцін у 5 кастрычніка падпісаў фэдэральныя законы, якія ратыфікуюць дакумэнты аб уваходжаньні акупаваных тэрыторый Данецкай, Запароскай, Луганскай, часткі Мікалаеўскай і Херсонскай абласьцей у склад Расеі. У гэтых абласьцях парцягваюцца баі, украіснкае войска вызваляе свае тэрыторыі.
Раней за гэта прагаласавалі Савет Фэдэрацыі і Дзяржаўная Дума.
Анэксію ўкраінскіх тэрыторый расейскія ўлады абгрунтоўваюць вынікамі псэўдарэфэрэндумаў, якія прайшлі на акупаваных і кантраляваных сэпаратыстамі тэрыторыях 23-27 верасьня 2022 году. Украіна і многія іншыя краіны лічаць галасаваньне фіктыўным, яно прайшло ў парушэньне міжнародных нормаў і ўкраінскага заканадаўства.