Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сахашчык зьвярнуўся да беларускіх вайскоўцаў і ўсіх грамадзян з нагоды пагрозы вайны з Украінай. ВІДЭА


Валер Сахашчык
Валер Сахашчык

Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінэта Беларусі па абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык зьвярнуўся да беларускіх вайскоўцаў і ўсіх беларусаў.

Валер Сахашчык заявіў, што кіраўніцтва Расеі спрабуе ўцягнуць у сваю вайну Беларусь.

«Што чакае нас, калі ім гэта ўдасца? У гэтым пытаньні я магу выступаць у ролі экспэрта, бо правёў ва Ўкраіне нямала часу з канца лютага. Украінцы вельмі добра падрыхтаваныя да нападу з боку Беларусі. Ці гатовыя жыхары Беларусі прымаць сваіх сыноў у чорных поліэтыленавых пакетах?

Для УСУ ўжо ня будзе ніякіх стрымальных фактараў, якія перашкаджаюць прымяніць усю моц самых сучасных сродкаў паражэньня па любых абʼектах, якія выкарыстоўваюцца агрэсарамі на тэрыторыі Беларусі».

Паводле Сахашчыка, у выпадку пачатку беларускага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны цягам першых некалькіх дзён будуць зьнішчаныя Мазырскі НПЗ, уся крытычная інфраструктура памежнай паласы, можа загінуць і пацярпець вялікая колькасьць людзей.

«Колькасьць нашых добраахвотнікаў ва Ўкраіне істотна вырасьце. Вайскоўцаў УС Беларусі будуць сустракаць свае ж беларусы, толькі значна лепш падрыхтаваныя, аснашчаныя і матываваныя.

Беларусь стане краінай-ізгоем у сьвеце і разьдзеліць з Расеяй ганьбу паражэньня і абавязак выплаты рэпарацый.

Людзі ў вайскова-палітычным кіраўніцтве Беларусі, ад вас залежыць будучыня нашай краіны як ніколі. Украіна ні разу не адказала на ракеты і бесьпілётнікі, якія ляцяць з тэрыторыі РБ, хаця даўно мае баявы патэнцыял для такога адказу. Першыя забітыя і параненыя беларусы пасвараць нашы народы на дзесяцігодзьдзі.

Заклікаю вас усьвядоміць усю сурʼёзнасьць таго, што адбываецца, і жудасныя магчымыя наступствы. Кожны з нас няхай у рознай ступені, але можа паўплываць на будучыню Беларусі», — заявіў Сахашчык.

Што папярэдічала

Аляксандар Лукашэнка выступіў на нарадзе ў пытаньнях бясьпекі раніцай 10 кастрычніка. Там ён заявіў аб прынятым сумесна з Пуціным рашэньні аб разгортваньні рэгіянальнай групоўкі Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь.

Увечары 8 кастрычніка амбасадара Ўкраіны ў Менску Ігара Кізіма запрасілі ў МЗС Беларусі, каб уручыць яму дыпляматычную ноту. У ноце беларускі бок сьцьвярджае, што Ўкраіна плянуе напад на тэрыторыю Беларусі.

Украінскае МЗС адрэагавала на такія заявы. Там падкрэсьлілі, што інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці і назвалі дзеяньні Менску «чарговымі інсінуацыямі рэжыму».

«Мы не выключаем, што ўручэньне дыпляматычнай ноты можа быць часткай пляну РФ па правакацыі і далейшым абвінавачаньні Ўкраіны. Мы заклікаем беларускі народ не паддавацца на правакацыі. Украіна ніколі не замахвалася на чужыя тэрыторыі. Мы строга прытрымліваемся фундамэнтальных нормаў і прынцыпаў міжнароднага права і Статуту ААН».

З 11 кастрычніка дзяржаўны сакратарыят Савету бясьпекі Рэспублікі Беларусь пасьля заявы Лукашэнкі пачаў тэрміновую праверку Ўзброеных Сіл.

Праверка мае комплексны характар і ахоплівае найбольш важныя пытаньні праверкі гатоўнасьці да выкананьня задач па прызначэньні, заявілі ў Міністэрстве абароны. У ходзе праверкі вайсковыя часткі і падразьдзяленьні адпрацуюць пытаньні прывядзеньня ў баявую гатоўнасьць, правядзеньне маршу, разгортваньне ў прызначаных раёнах з выкананьнем вучэбна-баявых задач.

На тэрыторыі Беларусі пасьля разгортваньня РГВ зьявяцца некалькі тысяч расейскіх вайскоўцаў.

Згодна зь першым разьдзелам Ваеннай дактрыны саюзнай дзяржавы (прынятай 4 лістапада 2021 году), «рэгіянальная групоўка войскаў (сіл) Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі (далей — РГВ.), разьмешчаныя ў мірны час або разгорнутыя ў пэрыяд нарастаньня ваеннай пагрозы (пэрыяд непасрэднай пагрозы агрэсіі) у рэгіёне для адбіцьця магчымай агрэсіі органы кіравання і войскі (сілы) Ўзброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Ўзброеных Сіл Расейскай Фэдэрацыі, а таксама іншыя вайсковыя фармаваньні бакоў, прымяненьне якіх заплянавана паводле адзінай задумы і пляну».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG