Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пераходным кабінэце Беларусі заявілі аб стварэньні «Паспалітага Рушэньня». Што гэта такое і як будзе дзейнічаць


Валер Сахашчык, які абвясьціў сучаснае Паспалітае Рушэньне
Валер Сахашчык, які абвясьціў сучаснае Паспалітае Рушэньне

Паспалітае Рушэньне (масавая добраахвотная мабілізацыя) існавала ў часы ВКЛ.

Прадстаўнік пераходнага Кабінэту Беларусі па абароне Валер Сахашчык абвясьціў аб стварэньні «Паспалітага Рушэньня» — нацыянальнай спартова-адукацыйнай арганізацыі ў структуры аб’яднанага пераходнага Кабінэту Беларусі.

Як адзначаецца ў адмысловым паведамленьні з гэтай нагоды, арганізацыя ствараецца для аб’яднаньня беларусаў вакол мэты абароны незалежнасьці Беларусі і аднаўленьня законнасьці на тэрыторыі краіны, а таксама для фізычнага і інтэлектуальнага разьвіцьця грамадзян ды адраджэньня беларускіх вайсковых традыцый.

Паводле Сахашчыка, гэтая арганізацыя будзе мець выразную тэрытарыяльную структуру, але ў мэтах бясьпекі пакуль ня будзе дзейнічаць на тэрыторыі Беларусі.

Асноўнай тэрытарыяльнай адзінкай Рушэньня будзе Харугва, якая будзе мець назву па горадзе разьмяшчэньня.

«Згодна зь беларускімі вайсковымі традыцыямі кожную харугву ўзначальвае Ротмістар. Ён адказвае за правядзеньне агульных мерапрыемстваў, вышкалаў, грамадзкіх акцый, захаванасьць маёмасьці харугвы, яе матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне. Ротмістрамі першых створаных харугваў прызначаны аўтарытэтныя і дасьведчаныя кандыдаты», — адзначаецца ў паведамленьні.

Сяброўства ў Рушэньні добраахвотнае, без узроставых і гендэрных абмежаваньняў. Для залічэньня ў шэрагі харугвы неабходна будзе пасьпяхова прайсьці базавы 7-дзённы вышкал. Да моманту сканчэньня вышкалу сябра будзе лічыцца рэзэрвістам.

Вышкалы будуць адбывацца ў навучальных цэнтрах паводле адмысловых праграм, распрацаваных з удзелам беларускіх афіцэраў і замежных спэцыялістаў. Удзел у вышкалах бясплатны, запрошаныя на іх грамадзяне атрымаюць камплект неабходнай экіпіроўкі.

«На гэты момант ужо прайшоў збор-трэнінг для будучых кіраўнікоў аддзяленьняў Рушэньня, рыхтуюцца базавыя вышкалы па харугвах. Ствараюцца Віленская, Варшаўская, Уроцлаўская і Беластоцкая харугвы, неўзабаве будзе аб’яўлена пра іншыя. Працэс стварэньня пакуль што праходзіць у закрытым рэжыме, аб пачатку шырокага набору будзе абвешчана дадаткова», — адзначаецца ў паведамленьні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG