Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра цану сьлёз салдацкіх маці запытайцеся ў Алексіевіч


Мабілізаваны ў Марый Эл, Расейская Фэдэрацыя. 29 кастрычніка 2022.
Мабілізаваны ў Марый Эл, Расейская Фэдэрацыя. 29 кастрычніка 2022.

Яшчэ некалькі тыдняў таму, калі слова «мабілізацыя» ў развагах аналітыкаў гучала як адзін зь ня вельмі імаверных варыянтаў, найбольш частым прагнозам было — калі Пуцін пачне забіраць на вайну не кантрактнікаў, а цывільных людзей, Расея ўздымецца. Бо гэта прывядзе зусім да іншага маштабу ахвяраў (меліся на ўвазе, зразумела, ахвяры не з украінскага боку). І мора мацярынскіх сьлёз змые пуцінскі рэжым.

Мабілізацыя ідзе толькі некалькі дзён, і цяжка прадказваць, чым яна можа скончыцца ў вайсковым сэнсе. Адны кажуць, што адмабілізаваных кінуць у бой як гарматнае мяса. Другія — што імі заменяць вайскоўцаў у тыле, а тых перакінуць на вайну.

У чым я ўпэўнены дакладна — што мацярынскія сьлёзы не паўплываюць колькі-небудзь сур’ёзна на Крэмль. Гэтак жа, як сьлёзы сваякоў рэпрэсаваных не зьмякчылі Лукашэнку (бадай, наадварот).

Прыгадваецца мне судовы працэс на пачатку 1990-х над Сьвятланай Алексіевіч, калі на яе падалі пазоў удзельнікі вайны ў Афганістане і маці загінулых, на матэрыяле гутарак зь якімі яна напісала «Цынкавых хлопчыкаў».

Прычына пазову — пісьменьніца нібыта сказіла іх словы і не паказала вайскоўцаў героямі.

Калі максымальна спрасьціць сюжэт і разгледзець яго не ў літаратурным ды юрыдычным, а ў палітычным пляне, сытуацыя з адлегласьці сёньняшняга дня бачыцца наступным чынам.

У часы, калі грамадзтва пачало ўсьведамляць, што «інтэрнацыянальная дапамога» СССР Афганістану была агрэсіяй, а савецкія вайскоўцы ў Афганістане — саўдзельнікамі ці нават удзельнікамі масавага забойства ў тым ліку мірнага насельніцтва, зьявіўся перакладзены на шмат моваў сьвету твор, у якім гэтыя салдаты і афіцэры паказаныя ахвярамі. Ахвярамі злачыннага рашэньня ініцыятараў агрэсіі. Бязьлітасныя, як іх уяўляла сусьветная супольнасьць, савецкія вайскоўцы — і сумняюцца, і раскайваюцца, і нават плачуць...

Але маці не хацелі, каб іх сыны выглядалі ачалавечанымі — ім патрэбныя былі героі.

Вось толькі адзін фрагмэнт са стэнаграмы дасудовай гутаркі з Кацярынай Плаціцынай, маці загінулага маёра Аляксандра Плаціцына (падаю на мове арыгіналу):

«Е. Платицина (берет в руки книгу): Там все не так, как я говорила. Мой сын был не такой. Он любил свою Родину. (Плачет.) ... Он был офицер. Боевой офицер. А тут он показан как плакса. Разве об этом надо было писать?.. Понимаете, он был боевой офицер. Он не мог заплакать.

С. Алексиевич: Когда я писала ваш рассказ, я тоже плакала. И ненавидела тех, кто послал вашего сына зря погибнуть в чужой стране. И мы были тогда с вами вместе, заодно.

Е. Платицина: Вы говорите, что я должна ненавидеть государство, партию... А я горжусь своим сыном! Он погиб как боевой офицер. Его все товарищи любили. Я люблю то государство, в котором мы жили, СССР, потому что за него погиб мой сын. А вас ненавижу! Мне не нужна ваша страшная правда. Она нам не нужна! Слышите?!»

Мне давялося бачыць на адным з гэтых працэсаў вочы маці загінулага «афганца». Ня ведаю, ці той, чые словы працытаваныя. Ня буду апісваць сваё ўражаньне, яна страціла сына, гэта вялізнае гора, гора на ўсё жыцьцё. Але побач зь ёй стаялі людзі, якія, як цяпер прынята казаць, «забясьпечвалі палітычнае і юрыдычнае суправаджэньне». І вось у іх былі хітрыя вочы.

Давялося мне бачыць і тых, хто быў «палітычным маторам» гэтага «суду над праўдай», як назвалі працэс у сваім лісьце пісьменьнікі — вэтэраны Другой сусьветнай вайны Мікола Аўрамчык, Васіль Быкаў, Аляксандар Дракахруст, Навум Кісьлік, Валянцін Тарас.

Дапамагаў пазоўнікам саюз вэтэранаў Афганістану, але прывадныя рамяні цягнуліся вышэй — у Камітэт пры Савеце міністраў па сацыяльнай абароне вайскоўцаў, асобаў шараговага і кіраўнічага складу органаў унутраных спраў, воінаў-інтэрнацыяналістаў, звольненых у запас (адстаўку) і членаў іх сем’яў.

Такая даўгая была назва той структуры, якую ўзначальваў Сяргей Гайдукевіч. Адначасна кіраваў ён і створаным у альтэрнатыву БНФ «Народным рухам Беларусі», у які ўваходзілі Саюз афіцэраў, Славянскі сабор «Белая Русь» ды іншыя антынезалежніцкія прарасейскія арганізацыі. Непасрэдным жа начальнікам Гайдукевіча быў Генадзь Данілаў — дзяржсакратар па справах абароны і «правая рука» прэм’ера Вячаслава Кебіча.

Але ж якое супадзеньне — якраз у гэты самы час праімпэрскія сілы распачалі працэдуру далучэньня Беларусі да сыстэмы Калектыўнай бясьпекі СНД (АДКБ), што фактычна азначала ўцягваньне краіны ў арбіту вайсковых інтарэсаў маскоўскага Генштабу. Ня буду спыняцца на гэтай тэме, падрабязна пішу пра гэта ў кнізе «Дзевяноста трэці», толькі адзначу, што кіраваў працэдурай Данілаў, агітаваў па тэлебачаньні і радыё Гайдукевіч. Ну, а пытаньне пра АДКБ у парадак сэсіі Вярхоўнага Савету ўнёс дэпутат ад 310-й Шклоўскай выбарчай акругі, дырэктар саўгасу «Гарадзец» Лукашэнка (ці ня праўда — крыху нечаканая тэма для аграрыя?).

Вынік быў прадказальны: нягледзячы на супраціў дэпутатаў Апазыцыі БНФ, парлямэнцкая большасьць прагаласавала за далучэньне да АДКБ. Ну, а глябальны вынік мы бачым цяпер, калі Масква выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі як пускавую ўстаноўку супраць Украіны.

Вядома, я не зьбіраюся сьцьвярджаць, што ўжо ў 1993-м распрацоўвалася ў дэталях агрэсія супраць Украіны з анэксіяй яе тэрыторый — але імкненьне да імпэрскага рэваншу ў Маскве рабілася ўсё больш выразным і выяўлялася на ўсё вышэйшых узроўнях. У Менску сьцяг аднаўленьня «адзінага і непарушнага» ўзьняў усё той жа дырэктар саўгасу «Гарадзец», які ў жніўні 93-га даў інтэрвію маскоўскай «Правде» пад назвай «Да возродится!» — атрымаўшы ўзамен артыкул-адлуп ад Васіля Быкава, у назьве якога было слова «д’ябал».

Несумненна, сьлёзы маці загінулых у Афганістане на судовым працэсе над Алексіевіч былі гэткімі ж шчырымі, як і раней іх сьлёзы над цынкавымі трунамі сыноў. Але і ў адным, і ў другім выпадку былі яны вынікам мілітарысцкіх, па сутнасьці, імпэрскіх інтарэсаў цынічных палітыкаў з пагонамі.

Такія палітыкі з пагонамі — на вяршыні ўлады і ў Маскве, і ў Менску. І ўжо ня першае дзесяцігодзьдзе.

На судовым працэсе ў 1993-м Сьвятлана Алексіевіч заўважыла: «Невозможно у мужчин безнаказанно забрать эту самую любимую... самую дорогую игрушку — войну. Этот миф... Этот древний инстинкт...».

Цяпер, як мне падаецца, гэтыя словы можна паставіць пад сумнеў — гендэрная розьніца размываецца ўсё болей. Мы бачым ня першы год усе гэтыя «бесьсьмяротныя палкі», канцэрты з танцавальнымі нумарамі дзяўчат у вайсковай форме, бачым, як жанчыны апранаюць сваіх дзяцей у салдацкія гімнасьцёркі і нават навешваюць на іх баявыя мэдалі, садзяць на ровары, аформленыя ў выглядзе танкаў і баявых самалётаў. Бачым і сэлфі жанчын на фоне БТРаў і нават ракетных комплексаў.

У Беларусі такога меней (пакуль што), але ў шмат якіх школах лічыцца абавязковым звазіць дзяцей на экскурсію на «Лінію Сталіна», дзе яны ўбачаць і нават памацаюць сапраўдную вайсковую тэхніку.

Усё гэта спрыяе ўсьведамленьню вайны не як канцэнтрацыі мільёнаў трагедый, а як нечага будзённага. Што, сапраўды, можна лёгка і бесклапотна паўтарыць.

Масква, 9 траўня 2020
Масква, 9 траўня 2020

...Сёньня ў тэлеграм-каналах убачыў некалькі відэаролікаў з Расеі. На адным — пад’езд гарадзкога дому, хлопец кладзе нагу на прыступку, і ягоны сябра скача на нагу зьверху, усёй сваёй вагой. Дзікі крык, мацяршчына, але — ёсьць, пералом! Значыць, мабілізацыі ўдасца пазьбегнуць!

На другім, зьнятым, як выглядае, у расейскай жа вёсцы, хлопец з усёй сілы б’е не абы-якім малатком па руцэ сябра. Але, відавочна, трапляе толькі па мяккіх тканках, не па костцы — мацяршчына ёсьць, пералому няма. «Можем повторить»?

А на трэцім ад ваенкамату ў нейкім расейскім гарадку ад’яжджаюць аўтобусы з мабілізаванымі. Грае вайсковы аркестар, жанчыны махаюць усьлед — і плачуць.

Але аркестар грае куды гучней за плач.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG