Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аўганскі сындром». Кабульскі фугас Алега Ляшэнкі і вяртаньне з таго сьвету


Савецкая бронекалёна на маршы
Савецкая бронекалёна на маршы

Да 30-годзьдзя вываду савецкіх войскаў з Аўганістану, якое адзначаецца 15 лютага, Свабода публікуе цыкль матэрыялаў пра тагачасныя падзеі і іх беларускіх удзельнікаў. Гісторыя чацьвёртая — пра пакалечанага дэсантніка-гранатамётчыка Алега Ляшэнку, адзінага ў Беларусі жывога кавалера ордэна Чырвонага Сьцяга сярод шарагоўцаў.

Ваенная эпапея Алега Ляшэнкі

  • Дэсантная рамантыка: пакрокавая рэалізацыя падлеткавай мары.
  • На сустрэчных курсах: дэмбелі — у Беларусь, маладняк — у Аўган.
  • Апошні фугас ягонай вайны: неспадзяванае вяртаньне з таго сьвету.
  • Пасьля выбуху: страчанае вока, тытанавы чэрап, прастрэленая рука.
  • «Цынкавыя хлопчыкі»: калектыўны пазоў супраць Сьвятланы Алексіевіч.

Нарыхтоўка дроваў
Нарыхтоўка дроваў

Калі дамаўляліся на гутарку з Алегам Ляшэнкам, той запэўніў, што ягоны дом у Альхоўцах не абмінём нават пры жаданьні: у двары пад шатамі разлапістага грэцкага арэха ўзьняты сьцяг паветрана-дэсантных войскаў з дэвізам «Ніхто, акрамя нас».

Гаспадар сустракае журналістаў па-баявому, зь сякерай наперавес: здаровай рукой (з прышытым вялікім пальцам) калоў цуркі для печы. У перабітай — абавязковая цыгарэта. Пад Ляхавічамі Алег і ягоная жонка Марына жывуць некалькі апошніх гадоў, перабраліся сюды зь Менску. Ён інвалід ІІ групы, літаральна сабраны па частках пасьля падрыву фугасу, яна ў мінулым апэратар ЭВМ на вайсковым заводзе, у вёсцы ратуецца ад астмы.

Марына і Алег Ляшэнкі
Марына і Алег Ляшэнкі

Праважатым вызваўся быць Юры Нікіцін, блізкі сябра сям’і. Таксама «аўганец», трапіў у Кабул артылерыстам на самым пачатку кампаніі. Пасьля дэмабілізацыі марыў хутчэй уцячы з Заўральля, праз аб’яву зьвязаўся зь беларускай. Прыехаў у Менск, пабраліся шлюбам. Неўзабаве пазнаёміўся з Алегам, які праходзіў курс рэабілітацыі пасьля раненьняў. І вось ужо 33 гады яны называюць сябе «братамі». Іх сяброўства паказальнае для цяперашняга часу: Нікіцін — расеец з Кургана, Ляшэнка — украінец з-пад Адэсы.

Юры Нікіцін і Алег Ляшэнка пад дэсантным сьцягам
Юры Нікіцін і Алег Ляшэнка пад дэсантным сьцягам

«Гэта цяпер ужо нармальна, а як мы толькі сышліся, жылі проста ў галечы: яны здымалі паўдома ў Новым Двары, я жыў у цешчы на другім паверсе — куратнік большы, усю галаву адбіў, — расказвае на пасажырскім месцы Юры Нікіцін. — Толькі і пасьпяваў рабіць на фабрычным канвэеры і потым яшчэ падпрацоўваць вечарамі, каб хоць неяк іх падцягнуць. Марынка цяжарная, Кацюха зусім малая, гады два. Памятаю, дождж ліе, прыяжджаюць да мяне на Алегавым трафэйным „запарожцы“: стомленыя, ззаду малая дрыхне. У той карціне — усё тагачаснае жыцьцё...»

Бывай, Украіна! Сустракай, Беларусь!

Алегу Ляшэнку 55 гадоў, родам ён з украінскага сяла Аляксандраўка, што побач з портам Чарнаморскам (былы Ільлічоўск) Адэскай вобласьці. Яшчэ калі вучыўся ў школе, бацька аднекуль прынёс кніжку пра паветрана-дэсантныя войскі, сяміклясьніка рамантыка службы зачаравала. Засмучала толькі фізычная кволасьць — мог падцягнуцца ўсяго пару разоў. Пачаў займацца барацьбой, боксам. Па дапаможніку асвойваў каратэ: спрабаваў біць цэглу, паламаў не адзін нож, пакуль вучыўся кідаць. За перабітыя рукі і папсаваную маёмасьць яму ня раз улятала ад бацькоў.

Алег (зьлева) пасьля купаньня зь сябрамі
Алег (зьлева) пасьля купаньня зь сябрамі

У 10-й клясе зь сябрам запісаліся ў парашутную сэкцыю ДТСААФ, якую вёў сапраўдны дэсантнік. Падымаліся а 5-й раніцы, каб перабежкамі і зь перасадкамі 3-4 гадзіны дабірацца да месца скачкоў з «кукурузьніка». Пасьля школьных іспытаў рэшту лета прысьвяцілі новаму захапленьню.

А 23 кастрычніка 1981-га прыйшла позва зь Ільлічоўскага ваенкамату — яшчэ за два дні да 18-годзьдзя. Бацькі абурыліся; тады далі пяцідзённую адтэрміноўку на адзначэньне дня нараджэньня сына. З другой спробы зноў не забралі, адклалі на 9 лістапада.

Курсант Ляшэнка (зьлева) у лосьвідзкай вучэбцы
Курсант Ляшэнка (зьлева) у лосьвідзкай вучэбцы

Іх каманду рыхтавалі ў будаўнічы батальён у Польшчу, ды не даехалі «купцы». Алег з зайздрасьцю пазіраў, як у прызыўным пункце дзясятак хлопцаў гуртаваліся вакол афіцэра з парашутам на шаўроне. І скіраваўся ў штаб, каб «пераразьмеркавалі». Якім было ягонае зьдзіўленьне, калі праз 5 хвілін выйшаў прапаршчык і працягнуў дакумэнты капітану-дэсантніку.

«На шчасьце ці бяду, праз пару дзён я быў у Віцебску: у 317-ы полк звозілі курсантаў з усяго Саюзу», — кажа пра свой зацягнуты прызыў Алег Ляшэнка.

Наступныя паўгода прайшлі ў на вайсковай базе Лосьвіда Віцебскага раёну, дзе пасярод лясоў месьціліся «вучэбка» і стрэльбішча. 27 сьнежня, у дзень нараджэньня легендарнага камандуючага паветрана-дэсантнымі войскамі СССР Васіля Маргелава, разам з сотнямі навабранцаў ён прыняў прысягу. Наступныя месяцы асвойваў РПГ-16 — рэактыўны супрацьтанкавы гранатамёт. Згадвае, што было холадна, голадна, але весела.

Зь Віцебшчыны на Кабульшчыну

У лютым 1982 году першую партыю курсантаў выцягнулі пасярод вучэбнага працэсу: спраўджваліся размовы ў курылках, што ў Лосьвідзе рыхтуюць да вайны. У Аўганістане ўжо востра адчуваўся недахоп жывой сілы: савецкія войскі сваю «місію» зьбіраліся завершыць за некалькі месяцаў, а на справе толькі глыбей загразьлі. Перад адпраўкай разьнеслася пагалоска, што там няма чым есьці, — і кожны засунуў у бот па лыжцы.

На стрэльбішчы ў Лосьвідзе
На стрэльбішчы ў Лосьвідзе

«А тым, хто застаўся, давялося дзяліць адну лыжку на дваіх, — сьмяецца Алег. — Нас патрывожылі ў сярэдзіне красавіка, калі з новым прызывам пачалі прыбываць маладыя — агулам вучэбны цэнтар разьлічаны на 1500 салдат.

Чалавек 70 перакінулі ў Зялёны гарадок пад Віцебскам, там мы два тыдні проста „балдзелі“. Не пасьпелі нават спужацца стараслужачых, бо гэта кадраваная частка, дзе стаялі дывізійныя выведнікі, сапэры, мінамётчыкі, у кожнай роце па 15 чалавек. Ды каб у іх і зьявілася спакуса „пазнаёміцца“, яшчэ паглядзелі б, хто каго».

26 красавіка, пасьля двухтыднёвага адпачынку, «паўгадавалых» пасадзілі ў машыны і павезьлі пад Воршу — на вайсковы аэрадром Балбасава. Увечары там прызямліўся борт Ту-154, які, прызнаецца тагачасны курсант Ляшэнка, ён запомніць на ўсё жыцьцё.

Шараговец паветрана-дэсантных войскаў Ляшэнка
Шараговец паветрана-дэсантных войскаў Ляшэнка

«Сталі сьведкамі, як з Аўгану вяртаюцца нашы дэмбелі: форма Туркестанскай вайсковай акругі, адкрытыя гімнасьцёркі зь цяльняшкамі. Як яны выходзілі і цалавалі зямлю, радаваліся — гэта трэба было бачыць. Мы ж тады нічога не разумелі, толькі потым дайшло, у чым справа. Нават крыху пужала... Карацей, яны сюды, нас на іх месца — і самалёт узяў курс на Ашгабад. Пад раніцу прызямліліся ў закутку аэрадрома, вывелі разьмяць ногі. Гарачыня немагчымая, а мы ўпакаваныя па-зімоваму: бушлат, аблавух, боты, цёплае сподняе».

«Адаптацыя» заняла ўсяго 3 гадзіны: самалёт дазаправіўся, пасажыраў паклікалі на месцы. Па абедзе 27 красавіка ўжо выгружаліся ў Кабуле. Тым ня менш досьвед тэмпэратурных перападаў быў улічаны і Лосьвіду зь пераліку «аўганскіх» цэнтраў неўзабаве выключылі: рыхтаваць рэзэрв зімой і кідаць у 40-градуснае пекла прызналі немэтазгодным.

На такіх БМД-1 Алег Ляшэнка выпраўляўся ў рэйды
На такіх БМД-1 Алег Ляшэнка выпраўляўся ў рэйды

Падразьдзяленьне Ляшэнкі раскватаравалі на тэрыторыі аўтабатальёну аўганскай арміі — сьляды падпалінаў на аконных рамах і сьценах нагадвалі пра штурм урадавых аб’ектаў савецкім спэцназам у сьнежні 1979-га. А празь месяц перавялі ў асобны полк, дзе 1-у батальёну адвялі пляц пад армейскія намёты. Пачаліся цягучыя будні, бо «вайна — гэта таксама праца», канстатуе суразмоўца.

Як з грузу 200 стаў грузам 300

Функцыяй экіпажаў баявых машын дэсанту (БМД-1) была ахова пунктаў кантролю горнага пэрымэтру вакол Кабулу. Паводле сьпісачнага раскладу Алег Ляшэнка ўжо меў ручны кулямёт: паколькі часьцяком даводзілася рабіць вылазкі ў горы, ад цяжкага габарытнага гранатамёта адмовіліся.

Алег і Сяргей Ляшэнкі ў Самаркандзе, пачатак 1983 году
Алег і Сяргей Ляшэнкі ў Самаркандзе, пачатак 1983 году

Пад канец 1982 году здарыўся незаплянаваны адпачынак: ён захварэў на жаўтуху і быў перапраўлены ў СССР, лячыўся ў Самаркандзе. Скарыстаўшы момант, зь Ільлічоўску прыляцеў бацька, на памяць пра тыя дні ёсьць фатакартка.

Па вяртаньні назад жыцьцё вярнулася ў звыклую каляіну. Усё часьцей здараліся надзвычайныя сытуацыі, колькі разоў у думках разьвітваўся з жыцьцём толькі ў Панджшэры, які салдаты паміж сабой называлі няйначай, як «даліна сьмерці». Апошні дзень вайны, зафіксаваны ў памяці, датаваны 9 сакавіка 1983-га.

«Двума БМД і БТР-Д пераяжджалі на новае месца базаваньня, — аднаўляе карціну Алег Ляшэнка. — Я быў у першай машыне, набліжаліся да кішлака. Ня ведаю, ці стаяў фугас на запаволеным падрыве, але першыя каткі прайшлі, ірванула ўжо пад заднімі. Мяне выкінула разам з маторным адсекам і дэсантным люкам — як хлопцы сьмяюцца, галавой адчыніў дзьверы. Другая БМД, аб’яжджаючы, наехала ня пяхотную міну, нічога сур’ёзнага. Трэцяя спынілася, бо пачалі масіравана абстрэльваць з кішлака. тады я яшчэ дзьве кулі злавіў — няма локцевага сустава, увесь раструшчаны».

Аўганскія цясьніны
Аўганскія цясьніны

Зь сямі чальцоў экіпажу пяцёх парвала на шматкі. Гэта значыць, робіць выснову суразмоўца, для большай надзейнасьці пад фугас муджагеды заклалі супрацьтанкавую міну. Сіла выбуху была такой, што дно машыны прабіла, стальную вежу развараціла, а ствол гарматы сагнула, як цьвік. Напаўжывымі засталіся тыя, каго выкінула вонкі — ён сам ды батальённы зампаліт, якому адсекла абедзьве нагі.

Алег апрытомнеў праз два тыдні ў ташкенцкім шпіталі. Там і зразумеў, што нарадзіўся ў кашулі: шанец выкараскацца быў адзін на сотню. Верталёты прыляцелі толькі праз 40 хвілін, увесь гэты час не спыняўся абстрэл ацалелых БМД. Калі з фрагмэнтамі іншых целаў яго без прыкметаў жыцьця паклалі ў грузавы борт, то залічылі ў так званы груз 200, да забітых. Але мэдык нечакана намацаў пульс на шыі — і перавёў у параненыя, «груз 300». Каб ня дасьведчанасьць спэцыяліста, Ляшэнка памёр бы ад страты крыві.

Алег Ляшэнка на Чыжоўскіх могілках Менску
Алег Ляшэнка на Чыжоўскіх могілках Менску

Потым былі шпіталі ў Кабуле і Ташкенце, аднак цяжкія раненьні вымагалі кваліфікаванага хірургічнага ўмяшаньня. Так другі раз Ляшэнка трапіў у Беларусь.

«Адна рука прастрэленая, на другой целяпаюцца пальцы; нага пераламаная; галава раструшчаная на дзьве паловы; вочны яблык вырваны, у целе асколкі, — пералічвае ён. — Спачатку рэанімацыя кабульскага шпіталя, апэрацыю рабілі беспрытомнаму: выбралі чарапныя косьці, каб не пашкодзілі мозг, склалі раздробленую руку, умацавалі нагу. Потым Ташкент, там затрымаўся ўсяго на тыдзень. А ўжо адтуль санітарным самалётам (тры шэрагі падвешаных палатняных ложкаў) праз Арэнбург і Маскву даставілі ў Менск. Каб не шакаваць пацыентаў, выгружалі ўжо пасьля адбою».

Канвэер плястычных апэрацый

У шпіталях Алег Ляшэнка прабыў шмат даўжэй, чым ваяваў. За тры гады перанёс два дзясяткі апэрацый: толькі чатыры пад агульным наркозам, падчас астатніх разглядаў столь ды размаўляў з хірургічнай брыгадай.

Юры Нікіцін (зьлева) і Алег Ляшэнка (справа) зь сябрамі
Юры Нікіцін (зьлева) і Алег Ляшэнка (справа) зь сябрамі

На першыя 6 месяцаў прыпісаўся ў аддзяленьні нэўрахірургіі вайсковага шпіталя, дзе рабілі апэрацыі і адначасова аднаўлялі. Па-новаму вучыўся хадзіць і сядзець, трымаць лыжку і аловак, мыцца і галіцца. Увосень перавялі ў аддзяленьне сківічна-тварнай хірургіі 9-й клінікі.

Тры апэрацыі перасадкі скуры, каб аднавіць твар. Зьмірыўся, што глядзець трэба прывыкаць праз адно вока: левае проста вырвала. За пару дзён да новага 1986 году спэцыялісты Навукова-дасьледчага цэнтру імя Бурдэнкі ў Маскве ўзмацнілі лобную частку тытанавай пласьцінай. Да таго часу дэфармаваны чэрап хаваў пад доўгай шавялюрай.

Паказ фільму «Боль» у кінатэатры «Кастрычнік», 1989 год
Паказ фільму «Боль» у кінатэатры «Кастрычнік», 1989 год

Прыйшла чарга траўматалёгіі. Руку бяз локцевага сустава зафіксавалі ў Г-падобным стане. Левую нагу ламалі і складвалі наноў. Далей апарат Елізарава — і адзінае суцяшэньне, што абыдзецца без пратэза.

«Празь дзень на воку мяняю павязку, стэрылізацыя — прасам, — кажа Алег. — А наогул пасьля ўсяго перажытага да балячак стаўлюся спакойна. Праўду кажуць: калі раніцай устаў і нічога не трывожыць, значыць, памёр. У мяне остэаміеліт косьці левай нагі: пэрыядычна запаляецца, хоць на сьцяну лезь. Калі апухае і ўжо відаць нарыў, заву ня лекараў, а жонку — каб дала што-небудзь у зубы. Заціскаю якую дзеравяку, бяру нож — шарах зьверху, ну і вызваліўся. А цяпер, кажу, пайду я, маці, пакуру. Пот абцёр — ды выплываю пад любімы арэх у двары».

Мінуў першы год шпітальнага маратону, калі Алега Ляшэнку дагнала навіна аб прысваеньні высокай узнагароды — ордэна баявога Чырвонага Сьцяга (вышэй ужо Зорка Героя). За аўганскую кампанію ў Беларусі ўсяго два шарагоўцы сталі яго кавалерамі, з жывых застаўся толькі ён.

Памяць пра кулявыя раненьні
Памяць пра кулявыя раненьні

​«Настаў 1984 год, а я ўсё лячуся. Стаім перад сталоўкай траўматалёгіі. Падыходзіць парторг, таксама „аўганец“: „Ну што, Чырвоную Зорку ў руках утрымаеш?“. Кшталту пакпіў — я тады з палачкай хадзіў. „Трэба будзе, дык патрымаю, табе што?“ І разышліся. А праз колькі часу гляджу, па аддзяленьні соўгаецца дзядок у генэральскіх лямпасах, пасьля абеду ўсіх клічуць у клюб. Набілася поўная заля: афіцэры, партыйцы, хворыя. І раптам на сцэну выклікаюць мяне: вось табе ордэн баявога Чырвонага Сьцяга. Узяў — ды ўцякаць. Праўда, далёка адысьці не далі: а замачыць?!»

Гулялі шумна і ад душы: за парушэньне рэжыму мэдыцынскай установы назаўтра нават давялося «адгрэбці» ад галоўнага ўрача.

Шпітальны раман і сапраўдная сям’я

Успаміны сярэдзіны 1980-х зьвязаныя ня толькі з палатамі і іх насельнікамі, а і спробай наладзіць асабістае жыцьцё. Алег пазнаёміўся з жанчынай, якая выпраўляла наступствы няўдалай плястычнай апэрацыі, «праскочыла іскра». «Аўганец» тым часам атрымаў аднапакаёвую кватэру ў менскім Уруччы, ужо было куды прыткнуцца пасьля выпіскі. Сышліся, але надоўга рамантыкі не хапіла: «маладая» неўзабаве выставіла жаніха, прысабечыўшы жылплошчу.

Алег і Марына (стаяць справа) на вясельлі ў сябра
Алег і Марына (стаяць справа) на вясельлі ў сябра

А празь нейкі час у жыцьці Алега паўстала Марына: сёлета ў траўні будзе 30 гадоў, як яны разам. У іх дзьве дарослыя дачкі — Кацярына і Натальля. Ці ўсьведамляла тады яшчэ маладая дзяўчына, што давядзецца дзяліць усе клопаты мужа-інваліда?

«Мы пазнаёміліся ў 1989 годзе на навасельлі ў ягонага сябра, і мне Алег спадабаўся адразу, — кажа Марына Ляшэнка-Жукоўская. — Па-першае, ён сам па сабе цікавы чалавек. Я ўжо не кажу пра выпрабаваньні, якія выпалі на яго долю. Не выносіць двудушнасьці, адкрыта выказваецца, нават занадта жорстка. Па-другое, на трэці дзень зрабіў мне прапанову, ну куды было падзецца? А ці баялася адказнасьці? Пра гэта нават ня думала. Хутчэй наадварот, якраз я адчуваю сябе за ім абароненай. Наогул мы зь ім „плюс і мінус“, таму адно аднаго ўраўнаважваем».

Алег з дачкой Натальляй
Алег з дачкой Натальляй

Тры гады таму Ляшэнкі зьехалі зь Менску і пасяліліся ў адным канцы «здвоенага» дома ў вёсцы Альхоўцы за 10 кілямэтраў ад Ляхавічаў. Марына пакутуе на астму і цэлы «букет» спадарожных хваробаў. У горадзе задыхалася, альтэрнатывы не засталося. Праўда, ад пачатку пляны былі іншыя. Прыгледзелі жыльлё на радзіме Алега — на беразе Чорнага мора побач зь ліманам пад колішнім Ільлічоўскам. На жаль, Украіна стала арэнай збройнага канфлікту, а зноў акунуцца ў вайну жаданьня не было.

Так паўстаў варыянт з поўднем, але беларускім. Жытло глядзелі летам, рыэлтар нястомна расхвальваў спалучэньне цаны і якасьці. Але з надыходам халадоў павылазілі прыхаваныя нюансы: пастаянная сырасьць, цьвіль на сьценах, пуста пад падлогай, хісткі падмурак.

Хібы вясковай нерухомасьці
Хібы вясковай нерухомасьці

Потым прыйшлі газаўшчыкі, забракавалі злучальныя патрубкі, забаранілі карыстацца балёнамі. Ежу гатавалі на электраплітцы. Выбраўшы льготны ліміт, непрыкметна ўлезьлі ў камэрцыйны тарыф. З Алегавай пэнсіяй 480 рублёў (сацыяльная плюс «баявая») своечасова заплаціць ня здолелі, пайшла пеня. Да дома «адрэзалі» падачу электрычнасьці.

Першымі на дапамогу пасьпяшаліся землякі-адэсіты: езьдзілі валянтэрамі па гарадзкіх і вясковых клюбах, давалі дабрачынныя канцэрты, каб сабраць грошы пацярпелай сям’і. За «несанкцыянаваныя мерапрыемствы» траплялі ў міліцыю. Далучыўся міжнародны фонд «Баявое братэрства бязь межаў», дзе кіраўніком — двойчы паранены ў Аўганістане палкоўнік запасу Віктар Сівохін. Разам сабралі сродкі, пагасілі доўг і набылі дровы на зіму.

Сябры зь юбілейным мэдалём да 30-годзьдзя вываду з Аўганістану
Сябры зь юбілейным мэдалём да 30-годзьдзя вываду з Аўганістану

Юры Нікіцін, найбліжэйшы сябра Алега Ляшэнкі, ня стрымлівае эмоцый: каб прысароміць калегаў, тэлефанаваў нават намесьніку старшыні рады Беларускага саюзу вэтэранаў вайны ў Аўганістане Ўладзімеру Баршчову. Але як з гуся вада, канстатуе ён.

«Так і сказаў яму: генэрал ваш, пацук кабінэтны, відаць, зусім зажраўся (інакш назваць не магу). Ясна, калі сядзіш на фондзе і кожны тыдзень езьдзіць натоўп у Маскву на банкеты, табе не да інвалідаў. Колькі праезд туды-назад? Баксаў 100 на кожнага, бясплатна ня возяць. А гулянкі за чый кошт? Што, на гэта ідуць фондавыя грошы? Чалавек шмат ня просіць, з дровамі дапамажыце, і ўсё, вам залічыцца! Музыканты з Украіны паўгода езьдзяць па Беларусі, каб хоць неяк дапамагчы. Думаеце, саюз паспрыяў? Якое! Яшчэ і міліцыю нацкоўваюць, непрыемнасьці ў кожным горадзе».

Алег Ляшэнка
Алег Ляшэнка

Алег Ляшэнка ўдзячны паплечнікам за дапамогу, але роспачы таксама не хавае: крыўдна, пабываўшы пешкай на вайне, страціўшы здароўе і пэрспэктывы, апынуцца сам-насам са сваімі бедамі.

«Як так разумею: дзяржава выправіла на вайну, то мусіць і апекавацца — ня важна, савецкая, беларуская ці ўкраінская. Знайшлі ж, як прысьпічыла. А стаў інвалідам, дык і не патрэбен. Нібыта няма „аўганскага сындрому“, як „віетнамскага“ ў амэрыканцаў. Але там сваіх вэтэранаў даглядаюць, лечаць, псыхолягі працуюць. А ў нас? Хутчэй забыцца, пахаваць? Ня так шмат ужо і засталося, неўзабаве нікога ня будзе... Вось 15 лютага зь Юрам насупраць сядзем, бутэльку каньяку паставім — і за пару гадзін можам кілішак не асіліць. Памаўчым, паўспамінаем — самі сабе псыхолягі».

Жарсьці вакол «Цынкавых хлопчыкаў»

У 1992 годзе група маці загінулых «аўганцаў» падала ў суд на пісьменьніцу Сьвятлану Алексіевіч. Падставай стаў «абразьлівы», на іх думку, паказ іхных сыноў у дакумэнтальнай кнізе «Цынкавыя хлопчыкі». Далучыўся да калектыўнага пазову і Алег Ляшэнка — адзін з герояў кнігі, праўда, пад зьмененым прозьвішчам. Патрабаваў, каб аўтарка публічна папрасіла прабачэньня і кампэнсавала маральны ўрон — 50 тысяч тагачасных рублёў.

Пасьля першай і адзінай сустрэчы бакоў судзьдзя ўзяла самаадвод, разьвіцьця працэс не атрымаў. Ці зьмяніў былы гранатамётчык стаўленьне да аўтаркі, якая атрымала Нобэлеўскую прэмію ў тым ліку за аповед пра тую вайну? Кажа, што ня хоча варушыць мінулае, але «асадак застаўся».

Алег Ляшэнка ў Альхоўцах
Алег Ляшэнка ў Альхоўцах

«Яна запрасіла мяне дадому, мы пасядзелі, пагаварылі, нейкія моманты я расказаў, — успамінае Алег Ляшэнка. — Але на выхадзе аказалася так, як зручна ёй, я там толькі „абагульнены вобраз“. Паслухала аднаго, другога, прыгожа абгарнула — і атрымалася чытво! Добра, што тэма была ўзьнятая, дрэнна, што надрукаванае — часткова няпраўда ад пачатку. Бо калі я пры табе расказваю, а ты запісваеш, ну дык і кажы праўду, навошта дадумваць за іншых, рабіць уласныя высновы? Напішы, каб у народу валасы дубам сталі, хай маці заплачуць, завыюць на магілах. Што ж казкі расказваеш?»

Сьвятлана Алексіевіч у гутарцы са Свабодай не аспрэчвае факту «зборнага вобразу», аднак перакананая: каго да суду і варта прыцягваць, дык гэта тых, хто выпраўляў маладых хлопцаў на сьмерць. Што тычыцца прозьвішча, зьмяніла наўмысна, каб абараніць ад перасьледу КДБ: «аўганцаў» прымушалі падпісваць паперы аб невыдаваньні тайны.

Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

«Думаю, уся задума з судом была не ягонай воляй: тое, пра што Алег думаў сапраўды, ён расказаў мне, — кажа нобэлеўская ляўрэатка. — У мяне да яго няма перадузятага стаўленьня — пісьменьнік апрыёры ня можа быць помсьлівым. Вельмі добра выказаўся адзін з герояў кнігі: праўда ва ўсіх свая — у салдата, маці, аўтара. Але дзяржава заганяе ў такую сыстэму, адкуль чалавек ня можа вырвацца: ня хочацца, каб усё аказалася дарэмна. Хлопцы былі падманутыя; спадзяюся, Алег нарэшце гэта зразумеў. Але як па мне, галоўнае, каб вакол яго былі блізкія людзі, каб ён нарэшце выйшаў з той вайны і пражыў яшчэ адно, нармальнае чалавечае жыцьцё».

Юбілейны мэдаль
Юбілейны мэдаль

Беларусы ў аўганскай вайне

  • Зьвесткі пра колькасьць беларускіх ахвяраў 10-гадовай аўганскай вайны разыходзяцца: ад 711 да 789 загінулых з агульнага ліку больш як 30 тысяч мабілізаваных (хібнасьць даюць тыя, хто памёр неўзабаве пасьля дэмабілізацыі).
  • Прыблізна 1500 беларусаў атрымалі раненьні, больш за палову параненых вярнуліся інвалідамі.​
  • Яшчэ 12 прозьвішчаў значацца ў пераліку зьніклых бязь вестак ці ўзятых у палон — прычым гэта ня толькі вайскоўцы, а і цывільныя.
  • Грамадзянская вайна ў Аўганістане пачалася зь дзяржаўнага перавароту ў 1978 годзе, калі Народна-дэмакратычная партыя скінула аўтарытарную дыктатуру Мухамэда Дауда, а ісламская апазыцыя пачала супраціўляцца рэформам. СССР увёў войскі ў Аўганістан у 1979 годзе на просьбу прасавецкага аўганскага кіраўніцтва. ЗША ў той час сакрэтна падтрымлівалі антыўрадавыя сілы — муджагедаў.
  • Вывад савецкіх войскаў пачаўся ўвесну 1988 году на падставе Жэнэўскага пагадненьня аб палітычным урэгуляваньні сытуацыі ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Аўганістан. Апошняя калёна перасекла мяжу 15 лютага 1989-га: гэты дзень лічыцца афіцыйным канцом той вайны.
  • Агулам за ўсю кампанію праз Аўганістан прайшлі больш за паўмільёна салдат і цывільных з усіх былых саюзных рэспублік. Былі забітыя і памерлі ад хвароб 13 833 чалавекі, паранена блізу 50 тысяч. Інвалідамі сталі каля 7 тысяч, яшчэ тры сотні зьніклі бязь вестак.
  • Пасьля вываду савецкіх войскаў у Аўганістане працягнуліся войны: неўзабаве муджагеды зрынулі прасавецкі ўрад, зь імі пачаў ваяваць радыкальны рух «Талібан». У 2001 годзе ў краіну ўвялі свае войскі ЗША і іншыя чальцы NATO, а талібаў падтрымалі тэрарысты «Аль-Каіды», але дамагчыся кантролю над усёй краінай нікому не ўдалося і сёньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG