Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аўганскі сындром». Вайна, жыцьцё і сьмерць бязногага вэтэрана Лёні Казімірава


Леанід Казіміраў (справа) ў Кабуле

Да 30-годзьдзя вываду савецкіх войскаў з Аўганістану, якое будзе адначацца 15 лютага, Свабода публікуе цыкль матэрыялаў пра тагачасныя падзеі і іх удзельнікаў. Гісторыя першая — пра «аўганца» Леаніда Казімірава, які не дажыў да гэтага юбілею.

22 студзеня ў калюмбарыі Ўсходніх могілак Менску пахавалі 54-гадовага вэтэрана-«аўганца» Леаніда Казімірава. Ён памёр яшчэ ў канцы мінулага году, месяц заняла чарга на крэмацыю. Сьмерць настала пасьля ампутацыі спачатку адной, а празь некалькі месяцаў і другой нагі.

Разьвітаньне было сьціплым — прыйшлі сястра зь сяброўкай ды старшыня фонду дапамогі інвалідам аўганскай вайны «Баявое братэрства бязь межаў» Віктар Сівохін. Менавіта ён у апошнія месяцы аказаўся адзіным сувязным Казімірава з вонкавым сьветам, апавёўшы гісторыю жыцьця і сьмерці баявога таварыша.

Гісторыя сьцісла

  • Пасьля двух дзясяткаў гадоў працы сьлесарам на Менскім мотавэлязаводзе Леанід Казіміраў быў звольнены. Адміністрацыю не задаволіў стан здароўя: балелі ногі, было пакутай што стаяць, што сядзець.
  • Працаваў дворнікам, грузчыкам, таксама ня вытрымаў. У 51 год застаўся бяз сродкаў да існаваньня: бацькі памерлі, уласнай сям’ёй не абзавёўся. Прасіць дапамогі не дазваляў гонар — не калека ж.
  • Пасьля страты працы ўпаў у дэпрэсію, з кватэры амаль не выходзіў. Назапасіліся даўгі па камуналцы: спачатку перакрылі электрычнасьць і газ, сьледам суд пастанавіў пакінуць жылую плошчу.
  • Леанід забарыкадаваўся і замацаваў пятлю на выпадак штурму. Калі калегі-аўганцы даведаліся пра ягоны лёс, альтэрнатывы апэрацыйнаму сталу ўжо не было. Казіміраў крыху не дацягнуў да 55-гадовага юбілею.
Апошні прытулак у калюмбарыі
Апошні прытулак у калюмбарыі

Шураві са Случчыны

Савецкіх вайскоўцаў, якія ў 1979 годзе ўварваліся ў іх краіну, аўганцы называлі «шураві». Адным зь іх быў Леанід Казіміраў, які паходзіў зь вёскі Калініна на Случчыне.

Пасьведчаньне ўдзельніка баявых дзеяньняў
Пасьведчаньне ўдзельніка баявых дзеяньняў

Пасьля школы быў прызваны ў войска, трапіў у Аўганістан, служыў цягам 1983–85 гадоў. Пра ягоны ўдзел у баях зьвестак мала. Вядома, што ахоўваў на дальніх подступах вайсковы аэрадром Кабула — на горных пастах абапал сталіцы.

Сам потым расказваў, што па маладосьці, калі яшчэ быў «духам», замест дзьвюх гадзін даводзілася стаяць на марозе шэсьць, а то і восем. Пэўна, тады і застудзіў ногі: калі ў Кабуле, які сам на вышыні амаль 2000 мэтраў над узроўнем мора, можа быць плюс 30 градусаў, то на гарах-чатырохтысячніках тым часам мінус 20.

Беды пасьля «дэмбэлю»

Леанід дэмабілізаваўся, вярнуўся ў родную хату. Аказалася, што маці, калі даведалася, куды забралі служыць сына, адразу ж зьлегла, захварэла на рак. Брат Аляксандар ажаніўся і зьехаў у Жодзіна, сястра Таіса яшчэ раней перабралася ў Менск, бывала толькі наездамі. Даглядаў матулю адзін, пакуль яна не памерла ў яго на руках. Ад таго часу на родных затаіў крыўду, з братам стасункаў так і не аднавіў.

Лёня (зьлева) з мамай і братам Сашам
Лёня (зьлева) з мамай і братам Сашам

У дадатак ад кароткага замыканьня здарыўся пажар, дашчэнту згарэла бацькоўская хата. Спачатку перабіваўся нізкакваліфікаванымі работамі, затым падаўся ў Менск, уладкаваўся на мотавэлязавод. Тут і даліся ў знакі марозныя ночы Кабула: праз праблемы з судзінамі ў ногі пераставала паступаць кроў, перапынкі паміж бальнічнымі рабіліся ўсе меншымі.

Ні заробку, ні пэнсіі

Пасьля 17 гадоў працы кантракт зь ім не працягнулі. Ні заробку, ні пэнсіі, ні сямейнай падтрымкі. Абабіваньне парогаў аддзелаў кадраў іншых прадпрыемстваў плёну ня мела: паглядзеўшы мэдыцынскую выпіску, адмаўлялі. Сяброўка, зь якой пражылі некалькі гадоў, кінула, паехала дадому ва Ўкраіну. Застаўся адзін.

Не хапала на самае элемэнтарнае, у тым ліку на камунальныя плацяжы. За пазыкі (агулам набегла 220 рублёў) ягоную кватэру на вуліцы Адзінцова адрэзалі ад сьвятла і газу. Наступным крокам мела стаць прымусовае высяленьне. Менавіта на гэтым этапе пра Леаніда Казімірава даведаўся Віктар Сівохін. Ён дагэтуль ня мае адказу: чаму за паўгода ніхто не зацікавіўся «аўганцам», які жыў у цемры, без магчымасьці гатаваць ежу?

Віктар Сівохін на Ўсходніх могілках
Віктар Сівохін на Ўсходніх могілках

«Затэлефанавала юрыстка ЖЭСу: у лютым 2018-га набыло афіцыйную сілу судовае рашэньне пра высяленьне Казімірава без прапановы жыльля, — кажа кіраўнік фонду „Баявое братэрства бязь межаў“. — Папросту выкідалі на вуліцу.

Я не разумею: навошта так радыкальна? Каб напалохаць іншых? Чаму не падняць грамадзкасьць, не зьвярнуцца ў сацыяльную абарону? Справа ж ня ў тым, аўганец ці хто. Розныя жыцьцёвыя сытуацыі, трэба вырашаць. Наехалі на гэтага няшчаснага Лёньку: маўляў, прыехалі высяляць, а ня можам адчыніць дзьверы. Дапамажыце, раз займаецеся аўганцамі».

Замураваны ў чатырох сьценах
Замураваны ў чатырох сьценах

У тую ж ноч Віктар Сівохін прыехаў да Казімірава, але ніхто не адчыніў. Сусед-чарнобылец сказаў, што Лёню ведае, але даўно ня бачыў. Папрасіў лом, адкрыў балькон — балазе, кватэра на першым паверсе. І знайшоў гаспадара ў стане поўнага фізычнага і маральнага зьнясіленьня: нечасаная барада, вошы, чорны палец на левай назе, смурод, — кажа ён. Апатэозам — вяроўка на столі, у якую той з адчаю зьбіраўся залезьці.

Першая ампутацыя

Сівохін памыў, пастрыг, прычасаў Леаніда, распытаў. Той усё расказаў, паказаў пасьведчаньне ўдзельніка баявых дзеяньняў. Пагадзіўся на «хуткую дапамогу» — на назе была гангрэна.

«Раптам ён заплакаў, — кажа Віктар Сівохін. — І гэтыя сьлёзы далі зразумець: я яго ня кіну. Сам, як воўк, завыў: „Лёня, братка, усё будзе добра!“ Завёз у шпіталь, абсьледавалі нагу. Без варыянтаў — ампутацыя. Зрабілі ашчадна: пакінулі 15 сантымэтраў ніжэй калена, каб паставіць пратэз. Я папрасіў не выпісваць, пакуль выязная МРЭК не паставіць групу.

Разумеў, што хваробу да службы не прывяжуць, законы такія: нават калі салдат быў паранены, вярнуўся і пражыў 3 гады, інваліднасьць не дадуць — не зьвязана з умовамі вайны. А ўжо ўнутраны стан, што там у галаве, нікога не хвалюе».

Пасьведчаньне інваліда І групы
Пасьведчаньне інваліда І групы

Леаніду Казіміраву далі І групу інваліднасьці. У адміністрацыю мотавэлязаводу быў накіраваны запыт, каб былому работніку налічылі працоўную пэнсію з улікам амаль 20 гадоў выслугі — і ён яе атрымаў.

У красавіку аднаногі, але жывы Леанід вярнуўся дадому — аўганцы пусьцілі па кругу шапку, сабраўшы 370 рублёў на пагашэньне камунальнай запазычанасьці. Рашэньне на высяленьне з кватэры судзьдзя адклікаў. Хату вычысьцілі, дэзынфікавалі, жыцьцё наладжвалася.

Віктар Сівохін адшукаў сястру: сустрэліся пасьля дзесяцігодзьдзяў сямейнага непаразуменьня, Таіса нарэшце пазнаёміла брата з пляменьнікам.

Леанід Казіміраў пасьля першай ампутацыі
Леанід Казіміраў пасьля першай ампутацыі

Другая ампутацыя

Праз Чырвоны Крыж для Леаніда Казімірава ўдалося выбіць новы вазок — праўда, разам паўстала неабходнасьць абсталяваньня пандуса, каб выяжджаць на вуліцу. Аказалася, што праз тэхнічныя праблемы зрабіць гэта немагчыма, ён стаў закладнікам у чатырох сьценах.

Вазок-усюдыход, якім Казіміраў так і не скарыстаўся
Вазок-усюдыход, якім Казіміраў так і не скарыстаўся

Тады знайшлі ўльтрасучасны вазок за 12 тысяч даляраў, здольны пераступаць па прыступках — для першага паверху цалкам хапіла б. Незадоўга да таго цуда-тэхніку ўпершыню паказалі ў Менску на выставе абсталяваньня для інвалідаў. Дамовіліся з вытворцамі, што тыя пойдуць насустрач у фінансавым пляне.

Праўда, стаць выпрабавальнікам Казіміраву так і не пашчасьціла. Празь нейкі час Леаніду стала горш, на пятцы правай нагі ўтварылася язва. У апошнія дні лістапада Віктар Сівохін зноў адвёз сябра ў шпіталь — на кансультацыю аб ачыстцы судзін. Але адпачатку ўсё пайшло ня так, як меркавалася.

«Адразу не спадабалася: у палаце для інвалідаў вайны нейкія блатныя, са скандалам выселілі, — гаворыць ён. — Ну, думаю, на наступным тыдні абсьледуюць, цяпер добрая лазэрная тэрапія, няма чаго хвалявацца. Дарэмна. Доктарка дзеля экспэрымэнту прыняла рашэньне залезьці ў ягоныя судзіны.

Сам Лёня казаў: усю ноч калупалася, відаць, запарола, выклікала падмогу зь іншай бальніцы. І праз наркоз пачуў: трэба рэзаць. Ён у паніцы: лепш памру, чым адрэжуць другую нагу. Нягледзячы на адмову ад ампутацыі, праз пару дзён зноў павезьлі ў апэрацыйную і адрэзалі нагу па самыя, прабачце, яйцы».

Сьмерць у рэанімацыі

Выпіска аб сьмерці Леаніда Казімірава
Выпіска аб сьмерці Леаніда Казімірава

Як расказвае Віктар Сівохін, ён дамовіўся зь Леанідам, што яго перавязуць у вайсковы шпіталь, дзе далей ён будзе пад наглядам. Але калі прыехаў пасьля выходных забіраць сябра, у ложку ўжо быў іншы пацыент. Накінуў халат, каб прынялі за лекара, пранік у рэанімацыю і ўбачыў «абрубка».

«Ад злосьці схапіў за шкірку дзяжурнага лекара: вы нашто байца загубілі? — ня стрымлівае эмоцыяў Віктар Сівохін. — Замест таго, каб лячыць язву, адрэзалі па самае не магу... Потым мяне выклікаў хірург 4-га шпіталя, апраўдваўся за калегу: маўляў, спачатку думала пракалоць вену іголкай — не атрымалася, другі раз спрабавала пад паветраным ціскам.

Ня ведаю, што яна там парвала, парушыла, але калі мы запатрабавалі адрэзаную нагу на экспэртызу, ніякага доказу ўжо не было, спалілі... У 20-х днях сьнежня яго яшчэ забралі нешта „падчысьціць“, а 24-га Лёня памёр у рэанімацыі. Празь месяц пахавалі...»

Пахаваньне Леаніда Казімірава
Пахаваньне Леаніда Казімірава

Вайна не пакідае сьведак, перакананы Віктар Сівохін. Раней ці пазьней яна даганяе кожнага. Леаніда Казімірава — акурат напярэдадні 30-годзьдзя вываду савецкіх войскаў з Аўганістану.

«Мне як баявому афіцэру крыўдна, — кажа Віктар Сівохін, уладальнік двух ордэнаў Чырвонай зоркі. — Не хачу вінаваціць дзяржаву ці яшчэ каго, дзесьці і самі вінаватыя. Галоўнае для чалавека — сям’я.

Калі побач з інвалідам вайны няма родных, ён на гэтым сьвеце доўга не затрымаецца. Хто на іголцы, хто сьпіўся, хто скончыў самагубствам. Зноў жа, разводы, не вытрымліваюць. Мы нармальныя людзі, толькі ня ўсе нас разумеюць. Чаму нашым сымбалем стаў Востраў сьлёз? Выканаўшы загад Радзімы, салдат вярнуўся і аказаўся на высьпе неразуменьня. Усё сымбалічна».

Калі адзначалі 10-ю гадавіну вываду савецкіх войскай з Аўганістану, незапатрабаванымі засталося звыш 3 тысяч мэдалёў, прызначаных беларусам. Як удакладняе Віктар Сівохін, аказалася, што людзей ужо няма на гэтым сьвеце. А кожны трэці не захацеў жыць сам...

Беларусы ў аўганскай вайне

  • Зьвесткі пра колькасьць беларускіх ахвяраў 10-гадовай аўганскай вайны разыходзяцца: ад 711 да 789 загінулых з агульнага ліку больш як 30 тысяч мабілізаваных (хібнасьць даюць тыя, хто памёр неўзабаве пасьля дэмабілізацыі).
  • Прыблізна 1500 беларусаў атрымалі раненьні, больш за палову параненых вярнуліся інвалідамі.​
  • Яшчэ 12 прозьвішчаў значацца ў пераліку зьніклых бязь вестак ці ўзятых у палон — прычым гэта ня толькі вайскоўцы, а і цывільныя.
  • Грамадзянская вайна ў Аўганістане пачалася зь дзяржаўнага перавароту ў 1978 годзе, калі Народна-дэмакратычная партыя скінула аўтарытарную дыктатуру Мухамэда Дауда, а ісламская апазыцыя пачала супраціўляцца рэформам. СССР увёў войскі ў Аўганістан у 1979 годзе на просьбу прасавецкага аўганскага кіраўніцтва. ЗША ў той час сакрэтна падтрымлівалі антыўрадавыя сілы — муджагедаў.
  • Вывад савецкіх войскаў пачаўся ўвесну 1988 году на падставе Жэнэўскага пагадненьня аб палітычным урэгуляваньні сытуацыі ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Аўганістан. Апошняя калёна перасекла мяжу 15 лютага 1989-га: гэты дзень лічыцца афіцыйным канцом той вайны.
  • Агулам за ўсю кампанію праз Аўганістан прайшлі больш за паўмільёна салдат і цывільных з усіх былых саюзных рэспублік. Былі забітыя і памерлі ад хвароб 13 833 чалавекі, паранена блізу 50 тысяч. Інвалідамі сталі каля 7 тысяч, яшчэ тры сотні зьніклі бязь вестак.
  • Пасьля вываду савецкіх войскаў у Аўганістане працягнуліся войны: неўзабаве муджагеды зрынулі прасавецкі ўрад, зь імі пачаў ваяваць радыкальны рух «Талібан». У 2001 годзе ў краіну ўвялі свае войскі ЗША і іншыя чальцы NATO, а талібаў падтрымалі тэрарысты «Аль-Каіды», але дамагчыся кантролю над усёй краінай нікому не ўдалося і сёньня.

Архіўныя матэрыялы

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG