Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч: «Лукашэнка хоча зрабіць беларускі народ такім, як у Расеі, але ў нас людзі ня хочуць вайны з Украінай»

Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч
Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч

Сьвятлана Алексіевіч заявіла, што становішча ў Беларусі будзе залежаць ад таго, як пойдуць падзеі ва Ўкраіне.

Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч у інтэрвію «Эўрарадыё» прызналася, што на фоне няспынных рэпрэсій у Беларусі «страшна падумаць, якую ўлады краіны хочуць пабудаваць дзяржаву і на што яна будзе абапірацца».

«Я б сказала, што сёньня ў нас дастаткова катастрафічнае становішча, — гаворыць пісьменьніца. — Многае залежыць ад пэдагогаў, наколькі ім удаецца і наколькі ў іх стае мужнасьці ўсё-такі штосьці расказваць школьнікам і студэнтам. Гэта складана ўявіць, што ім удаецца. Што ўдаецца пісьменьнікам? Хтосьці зьехаў. Але паспрабуйце зараз выдаць кнігу і завезьці яе ў Беларусь. Будуць праблемы, у тым ліку ў чытачоў, у якіх яна апынецца. Ніхто з нас нея думаў, што мы будзем жыць у эпоху падпольля, у эпоху вайны. Аказалася, што ўсё гэта здарылася і з намі таксама».

Сьвятлана Алексіевіч падрэсьліла, што сёньня ёй вельмі цікавы досьвед 1930-х гадоў.

«Я вельмі шмат чытаю пра гэта, у тым ліку лісты. Разважаю пра пачуцьцё калектыўнай віны. Я думаю, што калектыўная віна таксама існуе, але як пісьменьніца я больш разважаю над асабістай адказнасьцю чалавека. Выбар ёсьць у кожнага з нас: мы можам яго зрабіць ці не».

На пытаньне, ці атрымаецца ў Лукашэнкі зрабіць тое самае, што атрымалася ў савецкіх уладаў у 30-я гады, Сьвятлана Алексіевіч адказвае:

«Усё залежыць ад таго, як будуць разьвівацца падзеі ва Ўкраіне. Калі Ўкраіна пераможа, будуць зусім іншыя працэсы адбывацца, і ў нас у тым ліку. У Расеі таксама. Я думаю, што там народ ня будзе спаць бясконца, знаходзіцца як быццам у няведаньні. Сёньня мне вельмі страшна слухаць запісы размоў расейскіх салдат зь іхнымі бацькамі. Таму што, калі гэта расейскі народ, прапаганда сапраўды зрабіла сваю справу.

У Беларусі, па-мойму, народ не такі. Лукашэнка хоча зрабіць яго такім, як у Расеі, але ў нас людзі ня хочуць вайны з Украінай. У нас людзі хочуць жыць у сваёй краіне, са сваімі паняцьцямі і ідэямі».

На думку Алексіевіч, пасьля рэпрэсій 2020-га беларусы крыху страцілі надзею. Аднак пісьменьніца заклікала не адчайвацца, а працягваць спакойна «гадаваць у сабе чалавека, а таксама гадаваць сваіх дзяцей, тлумачыць і ахоўваць іх». Усё гэта, лічыць Алексеевіч, адзінае выйсьце, дзякуючы якому атрымаецца захаваць і дзяржаву.

Яна падкрэсьліла, што беларусам, якую выступаюць за перамены ў краіне, ня варта сварыцца паміж сабой, а трэба памятаць і разумець, што «у нас адна мэта — незалежная Беларусь».

«Нам няма чаго дзяліць, таму няма чаго сварыцца, вінаваціць у чымсьці адно аднаго. Наадварот, нам трэба больш зьбіраць сіл у сабе, у грамадзтве, у нейкіх маленькіх яго ячэйках. Гэта дапаможа нам супрацьстаяць — ня толькі выйсьці на барыкады сёньня, а яшчэ і назапасіць пачуцьцё супрацьстаяньня, якія спрацуюць, можа, праз год, а можа, праз пяць гадоў. А яго неабходна назапашваць. У сварках, крыўдах мы толькі робім сябе слабейшымі. Гэта памылка. Яшчэ раз: у нас адна мэта і нам няма чаго дзяліць», — сказала Сьвятлана Алексеевіч.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG