Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі Ўкраіна не пераможа, нас чакаюць дзесяцігодзьдзі цемры». Тымаці Снайдэр пра Расею як фашысцкую дзяржаву


Целы мірных жыхароў Бучы каля Кіева, забітых расейскімі вайскоўцамі. 2 красавіка 2022
Целы мірных жыхароў Бучы каля Кіева, забітых расейскімі вайскоўцамі. 2 красавіка 2022

Вядомы амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр лічыць, што фашызм ніколі ня быў пераможаны як ідэя і цяпер вярнуўся на рэальнае поле бою ва Ўкраіне, дзе «разбуральную фашысцкую вайну» вядзе Расея.

«Людзі разыходзяцца, часта моцна, наконт таго, што такое фашызм. Але сёньняшняя Расея адпавядае большасьці крытэрыяў, якія схільныя ўжываць навукоўцы. У ёй існуе культ вакол адзінага лідэра Ўладзіміра Пуціна. У ёй існуе культ мёртвых, арганізаваны вакол Другой сусьветнай вайны. У ёй ёсьць міт пра мінулы залаты век імпэрскай велічы, якая будзе адноўленая… забойчай вайной супраць Украіны», — піша ў The New York Times прафэсар Ельскага ўнівэрсытэту Тымаці Снайдэр.

Снайдэр нагадвае, што першы раз Украіна стала аб’ектам фашысцкай вайны ў 1941 годзе:

«Гітлер лічыў, што Савецкі Саюз, які тады кіраваў Украінай, быў габрэйскай дзяржавай: ён плянаваў замяніць савецкую ўладу сваёй уласнай і прэтэндаваць на ўрадлівую сельскагаспадарчую глебу Ўкраіны. Савецкі Саюз памёр бы ад голаду, а Нямеччына стала б імпэрыяй. Ён думаў, што гэта будзе лёгка, таму што Савецкі Саюз, на яго думку, быў штучным утварэньнем, а ўкраінцы — каляніяльным народам.

Падабенства з вайной Пуціна ўражвае. Украіну Крэмль вызначае як штучную дзяржаву, габрэйскі прэзыдэнт якой даказвае, што яна ня можа быць сапраўднай. Пасьля зьнішчэньня невялікай эліты, меркавалася, масы, якія ня вызначыліся да канца, з радасьцю прынялі б расейскае панаваньне. Сёньня менавіта Расея адмаўляе сьвету ва ўкраінскіх харчах, пагражаючы голадам на поўдні плянэты».

Паводле Снайдэра, «многія саромеюцца бачыць сёньняшнюю Расею фашысцкай, таму што сталінскі Савецкі Саюз вызначаў сябе як антыфашыста». Але сталінская палітыка была дваякая:

«У 1939 годзе Савецкі Саюз далучыўся да нацысцкай Нямеччыны ў якасьці фактычнага хаўрусьніка, і дзьве дзяржавы разам уварваліся ў Польшчу. Нацысцкія прамовы перадрукоўваліся ў савецкай прэсе, і нацысцкія афіцэры захапляліся савецкай эфэктыўнасьцю масавых дэпартацый. Але сёньня расейцы пра гэты факт не гавораць, бо законы памяці робяць гэта злачынствам. Другая сусьветная вайна зьяўляецца элемэнтам гістарычнага міту спадара Пуціна аб невінаватасьці і страчанай велічы Расеі — Расея павінна карыстацца манаполіяй на ахвяры і перамогу», — адзначае Снайдэр.

Сёньняшні палітычны дыскурс наконт фашызму ў Расеі амэрыканскі гісторык бачыць наступным чынам:

«У Расеі ХХІ стагодзьдзя „антыфашызм“ проста стаў правам расейскага лідэра вызначаць нацыянальных ворагаў. Сапраўдным расейскім фашыстам, такім як Аляксандар Дугін і Аляксандар Праханаў, давалі час у СМІ. А сам спадар Пуцін абапіраўся на творчасьць міжваеннага расейскага фашыста Івана Ільіна. Для прэзыдэнта „фашыст“ або „нацыст“ — гэта проста той, хто супрацьстаіць яму ці ягонаму пляну зьнішчэньня Ўкраіны. Украінцы — „нацысты“, таму што не прымаюць, што яны расейцы, і супраціўляюцца».

Снайдэр працягвае характарызаваць расейскі палітычны дыскурс:

«Паколькі спадар Пуцін гаворыць пра фашыстаў як пра ворага, нам можа быць цяжка зразумець, што ён, папраўдзе, можа быць фашыстам. Але ў вайне Расеі з Украінай „нацыст“ проста азначае „дэгуманізаванага ворага“ — каго-небудзь, каго расейцы могуць забіць. Мова нянавісьці да ўкраінцаў палягчае забойства іх, як мы бачым у Бучы, Марыюпалі і ва ўсіх частках Украіны, якія былі пад расейскай акупацыяй. Брацкія магілы — гэта ня нейкі выпадак падчас баёў, а чаканае наступства фашысцкай разбуральнай вайны».

Перамагчы расейскі фашызм цяпер, падкрэсьлівае Снайдэр, можна, толькі калі прадэманстраваць ваенную слабасьць Расеі:

«Фашызм — гэта не дыскусійная пазыцыя, а культ волі, які зыходзіць ад выдумкі. Гаворка ідзе пра містыку чалавека, які лечыць сьвет гвалтам, і яна будзе падтрымлівацца прапагандай да канца. Адмяніць гэта можна толькі дэманстрацыяй слабасьці лідэра. Лідэра фашыстаў трэба перамагчы, а гэта значыць, што тыя, хто супраць фашызму, павінны зрабіць усё неабходнае, каб яго перамагчы. Толькі тады міты разбураюцца».

Тымаці Снайдэр
Тымаці Снайдэр

На думку Снайдэра, як і ў 1930-я гады, дэмакратыя па ўсім сьвеце адступае перад фашызмам. Калі Расея пераможа ва Ўкраіне, гэта стане дэмаралізатарам для дэмакратый па ўсім сьвеце:

«Перамогі фашыстаў на полі бітвы пацьвердзяць, што… дэмакратыя павінна пацярпець няўдачу. Калі б Украіна не супраціўлялася, гэта была б цёмная вясна для дэмакратаў усяго сьвету. Калі Ўкраіна не пераможа, нас чакаюць дзесяцігодзьдзі цемры», — завяршае свой артыкул у The New York Times амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG