Усе расейцы абмяркоўваюць са сваякамі праблему мабілізацыі, забесьпячэньня вайсковай тэхнікай і боепрыпасамі, маральны стан, а таксама магчымыя спосабы выйсьці з Украіны. І сваякі, і вайскоўцы выкарыстоўваюць вельмі шмат нецэнзурных слоў.
У адным з эпізодаў жонка запытвае мужа, які знаходзіцца ў Херсонскай вобласьці, што рабіць, каб выйсьці з вайны і з тэрыторыі Ўкраіны. А той адказвае ёй: «Ну, ня ведаю. Трэба раненьне атрымаць».
Расеец ахарактарызаваў свой маральны стан як апатыя і дэмаралізацыя. «Проста ўзялі ўсё, што ў мяне было ў галаве, выкінулі і наср.лі. Раней тут жарты былі, што адсюль толькі «200» або «300». А цяпер гэта ня жарты», — патлумачыў ён.
Вайсковец параіў жонцы зьяжджаць у выпадку, калі ім спыняць выплату грошай, а калі тая запытала, чаму могуць іх спыніць, ён адказаў: «Таму што хутка тут будзе паў-Расеі. Па 200 тысяч кожнаму плаціць ня змогуць, і выплачваць вялікія «бабкі» за раненьні таксама ня змогуць».
«Карацей. Хутка Херсон будзе Расеяй, празь некалькі дзён, і хто яго ведае, што з намі тут рабіць будуць. Я тут проста ў эпіцэнтры. Мы трымаем вёску, якая не дае прасунуцца далей ворагу», — адзначыў расеец.
Прэзыдэнта Расеі ён назваў нецэнзурным словам, калі даведаўся, што той абвясьціў мабілізацыю, а камандаваньне нібыта сказала, што мабілізаваныя будуць трымаць захопленыя тэрыторыі, а кантрактнікі «пойдуць далей у бой».
«Яны вас… проста як мяса адпраўляюць», — сказала жонка.
Яе муж дадаў, што зь дзьвюхтысячнага вайсковага расейскага фармаваньня засталося 50 чалавек. «А нас яшчэ ганьбай называюць. Тыпу, што мы лохі і самі ўсё не зрабілі, і таму мабілізацыя, гэта ўсё з-за нас, карацей. Плян які быў першапачаткова? Два дні і ўсё, а тут амаль 8 месяцаў. Тут яшчэ зіма наперадзе. Будуць яшчэ ад нас патрабаваць усякую «залупу», тыпу, ісьці ў бой па сумётах. Калі пашанцуе, то з запаленьнем лёгкіх вярнуся. І калі мне пасьля ўсяго гэтага ільготаў ніякіх не дадуць, пайду ў гэту, тую, што супраць краіны, — апазыцыю, во!», — расказаў ён жонцы. А тая прапанавала яму падумаць аб «дэзэртэрстве», за якое яго могуць зьняволіць на 10 гадоў, але гэта будзе бясьпечна.
Вайскоўцы таксама скардзяцца сваякам, што пра іх забылі, «толькі грошы адмываюць, у вачах адны даляры».
«Мільярд даляраў вытрачваюць у дзень. Не ў 150 дзён. Лепей бы дарогі новыя пабудавалі за гэтыя грошы, чым у гэтую Ўкраіну ўліваць», — сказаў расейскі вайсковец.
На заўвагу сваёй маці, што Ўкраіна — гэта рускія землі, ён сказаў: «Якія рускія? Навошта нам гэтая зямля патрэбная? Тут кожны трэці чорт табе ў сьпіну стрэліць. Як яшчэ СССР зрабілі Ўкраіну? Была зямля бамжоў, то няхай бы і заставалася зямлёй бамжоў, а то яшчэ назвалі «У-краіна». Данбас гэты… Што там? Зямля, вугаль? У нас што — вугалю мала, ці што? Навошта ён нам патрэбны?» — пераконваў расеец сваю маці.
Маці яшчэ аднаго расейскага вайскоўца мяркуе, што ва Ўкраіне трэба забіць усіх «нацыстаў».
«Калі гэтыя нацысты трапяць да нас у Расею, то будзе таксама нам… Усіх перарэжуць. Іх трэба там усіх зьліквідаваць», — кажа маці свайму сыну-вайскоўцу.
А той адказвае: «Ты разумееш… Іх ніхто ня хоча ліквідаваць… Яны не зьбіраюцца гэта рабіць. Мы стаім, нічога ня робім, бо мы, як мінімум, нічога ня можам зрабіць, а як максымум, чамусьці нам не даюць гэтага рабіць».
Яшчэ адзін расейскі вайсковец спрабуе пераканаць сваю маці, што ва Ўкраіне ваююць украінцы, а не ЗША.
«Пры чым тут амэрыканцы? Якія найміты? Ты проста не разумееш! Тут адны хахлы ваююць, адны хахлы. Ты тут была? Каго ты слухаеш увогуле? Тут стаіць армія», — сказаў расеец. Ён таксама паведаміў сваёй маці, што ва Ўкраіне вялікая колькасьць мабілізаваных, тэхнікі і боепрыпасаў, прычым ваенныя сродкі — яшчэ з савецкіх часоў.
«Такая ж савецкая тэхніка, як у нас, старая, беспантовая... Карацей, калі б мы хацелі захапіць Украіну — яе б ужо захапілі, таму гэта нашы марудзяць, а ня хто іншы. Дзе гэтыя вялікія пуціны? Хоць бы раз запусьцілі б куды-небудзь ракеты! «Цырконы», або як называюцца – «Кінжалы». Няма? Закончыліся? Іскандэры закончыліся?» — запытвае вайсковец.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.