Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У іх няма нават матрацаў, сьпяць на падлозе, рэчы крадуць!». Як расейцы памежных зь Беларусьсю рэгіёнаў сустрэлі мабілізацыю


Расейская Злынка разьмешчана за сем кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю, да Навазыбкава ад мяжы кілямэтраў сорак. У гэтых гарадах, як і па ўсёй Расеі, праходзіць мабілізацыя. Свабода паглядзела-пачытала — што адбываецца ў памежных зь Беларусьсю раёнах Расеі.

«Позву прынесьлі каля паўночы, каб ранкам зьявіўся ў ваенкамат»

Расейцы і іх сваякі дзеляцца сваімі гісторыямі мабілізацыі ў рэгіянальных пабліках «УКантакце». Людзі пішуць, як прыносілі позвы каля паўночы — каб чалавек ранкам зьявіўся ў ваенкамат, як забіралі мужчыну, які не служыў і мае на ўтрыманьні сына-інваліда.

Многія карыстальнікі паблікаў ставяцца да мабілізацыі патасна, пішуць сотні аднатыпных камэнтароў: «Беражы вас Бог!»

Мабілізаваных са Злынкі і Навазыбкава накіравалі ў Клінцы. Адтуль да сваякоў дабраліся трывожныя весткі. Як пішуць карыстальнікі «ЎКантакце», мабілізаваных кармілі толькі раз на дзень, ім не хапае матрацаў, сьпяць на падлозе, «іх рэчы нахабна крадуць».

Сваякі мабілізаваных сьцьвярджаюць, што самі купілі сваім блізкім неабходныя рэчы. Але выявілася, што камандаваньне забрала куплёнае, бо гэта, маўляў, лішняе, і «яны ўсё атрымаюць».

Валянтэры Навазыбкава абвясьцілі збор на дапамогу мабілізаваным. «Усё заўтра вязём нашым байцам. Некалькі аўто з Навазыбкава, далучыцца Старадуб і Бранск. На грошы, якія даслалі падпісчыкі, купілі берцы. Таксама жыхары Навазыбкава падрыхтавалі для вайскоўцаў хатнюю тушонку, сабралі прадукты, коўдры, матрацы», — далі справаздачу са здымкамі валянтэры.

Для мабілізаваных шукаюць гумовыя боты. «Перадайце нашым гумовыя боты на памер большыя (цёплая ўкладка, якая ідзе з ботамі, і каб можна было яшчэ надзець некалькі шкарпэтак), тэрмабялізна таксама патрэбная», — такія абвесткі «раскіданыя» па пабліках Навазыбкава.

Іншыя валянтэры далі справаздачу, што дапамогу мабілізаваным сабралі ў манастыры. «Перадам са знаёмымі іконкі, што далі ў манастыры. Дасьць Бог, абароняць іх», — пішуць валянтэры.

Пазьней у пабліках напісалі, што ФСБ і вайсковая выведка праводзяць праверку па факце таго, што ў мабілізаваных з Бранскай вобласьці забралі асабісты рыштунак. Абяцаюць яго вярнуць. «Трэба разумець, што ідзе вялікая мабілізацыя ўпершыню з часоў Вялікай Айчыннай. Бардаку і памылак будзе шмат», — пішуць жыхары Навазыбкава.

«Аднаразова выплацім мабілізаваным па 100 тысяч рублёў»

Губэрнатар Белгародзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў асабіста наведаў мабілізаваных і абяцаў, што яны атрымаюць па 100 тысяч рублёў. Гэтая навіна выклікала абурэньне ў пабліках Бранскай вобласьці. «Бранскую вобласьць пры гэтым не агучылі і не паказалі. Значыць, што на Браншчыне ня будзе выплат па 100–300 тысяч, як у іншых рэгіёнах? Або тут ня людзі? Або бранскія мужчыны за дзякуй пайшлі ваяваць?» — абураюцца людзі.

Свайму губэрнатару Аляксандру Багамазу яны ставяць у прыклад кіраўнікоў іншых рэгіёнаў, якія абяцаюць выплаты. «Губэрнатар Белгародзкай вобласьці езьдзіў сам у казармы і вырашаў пытаньні з выплатамі, памылкамі ў межах частковай мабілізацыі! Ды проста падтрымаў вайскоўцаў! А што наш? У Клінцах хлопцы сьпяць на ложках без матрацаў, і нуль рэакцыі», — абураюцца жыхары Бранскай вобласьці.

«Цяпер на межах Бранскай вобласьці праходзіць узмацненьне. Там сытуацыя крытычная. Пакуль яшчэ не наладжаныя лягістычныя ланцужкі, забесьпячэньне. Стараемся стрымліваць эмоцыі, таму што зразумела, што ўсё і адразу ня будзе ідэальна. Краіна ўстае на ваенныя рэйкі, і для наладжваньня патрабуецца час і сумесныя высілкі ўсёй краіны», — пішуць расейскія валянтэры.

«Я думала, што ў нас парадак, як расказваюць СМІ, а па факце — голь перакатная. Памераў формы няма, матрацаў няма, што тады ёсьць? Куды вы народ адпраўляеце? Калі яны будуць у акопах і зямлянках, гэта ня значыць, што яны мусяць спаць з голай ж...й!» — піша жыхарка Навазыбкава.

«Паклапаціцеся пра сваіх мужчын, купіце ім усё неабходнае»

«У Клінцах у частцы — сваволя. Родным выдалі сьпісы, што трэба купіць байцам. Там сьпіс як прасьціна. Усе бегаюць па крамах, усё скупляюць — што засталося ў наяўнасьці. Цэны завышаныя — жах. Тэрмашкарпэткі каштуюць за адну пару — 500 рублёў. Жах, што творыцца. Кажуць, што ў частцы нічога няма. Няма чым укамплектаваць прызыўнікоў. А дзе ўсё? Як і чым ваяваць? А калі грошай няма? Ісьці ваяваць зь сякерай? Калі навядуць парадак? Проста крык душы», — напісала адна з жыхарак Навазыбкава.

Іншая піша, што ў яе «разрываецца душа чытаць навіны». «Сама працую ў гандлёвым цэнтры, і псыхалягічна гэтыя дні цяжка глядзець з боку на нашых хлопцаў і мужчын, якія ў разгубленасьці шукаюць хто майткі, хто шкарпэткі, хто ізаленту. Прашу ўсіх маці, жонак! Падумайце пра сваіх мужчын. Яны — нашы абаронцы. Вазьміце сябе ў рукі, засяродзьцеся. Не разьлічвайце, што войска ім шмат дасьць. Купіце не заплечнік, а вялікую спартыўную сумку і складзіце туды ўсё неабходнае», — раіць жыхарка Бранскай вобласьці.

Яна жадае ўсім «дабра, добрай дарогі, усім дзякуй, што вы ёсьць, хлопцы, хай Анёл-ахоўнік аберагае вас».

Газэта «Бранскія навіны» піша, што разьвітаньне з мабілізаванымі было «маўклівае». «Стрыманасьць, цішыня, жаночы плач, торбы зь цёплымі рэчамі, абдымкі і мінімум слоў».

«На гэты момант не раскрываюцца афіцыйныя дадзеныя, якія тычацца частковай мабілізацыі. Са зразумелых прычын колькасьць, зборы і месцы сьледаваньня засакрэчаныя. Узровень зарплат прызваных на службу, як абяцалі, будзе адпавядаць узроўню грашовага ўтрыманьня кантрактнікаў», — піша выданьне.

Тым часам ва Ўнечы Бранскай вобласьці разьвітаньне не было маўклівым.

«Ва Ўнечы прызваных па частковай мабілізацыі праводзілі ва ўрачыстай абстаноўцы. Для хлопцаў граў духавы аркестар. „Проста да мурашак“, — казалі жыхары Ўнечы. „Беражы вас Бог, бясконца ўдзячныя вам за мужнасьць абараніць нас, нашых дзяцей, нашу краіну. Хутка будзем сустракаць вас зь перамогай“, — кажуць унечцы», — піша выданьне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG