Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ня варта пляваць усьлед Гарбачову


Сёньня «ўвесь савецкі народ, усё прагрэсіўнае чалавецтва» маглі б быць ахопленыя жалобай з прычыны сыходу з жыцьця прэзыдэнта СССР Міхаіла Сяргеевіча Гарбачова — «нястомнага барацьбіта за ідэалы камунізму, за...»

Поўны пералік якасьцяў і тытулаў пачытайце ў нэкралёгах па Брэжневу, Андропаву, Чарненку.

І вы моцна памыляецеся, калі ня верыце, што СССР ня мог праіснаваць да сёньняшняга дня. Мог. Яшчэ можна спрачацца, ці пратрымаўся б «сацыялістычны лягер» зь яго блёкам Варшаўскай дамовы, але наконт Савецкага Саюзу асабіста ў мяне ніякіх сумненьняў няма.

Апошнія сумневы зьніклі пасьля цяперашняй падтрымкі значнай часткай расейскага насельніцтва агрэсіі ва Ўкраіне, якая ўспрымаецца ў масавай сьвядомасьці менавіта як «зьбіраньне земляў», «выпраўленьне найвялікшай геапалітычнай катастрофы».

Праўда, заплаціць за гэтае існаваньне давялося б акіянам крыві, неверагодна жорсткім (на манер цяперашняй «спэцыяльнай апэрацыі» ў Бучы) падаўленьнем руху рэспублік да незалежнасьці. У параўнаньні з чым распад былой Югаславіі з войнамі і генацыдам падаваўся б дзіцячай валтузьнёй у пясочніцы.

Так, былі і Тбілісі ў 1989-м, і Баку ў 1990-м, і Вільня ў 1991-м. Былі чалавечыя ахвяры, і Гарбачоў нясе за іх палітычную адказнасьць нават у выпадку, калі непасрэдна не аддаваў загаду генэралам. Але ня варта забывацца, што ён не аддаў загаду войску і спэцслужбам «вырашыць пытаньне канчаткова», як аддаў яго ў 1989 годзе Дэн Сяопін.

А ў Гарбачова былі ўсе магчымасьці, каб сказаць «Фас!» і арміі, і КДБ — і генэралы выканалі б загад з гэткім жа натхненьнем, зь якім сёньня падаўляюць усё жывое ў Беларусі. Няўжо нехта думае, што Савецкая Армія і КДБ у канцы 80-х — пачатку 90-х былі больш гуманныя, чым цяперашнія пуцінскія і лукашэнкаўскія сілавікі?

І калі сёньня я чытаю, што Гарбачоў мог абраць «кітайскі шлях», пачаўшы з эканамічных рэформаў і прытармазіўшы палітычныя — прашу прыгадаць Т'яньаньмэнь, дзе танкамі былі раздушаныя сотні (па некаторых зьвестках — тысячы) студэнтаў, і не забывацца, што ў сучасным Кітаі існуюць спэцпасяленьні для «ненадзейных элемэнтаў» (напрыклад, для ўйгураў), умовы ў якіх мала чым розьняцца ад сталінскага ГУЛАГу.

Між іншым, палітычныя рэформы праз 30 гадоў пасьля пачатку эканамічных у Кітаі так і не адбыліся — усім непадзельна кіруе камуністычная партыя, а за крытыку партыйнага кіраўніцтва ссылаюць у гэтыя самыя лягеры.

Палітыка — тая ўнікальная сфэра, у якой асобу можна ацэньваць ня толькі па тым, што ён зрабіў, але і што і не зрабіў, хоць і меў магчымасьці.

Увогуле, гаворачы пра Гарбачова, мусім мець на ўвазе мінімум дзьве аксіёмы.

У сакавіку 1985-га пленум ЦК КПСС ня мог абраць генэральным сакратаром ні Андрэя Сахарава, ні Валерыю Навадворскую, ні Сяргея Кавалёва. І нават ніякага камуніста, які хоць на сэкунды выявіў бы хаця б мізэрны сумнеў у правільнасьці марксісцка-ленінскай ідэалёгіі.

І другое. Цягам наступных гадоў (аж да Першага зьезду народных дэпутатаў СССР у траўні 1989-га) Гарбачоў, калі б ён выказаў такі сумнеў, быў бы імгненна зьняты з пасады калегамі па Палітбюро і ЦК ды адпраўлены, па прыкладзе Хрушчова, на пэнсію (а фактычна — пад хатні арышт).

Таму магчымасьці ў бок дыктатуры ў яго былі вялікія, а ў бок дэмакратыі — даволі абмежаваныя.

Для нас, беларусаў, вялізнай бядой застаецца Чарнобыль. Гарбачоў зьвярнуўся да савецкага народу толькі праз тры тыдні пасьля выбуху, а да гэтага людзі былі вымушаныя лавіць інфармацыю з радыёгаласоў — Свабоды, «Голасу Амэрыкі», ВВС. Галоснасьць ня вытрымала выпрабаваньня праўдай.

Але давайце ўявім, што на месцы Гарбачова быў бы нехта іншы — скажам, былы першы сакратар Маскоўскага гаркаму, член Палітбюро таварыш Грышын (магчымасьць рэальная, пасьля сьмерці Чарненкі суткі, аж да пленуму ЦК, лімузын генсека з адпаведнай апаратурай сувязі падавалі менавіта Грышыну).

Я перакананы, што выступ пра Чарнобыль не прагучаў бы ні праз тры тыдні, ні праз тры месяцы, ні праз тры гады — як гадамі і нават дзесяцігодзьдзямі мы ня ведалі пра Сяміпалацінск ці Чалябінск. Сыстэма, якая тады існавала, дазваляла ўтрымліваць усё ў сакрэце.

Мне як члену адмысловай камісіі Вярхоўнага Савету ў 1990–91-м давялося гутарыць зь дзясяткамі чыноўнікаў самага высокага рангу. З Гарбачовым непасрэдны кантакт быў падчас ягонага прыезду ў Менск у лютым 91-га, у момант, калі ён знаходзіўся на піку і сваёй магутнасьці — генсек і прэзыдэнт, і сусьветнага прызнаньня — Нобэлеўскі ляўрэат. Не магу сказаць, што гутарка мяне задаволіла. Тады ж я сабраў подпісы дэпутатаў за тое, каб Гарбачоў выступіў перад Вярхоўным Саветам — старшыня ВС Дземянцей перадаў гэты зварот, і Гарбачоў сапраўды прыйшоў і выступіў.

Выступ ягоны пацьвердзіў тое, што мы даказвалі дэпутатам-камуністам: на Маскву ў ліквідацыі наступстваў Чарнобылю беларусам спадзявацца ня варта.

Між іншым, адзіным чалавекам у Авальнай залі, які ня ўзьняўся, калі ўвайшоў Гарбачоў, быў Зянон Пазьняк.

Але сам жа Пазьняк не адмаўляе таго факту, што публікацыя пра Курапаты была б немагчымая ў іншых умовах, без гарбачоўскай перабудовы. Дый заява пра ўтварэньне Аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» пачынаецца словамі: «Перабудова, распачатая лепшымі сіламі КПСС...».

Беларуская незалежнасьць не была вынікам гэтай самай перабудовы — яна была вынікам змаганьня пакаленьняў беларусаў. Але гарбачоўская перабудова, несумненна, зрабіла яе магчымай.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG