Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Харкаў, Мікалаеў і Нікапаль пад абстрэламі з расейскіх «Градаў» і «Ўраганаў». Украінцы зьнішчаюць расейскія базы

У Харкаве пасьля расейскіх абстрэлаў. Ліпень 2022
У Харкаве пасьля расейскіх абстрэлаў. Ліпень 2022

Апошнія навіны з палёў бою расейскай вайны супраць Украіны.

Пакуль расейцы абстрэльваюць жылыя раёны і крытычную інфраструктуру, Узброеныя сілы Ўкраіны пашкодзілі Антонаўскі мост у прыгарадзе Херсону, церазь які Расея забясьпечвала свае войскі ў акупаваным Херсоне.

Мікалаеўская вобласьць

Мінулай ноччу ў Мікалаеўскай вобласьці паветраная трывога гучала ці ня кожныя паўгадзіны. Расейцы канцэнтруюць свае ўдары на поўдні і ўсходзе, выкарыстоўваючы пераважна ракетныя ўстаноўкі «Град» і «Ўраган».

Руйнаваньні ў Харкаве. 17 ліпеня 2022
Руйнаваньні ў Харкаве. 17 ліпеня 2022

Як паведамляюць абласныя ўлады, у некалькіх грамадах у Мікалаеўскім і Баштанскім раёнах абстрэлы пашкодзілі жылыя будынкі. Загарэліся лецішчы мікалаеўцаў, а таксама сухая трава і сельгасугодзьдзі са збожжам.

Улады ўдакладняюць інфармацыю аб пацярпелых.

Харкаў і Нікапаль на Днепрапятроўшчыне

У Харкаве ў выніку абстрэлаў загінулі трое мясцовых жыхароў, у тым ліку 13-гадовы хлопчык. 72-гадовая жанчына атрымала раненьні.

Варонка ад расейскай ракеты ў Адэскай вобласьці. 19 ліпеня 2022
Варонка ад расейскай ракеты ў Адэскай вобласьці. 19 ліпеня 2022

Каторы дзень запар Расея не спыняе абстрэлу Нікапалю Днепрапятроўскай вобласьці. У ноч і раніцай 20 ліпеня на жылы масіў гораду расейцы запусьцілі 31 снарад. Двое грамадзян загінулі, яшчэ дзевяць атрымалі раненьні, у тым ліку чацьвёра дзяцей. У горадзе раскіданыя боепрыпасы, які не ўзарваліся. Цяпер выратавальнікі разьбіраюць завалы і зьнішчаюць неразарваныя снарады.

Сумшчына і Чарнігаўшчына

У Сумскай і Чарнігаўскай вобласьці пасьля невялікага перапынку раніцай 20 ліпеня таксама аднавіліся абстрэлы.

У Сямёнаўскую грамаду Чарнігаўскай вобласьці прыляцела 100 снарадаў, але абышлося без ахвяр.

Шосткінскі раён Сумскай вобласьці абстрэльваюць зь мінамётаў. Улады пакуль не паведамляюць пра пацярпелых ці загінулых.

Украінскія войскі зьнішчылі расейскую РЛС і мост на поўдні

19 ліпеня стала вядома, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны ракетным ударам зьнішчылі сучасную расейскую радыёлякацыйную станцыю (РЛС), здольную выяўляць цэлі на малой вышыні.

Гэтая станцыя была разьмешчаная ў акупаваным Расеяй сяле Лазурнае Херсонскай вобласьці. Паведамляецца, што ўкраінскія войскі пацэлілі ў яе з адлегласьці, большай за 100 кілямэтраў.

Узброеныя сілы Ўкраіны таксама пашкодзілі і Антонаўскі мост у прыгарадзе Херсону, церазь які Расея забясьпечвала свае войскі ў акупаваным Херсоне.

Украіна вярнулася на востраў Зьмяіны ў Чорным моры

Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведаміла аб пачатку дасьледаваньня і разьмінаваньня вострава Зьмяінага. Раней на ім ужо ўстанавілі ўкраінскі дзяржаўны сьцяг.

Украінская выведка дадала, што на востраве знайшлі расейскую тэхніку — дроны, зэнітна-ракетныя комплексы, гранатамёты, а таксама журналы вядзеньня баявых дзеяньняў з асабістымі дакумэнтамі расейскіх вайскоўцаў.

Асобна выведнікі паведамілі, што «знайшлі і эвакуавалі на падкантрольную тэрыторыю ўкраінскага ката, які некалькі месяцаў пражыў у акупацыі».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG