Ракетныя комплесы HIMARS ва Ўкраіне. 4 ліпеня 2022
Мінабароны Ўкраіны заявіла, што УСУ працягваюць абараняць дзяржаву ад расейскіх акупантаў, непахісна выконваючы нормы міжнароднага права.
14 ліпеня служба па сувязях з грамадзкасьцю Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны адрэагавала на публікацыі ў расейскіх і беларускіх СМІ аб нібыта плянаваньні Ўзброенымі сіламі Ўкраіны ўдараў па аб’ектах на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку па сыстэме папярэджаньня аб ракетным нападзе «Волга-1».
«Служба сувязяў з грамадзкасьцю Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны ўпаўнаважана заявіць, што падобныя паведамленьні зьяўляюцца складовай часткай сыстэмы інфармацыйна-псыхалягічных апэрацый, якія праводзіць Расейская Фэдэрацыя з мэтай уцягнуць Рэспубліку Беларусь у захопніцкую вайну на тэрыторыі Ўкраіны і прыхаваць ваенныя злачынствы, якія ўчынілі і працягаюць чыніць расейскія акупанты на тэрыторыі Ўкраіны», — адзначаецца ў заяве.
Украінская выведка заявіла, што такія публікацыі не адпавядаюць рэчаіснасьці. «Узброеныя сілы Ўкраіны працягваюць абараняць нашу дзяржаву ад акупантаў, непахісна выконваючы нормы міжнароднага права», — падкрэсьлілі ў заяве.
Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў заявіў, што Ўкраіна ўзяла абавязкі не выкарыстоўваць замежнай дальнабойнай артылерыі па тэрыторыі Расеі.
«Гэта праўда, я гэтага ня ўтойваю. Мы ўзялі абавязаньні, што высокадакладную зброю мы ня будзем выкарыстоўваць па расейскіх аб’ектах на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі. Мы ўсюды гэта засьведчылі, нават я пэрсанальна зрабіў гэта лістом на імя майго калегі,, кіраўніка Пэнтагону, што мы будзем выкарыстоўваць амэрыканскую зброю для стрыманьня ворага і дэакупацыі часова акупаваных зямель толькі на тэрыторыі Ўкраіны», — сказаў Аляксей Рэзьнікаў у інтэрвію ВВС.
Адказваючы на пытаньне аб імавернасьці новага сухапутнага наступу з тэрыторыі Беларусі, Аляксей Рэзьнікаў сказаў:
«Я ўжо рабіў прагноз аб тым, што я ня верыў, што можа быць бамбаваньне расейцамі і, на жаль, я памыліўся. Таму ўсё магчыма, рызыка такая ёсьць. Але я маю надзею, што ў гэты адрэзак часу — не, такой рызыкі няма».