Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія населеныя пункты Беларусі могуць пацярпець ад украінскіх ракетных удараў па расейскіх аб’ектах. МАПЫ


Выкарыстаньне ракетных комплексаў HIMARS на тэрыторыі Ўкраіны. Ліпень 2022
Выкарыстаньне ракетных комплексаў HIMARS на тэрыторыі Ўкраіны. Ліпень 2022

Украінскі генэрал Сяргей Крыванос сьцьвярджае, што Ўкраіна мае права нанесьці ракетныя ўдары па расейскіх аб’ектах, разьмешчаных на тэрыторыі Беларусі. Пералічваем населеныя пункты, якіх знаходзяцца побач з гэтымі аб’ектамі. Агулам там жыве каля 200 тысяч беларусаў

Генэрал Сяргей Крыванос быў намесьнікам сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны і першым намесьнікам камандуючага Сіл спэцапэрацый у 2016–2019 гадах. Ад пачатку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Сяргей Крыванос кіраваў абаронай аэрапорту «Жуляны», разьмешчанага ў Кіеве.

10 ліпеня ў інтэрвію ўкраінскаму выданьню «Новое время» Крыванос заявіў, што канфлікт на беларуска-ўкраінскай мяжы непазьбежны. А ўкраінская армія мусіць нанесьці ракетныя ўдары па вайсковых аэрадромах у Беларусі, якія расейцы выкарыстоўваюць для атакі на Ўкраіну.

«Я як вайсковец магу адказаць: я б зьнішчыў тэхніку на беларускіх аэрадромах, таму што яны не беларускія — гэтыя аэрадромы цалкам аддадзеныя расейцам, пэрсанал там расейскі, ахоўваюць гэтыя аэрадромы расейцы і пэрымэтар 5 кілямэтраў вакол аэрадрому ўжо расейскі — ніводнага беларуса: ні вайскоўца, ні цывільнага. Мы будзем зьнішчаць на тэрыторыі Беларусі непасрэдна расейскія базы, якія зьяўляюцца расейскай тэрыторыяй», — сказаў украінскі генэрал у інтэрвію.

На гэты момант вядома сама меней пра тры разьмешчаныя побач зь беларуска-ўкраінскай мяжой вайсковыя аб’екты, якія выкарыстоўваюцца расейскай арміяй. Разьбіраемся, як можа пацярпець цывільнае насельніцтва Беларусі ў выпадку ўдараў па іх.

Аэрадром «Зябраўка», 10 км да Гомля, пяць вёсак навокал

Пра выкарыстаньне расейскімі войскамі вайсковага аэрадрома «Зябраўка» пад Гомлем стала вядома ў першыя дні вайны. Зь «Зябраўкі» рэгулярна выляталі самалёты і верталёты.

Крыніца: openstreetmaps.org
Крыніца: openstreetmaps.org

Расейскія вайскоўцы засталіся на тэрыторыі «Зябраўкі» і пасьля адыходу расейцаў з поўначы Ўкраіны і часткова з тэрыторыі Беларусі на пачатку красавіка. Пра гэта паведамляюць як уласныя крыніцы Свабоды, так і іншыя рэсурсы, такія як «Беларускі Гаюн».

Ад «Зябраўкі» да тэрыторыі Ўкраіны, якая цяпер цалкам кантралюецца ўрадам у Кіеве, каля 50 кілямэтраў. Гэтага больш чым дастаткова для нанясеньня ракетных удараў як старой савецкай зброяй кшталту комплексаў «Точка У», так і новымі заходнімі сыстэмамі залпавага агню накшталт амэрыканскай HIMARS. Украіна ўжо актыўна выкарыстоўвае іх падчас абстрэлаў цэляў на тэрыторыі самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР», а таксама на тэрыторыі нядаўна акупаванай Херсонскай вобласьці.

«Зябраўка» знаходзіцца даволі блізка ад Гомля, густанаселены Навабеліцкі раён абласнога цэнтру ўсяго за дзесяць кілямэтраў ад вайсковага аэрадрому. Згодна з афіцыйным сайтам раёну, у 2019 годзе там пражывала каля 70 тысяч чалавек. Акрамя Гомля, у ваколіцах аэрадрома знаходзіцца пяць вёсак. Гэта найперш Зябраўка, якая дала назву аб’екту, а таксама Клімаўка, Прыбыткі, Дуянаўка і Кантакузаўка. Усе гэтыя вёскі знаходзяцца на адлегласьці ад 100 мэтраў (Зябраўка), да кілямэтра ад занятага расейцамі вайсковага аб’екта. Усяго на тэрыторыі Зябраўскага сельсавету жывуць каля 2 тысяч чалавек.

Аэрадром «Лунінец». Кілямэтар да райцэнтру, 60 км да Ўкраіны

Яшчэ адзін беларускі вайсковы аэрадром, які актыўна выкарыстоўваўся расейскай авіяцыяй і на якім могуць па-ранейшаму заставацца расейскія самалёты, разьмешчаны ля Лунінца ў Берасьцейскай вобласьці. Ад яго да Ровенскай вобласьці Ўкраіны, якая таксама цалкам кантралюецца Кіевам, каля 60 км. Пры гэтым аэрадром «Лунінец» знаходзіцца на поўнач ад райцэнтру. У выпадку патэнцыйнага ракетнага ўдару ўкраінскія ракеты павінны будуць праляцець проста над беларускім райцэнтрам і ўдарыць па аэрадроме, ад якога да найбліжэйшых цывільных будынкаў усяго каля аднаго кілямэтра.

Крыніца: openstreetmaps.org
Крыніца: openstreetmaps.org

Паводле Белстату, у 2021 годзе ў Лунінцы жылі каля 24 тысяч чалавек. Акрамя райцэнтру, побач з вайсковым аэрадромам знаходзяцца таксама вёскі Вулька, Лунін і Палескі. Ад іх да вайсковага аб’екта ад аднаго да трох кілямэтраў, у кожнай жыве каля сотні жыхароў.

Пляцоўка ля вайсковай часткі побач зь вёскай Прудок ля Мазыра, 50 км да Ўкраіны

Пра тое, што паміж вёскай Прудок і Мазыром застаюцца расейскія вайсковыя абʼекты з тэхнікай і салдатамі, Свабода паведамляла ў траўні. Гэта пацьвярджалі як мясцовыя жыхары, так і тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн». Па словах відавочцаў, расейскіх вайскоўцаў у гэтай мясцовасьці няшмат, але яны застаюцца побач з Прудком пастаянна. У гэтай мясцовасьці няма вайсковага аэрадрому. Паводле непацьверджанай інфармацыі, там расейцы трымаюць некалькі комплексаў супрацьпаветранай абароны С-400, якія могуць несьці небясьпеку для ўкраінскай авіяцыі і ракет.

Крыніца: openstreetmaps.org
Крыніца: openstreetmaps.org

Занятая расейцамі пляцоўка знаходзіцца прыкладна за кілямэтар ад Прудка (ня блытаць з Прудком Калінкавіцкага раёну, пра які напісаў кнігу Андрэй Горват. — РС), у якім жыве каля тысячы чалавек. Да Мазыра з насельніцтвам звыш 100 тысяч чалавек адсюль прыкладна 5 кілямэтраў. Прамая адлегласьць да мяжы з украінскай Жытомірскай вобласьцю меншая за 50 км.

Агулам на прылеглых да расейскіх вайсковых абʼектаў беларускіх тэрыторыях пражывае каля 200 тысяч чалавек. Гэта без уліку Гомля, насельніцтва якога складае каля 700 тысяч. Акрамя згаданых вайсковых аэрадромаў, расейская авіяцыя таксама пэрыядычна выкарыстоўвае падобныя аб’екты побач з Баранавічамі, Лідай і ў Мачулішчах. Усе яны разьмешчаныя на недасяжнай для ўкраінцаў адлегласьці.

Афіцыйнае кіраўніцтва Ўкраіны, як цывільнае, так і вайсковае, пакуль магчымасьць нанясеньня ўдараў па разьмешчаных на тэрыторыі Беларусі расейскіх абʼектах адкрыта не абмяркоўвала.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG