У Гомельскай вобласьці праходзяць «мабілізацыйныя вучэньні». Каля ваенкамату ў Гомлі паставілі вайсковыя намёты, разьмясьцілі «барыкады» зь мяшкоў зь пяском. Аналягічныя барыкады «прыкрываюць» уваходы ў Ельскі раённы дом культуры.
23–24 чэрвеня шматлікія ўкраінскія СМІ перадалі са спасылкай на неназваныя крыніцы ў тамтэйшай выведцы інфармацыю пра эвакуацыю Мазыра. Таксама яны напісалі пра вываз паліва з Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу.
Па інфармацыі выданьняў, «заможныя людзі» і «мясцовыя эліты» вывозяць свае сем’і і каштоўнасьці за мяжу.
«НПЗ узмоцнена ахоўваюць»
«Ня чулі пра эвакуацыю. Дый актыўнасьць вайскоўцаў у Мазыры цяпер не такая прыкметная, як у актыўную фазу баёў на кіеўскім і чарнігаўскім кірунку. Раз-пораз па горадзе езьдзяць вайскоўцы на грузавіках — зь беларускімі і расейскімі нумарамі. Некаторыя — на беларускіх нумарах, дзе рэгіён пазначаны „0“. Можа, гэта нашы спэцслужбы», — расказаў Свабодзе жыхар Мазыра.
Ён кажа, што найбольшая актыўнасьць вайскоўцаў цяпер засяроджана на полі каля вёскі Прудок. «Там стаяць сур’езныя зэнітныя ракетныя сыстэмы, хутчэй за ўсё — С-400. Там і вайскоўцы-расейцы, якія іх абслугоўваюць. Што тычыцца НПЗ — за ім паставілі СПА, на прахадной узмоцненая ахова, у тым ліку АМАП з аўтаматамі, супрацоўнікі спэцслужбаў — але такая ахова яшчэ з красавіка стаіць. Канечне, завод — стратэгічны абʼект, за яго апасаюцца», — патлумачыў мясцовы жыхар.
16 чэрвеня пры паездцы ў Бабруйск Аляксандар Лукашэнка заявіў, маючы на ўвазе ўкраінскі бок: «Калі яны ўдараць па Мазыры (у іх была такая варʼяцкая думка) — мы ўдарым па Кіеве, не заходзячы ва Ўкраіну».
«Сурʼезныя ўзбраеньні перамяшчалі па горадзе ноччу, выключыўшы сьвятло»
Жыхары Гомля цяпер рэдка заўважаюць калёны з вайсковых грузавікоў на вуліцах гораду. У ноч на 22 чэрвеня маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» зафіксавала начны прылёт у аэрапорт Гомля самалётаў Ил-76МД, якія належаць расейскім вайскоўцам. «Самалёты прывезьлі ня менш за 16 ракет для зэнітна-ракетных комплексаў С-300», — паведамляў «Беларускі Гаюн».
«Так „супала“, што пры перавозцы ракет праз Гомель на вуліцы Савецкай было выключана сьвятло. Цяпер вайскоўцы робяць усё „акуратна“, не прыцягваючы асаблівай увагі. Актыўнасьць вайскоўцаў я заўважаю больш у Гомельскім раёне, каля аэрадрому „Зябраўка“. На яго дагэтуль не пускаюць людзей — там раней бавіліся байкеры і аўтааматары. У Гомельскім раёне і цяпер часта перасоўваецца вайсковая тэхніка, як расейская, так і беларуская з чырвоным квадратам на борце», — расказаў жыхар Гомля.
Тым часам па раёнах вайскоўцы «забаўляюць» дзяцей
Зьяўленьне 38-й Берасьцейскай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады ў розных раёнах Берасьцейскай вобласьці тлумачыцца як «наведваньне дзіцячых лягераў».
Тэлеграм-канал, зьвязаны з 38-й брыгадай, піша, што дэсантнікі «наведалі спартыўна-аздараўленчы лягер у вёсцы Новая Папіна Драгічынскага раёну».
Раней дэсантнікі паказвалі зброю дзецям зь летняга лягеру ў Олтускай школе Маларыцкага раёну.
Дэсантнікі зь Віцебску (103-я Віцебская паветрана-дэсантная брыгада сіл спэцыяльных апэрацый) ня толькі «адпрацавалі пераправу праз Дняпро» ў раёне Лоева, але і «забаўлялі» мясцовых дзяцей.
«У межах патрыятычнага выхаваньня» дзяцей каталі на бронетэхніцы і паказвалі ім розную зброю.
Мілітарызацыя летняга адпачынку дзяцей дасягнула рэлігійных мерапрыемстваў. У Гомельскім раёне праходзіць «епархіяльны дзіцячы лягер» для дзяцей зь нядзельных школ. Гомельская япархія піша, што праграма лягеру мае два кірункі: «з аднаго боку, гэта духоўны складнік: сумесныя ранішнія і вячэрнія малітвы, удзел у Літургіі, з другой — спартыўныя, культурныя мерапрыемствы, творчыя майстар-клясы».
На здымках япархіі відаць вайскоўцы і ўзбраеньне.
Па-ранейшаму ў раёнах Гомельскай вобласьці, якія мяжуюць з Украінай, забаронена наведваць лясы і лавіць рыбу ў памежнай паласе, плаваць на чаўнах.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.