Намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксей Громаў заявіў, што ўкраінская выведка не назірае прыкмет фармаваньня ўдарных расейскіх груповак для атакі зь Беларусі на ровенскім і жытомірскім кірунках.
У той жа час, паводле яго, пагроза нанясеньня ракетных удараў з тэрыторыі Беларусі па ўкраінскіх аб’ектах застаецца.
«Паводле наяўных зьвестак, праціўнік распачаў захады інжынэрнага абсталяваньня аэрадрому „Зябраўка“ Гомельскай вобласьці, які ў далейшым можа выкарыстоўвацца як вайсковая база Расейскай Фэдэрацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», — паведаміў Аляксей Громаў 19 траўня на брыфінгу ў Кіеве.
Вёска Зябраўка знаходзіцца за 25 кілямэтраў ад Гомля і за 33 кілямэтры ад Дабранкі Чарнігаўскай вобласьці Ўкраіны.
Паводле Громава, у Берасьцейскай і Горадзенскай абласьцях Беларусі адбываецца праверка здольнасьці мясцовых органаў улады па фармаваньні органаў кіраваньня і падразьдзяленьняў тэрытарыяльнай абароны.
«На адным з палігонаў адбылося трэнаваньне па ўзьвядзеньні пантоннай пераправы і фарсаваньні воднай перашкоды — ракі Нёман падразьдзяленьнямі 6-й асобнай мотастралковай брыгады гораду Горадні. Напэўна, беларусам не даюць спакою ляўры батальённа-тактычнай групы 74-й асобнай мотастралковай брыгады Ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі, якая фарсавала раку Северскі Данец у раёне Белагародкі Луганскай вобласьці і панесла значныя страты», — дадаў прадстаўнік Генэральнага штабу Ўкраіны.