Галоўнае на гэты момант
- Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што рызыкі паўторнага ўварваньне расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі мінімальныя.
- Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі наведаў фронт на Данбасе.
- Швэцыя перадасьць Украіне супрацьпяхотныя снайпэрскія вінтоўкі AG 90 і боепрыпасы, а таксама дадатковыя 5 000 швэдзкіх супрацьтанкавых гармат AT4.
- У Херсонскай вобласьці, паводле дадзеных украінскага Генштабу, расейцы замінавалі бераг ракі Інгулец.
- Ранкам 5 чэрвеня расейцы ракетамі абстралялі Кіеў, пацярпела адна жанчына.
- У Данецкай вобласьці з-за расейскага наступу згарэў Усіхсьвяцкі скіт ў Сьвятагорскай лаўры, найбуйнейшы драўляны храм Украіны.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 6 чэрвеня
Зяленскі наведаў фронт на Данбасе
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі наведаў камандныя пункты і перадавыя пазыцыі ўкраінскіх войскаў у раёне Бахмуту Данецкай вобласьці і Лісічанску Луганскай вобласьці, дзе апошнія некалькі тыдняў адбываюцца найбольш жорсткія баі з расейскай арміяй.
Кіеў: на Слабажанскім кірунку расейцы будуюць пантонна-рэйкавыя пераправы
Зводка ўкраінскага Генштабу гаворыць аб тым, што на Слабажанскім кірунку «праціўнік працягвае агонь па падразьдзяленьнях сіл абароны з артылерыі, рэактыўных сыстэм, мінамётаў і танкаў. У мэтах падтрымкі наступленьня праціўнік інтэнсіўна аднаўляе транспартную інфраструктуру і будуе пантонна-рэйкавыя пераправы цераз рэкі на часова акупаваных тэрыторыях».
З боку Беларусі, як пішуць у Генштабе, істотных зьменаў няма. Расейскія ўзбраеньні застаюцца на пазыцыях уздоўж мяжы.
«Істотных зьменаў у сытуацыі ў Валынскім і Палескім раёнах няма. На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь уздоўж Дзяржаўнай мяжы Ўкраіны прысутнічаюць асобныя падразьдзяленьні Ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі, якія маюць на ўзбраеньні апэратыўна-тактычныя ракетныя комплексы „Іскандэр-М“, зэнітныя сыстэмы „Панцыр-С1“, зэнітныя ракетныя комплексы С-400 і самалёты апэратыўна-тактычнай авіяцыі».
Працягваюцца баі на Данбасе
Адным з гарачых пунктаў у расейскай вайне на Данбасе стаў Бахмут: тут расейскія войскі прасунуліся ў раней кантраляваныя Кіевам раёны так званай Сьветладарскай дугі і наблізіліся да горада.
Украінскія войскі адбіваюць атакі расейскіх войскаў і спрабуюць дамагчыся кантролю на пануючых вышынях для магчымых манэўраў.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага, які цяпер рэарганізаваны ў полк.
Ад пачатку вайны з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне запусьцілі 61 ракету, — Генштаб Украіны
«З тэрыторыі Беларусі было 1 211 вылетаў авіяцыі — больш за 20% ад агульнай колькасьці — і 61 пуск крылатых ракет тыпу „Іскандэр“ з мэтай паражэньня аб’ектаў крытычнай інфраструктуры Ўкраіны», — паведаміў прадстаўнік Генштабу Аляксей Громаў.
Лукашэнка заснаваў новае апэрацыйнае вайсковае камандаваньне ў Беларусі — паўднёвае
Гэты крок матываваны эскаляцыяй баявых дзеяньняў ва Ўкраіне. Да гэтага часу ў Беларусі былі два апэрацыйныя камандаваньні — паўночнае і паўночна-заходняе.
Украінскі Генштаб: у Беларусі разгарнулі комплексы «Точка-У» і «Смерч»
У Беларусі на асобных палігонах разгарнулі два ракетныя дывізіёны тактычнага ракетнага комплексу «Точка-У» і дывізіён рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Сьмерч», паведаміў Генштаб Узброеных сіл Украіны ў вечаровай зводцы 20 траўня. Пагроза ракетна-бомбавых удараў і артылерыйскіх абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі пакуль ня зьнікла.
Беларускае войска ля мяжы з Украінай
Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў аб пачатку другога этапу праверкі сіл апэратыўнага рэагаваньня.
Паводле ягоных слоў, у рамках гэтага этапу на Заходні і Паўночна-Заходні апэрацыйныя кірункі рушылі батальённа-тактычныя групы, а для іх узмацненьня — падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны, ракетных войскаў і артылерыі, якія будуць забясьпечваць іхнае баявое функцыянаваньне.
Паводле Гулевіча, падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку (да мяжы з Украінай. — РС).
Як рэагуе сьвет
Швэцыя перадасьць Украіне супрацьпяхотныя снайпэрскія вінтоўкі і гарматы
Швэцыя прадаставіць Украіне супрацьпяхотныя снайпэрскія вінтоўкі AG 90 і боепрыпасы, а таксама дадатковыя 5000 швэдзкіх супрацьтанкавых гармат AT4, паведамляе Army Recognition.
Швэцыя таксама мае намер унесьці 60 млн швэдзкіх крон (6,14 млн даляраў) у фонд, створаны NATO для падтрымкі Ўзброеных сіл Украіны.
Раней Швэцыя пералічыла каля 48 мільёнаў эўра на спэцыяльны рахунак Нацбанку Ўкраіны для Ўзброеных сіл і зьбіраецца ўнесьці ў гэты фонд дадатковыя 55 млн эўра.
«Гэтая падтрымка дапаможа ўзмацніць здольнасьць Украіны змагацца з расейскай агрэсіяй у крытычны момант», — гаворыцца ў заяве.
Эўразьвяз ухваліў шосты пакет санкцый супраць Расеі за яе напад на Ўкраіну
Эмбарга на расейскую нафту ня будзе поўным, але ахопіць звыш 90% паставак. Патрыярха Кірыла вывелі з санкцыйнага сьпісу на патрабаваньне Вугоршчыны.
У рамках санкцый ЭЗ адключае ад SWIFT беларускі банк.
Кампаніі Hewlett Packard і Karmstrup пакідаюць Беларусь і Расею за вайну супраць Украіны
Hewlett Packard Enterprise заявіла, што канчаткова выходзіць зь Беларусі і Расеі з прычыны вайны ва Ўкраіне. Таксама пакідае рынак дзьвюх краін дацкая кампанія Karmstrup, якая спэцыялізуецца на інтэлектуальным уліку вады і электраэнэргіі. Яна робіць лічыльнікі.
Тайвань забараніў экспарт у Расею і Беларусь чыпаў і мікрасхем
Міністэрства эканомікі Тайваня падрыхтавала сьпіс стратэгічных высокатэхналягічных тавараў, якія забаронены да экспарту ў Расею і Беларусь. Беларусь уключана ў сьпіс, бо яна можа дапамагчы Расеі імпартаваць такія тавары.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.