Ад міністраў да прапагандыстаў. Стала вядома, якія санкцыі супраць Беларусі і яе прадстаўнікоў прапануе Ўкраіна

Сябра Міжнароднай працоўнай групы па санкцыях, кіраўнік Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак
Сябра Міжнароднай працоўнай групы па санкцыях, кіраўнік Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак

Міжнародная працоўная група, якую ачольваюць кіраўнік Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак і колішні пасол ЗША ў Расеі Майкл Макфол, падрыхтавалі «дарожную мапу» ўвядзеньня індывідуальных санкцый супраць расейскіх і беларускіх прадстаўнікоў улады, бізнэсу, журналістыкі, а таксама іхных сем’яў.

У прыватнасьці, група прапануе ўвесьці санкцыі супраць:

  • усяго складу беларускага ўраду;
  • прадстаўнікоў абедзьвюх палат парлямэнту;
  • кіраўніка і намесьнікаў кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі;
  • кіраўніка Нацбанку Беларусі і чальцоў ягонага праўленьня;
  • усяго складу ЦВК;
  • чальцоў Савету бясьпекі Беларусі;
  • кіраўніцтва Міністэрства абароны Беларусі;
  • вышэйшых адказных асобаў у праваахоўных структурах і органах бясьпекі Беларусі, у тым ліку Камітэту дзяржбясьпекі, Генэральнай пракуратуры і Міністэрства ўнутраных спраў;
  • усіх кіраўнікоў абласьцей Беларусі;
  • усіх кіраўнікоў беларускіх гарадоў з колькасьцю насельніцтва больш за 100 тысяч жыхароў;
  • кіраўнікоў і судзьдзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў Беларусі, а таксама кіраўнікоў і судзьдзяў апэляцыйных, абласных і раённых судоў, якія перасьледавалі за пратэсты супраць вайны ва Ўкраіне;
  • дарадцаў усіх пералічаных адказных асобаў.

Апроч таго, працоўная група прапануе ўвесьці санкцыі супраць кіраўніцтва і чальцоў праўленьня ўсіх дзяржаўных і падкантрольных дзяржаве беларускіх прадпрыемстваў, банкаў і кампаній, супраць чальцоў кіроўных органаў Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў, супраць духавенства РПЦ у Беларусі і Рады муфтыяў Беларусі, якія падтрымліваюць уварваньне Расеі ва Ўкраіну, а таксама супраць уласьнікаў і супрацоўнікаў тэлеканалу «Беларусь 24», якія ствараюць прапагандысцкія матэрыялы ў падтрымку агрэсіі Расеі.

Санкцыі прапануюць таксама ўвесьці супраць сьпевакоў, блогераў, актораў і спартоўцаў, якія падтрымліваюць расейскае ўварваньне ва Ўкраіну.

Для ўсіх гэтых грамадзян прапануюць замарозіць актывы, забараніць уезд у краіны санкцыйнай кааліцыі, а таксама спыніць іхныя паўнамоцтвы ў замежных кампаніях.

Гэтыя прапановы будуць перададзеныя ўрадам краін і кампаніям, якія дапамагаюць распрацоўваць і ўводзіць санкцыі ў сувязі з агрэсіяй Расеі. У той жа час Украіна пакуль так і не ўвяла санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў.

​
XS
SM
MD
LG