Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус вярнуўся жыць у Бучу: «Візуальна вайна яшчэ доўга ня зьнікне»


Буча, 4 красавіка 2022
Буча, 4 красавіка 2022

Пісьменьнік Сяргей Прылуцкі нядаўна вярнуўся ў Бучу, якую пакінуў зь сям’ёй у красавіку, калі пасьля жорсткіх баёў горад быў акупаваны расейскім войскам. Гаворым зь Сяргеем пра тое, як у месцы, якое стала асацыявацца з расейскімі ваеннымі злачынствамі ва Ўкраіне, наноў наладжваецца жыцьцё.

— Сяргей, перш чым запытаць вас пра сёньня, я хачу папрасіць вас згадаць тое, што было раней. Калі Расея пачала вайну з Украінай, вы былі ў Бучы. Колькі часу вы прабылі там пад абстрэламі?

— Для нас усё пачалося раніцай 24-га (лютага. — РС). Мне пазваніў а пятай раніцы калега і сказаў, што пачалася вайна. Ужо недзе а дванаццатай мы былі вымушаныя бегчы ў бамбасховішча, таму што гучалі выбухі, гарэў аэрапорт, ляталі тут расейскія верталёты і самалёты.

Пад вечар трошкі сьціхла, хаця ўсё адно пастаянна было чуваць нейкія выбухі і страляніну з боку Гастомелю. Увечары мы паехалі начаваць у другі канец Бучы да знаёмых. Раніцай вярнуліся забраць рэчы. Убачылі, што або снарад, або асколак зачапіў трошкі дах нашага будынку, кавалкі даху валяліся на двары. Мы зразумелі, што тут ужо ўсё…

Тыя нашы знаёмыя паехалі на захад на сваёй машыне, а нам далі ключы ад кватэры. І мы так два тыдні акупацыі пражылі ў той кватэры.

Кватэра Сяргея Прылуцкага ў Бучы, узламаная расейскімі вайскоўцамі
Кватэра Сяргея Прылуцкага ў Бучы, узламаная расейскімі вайскоўцамі


— Калі вы гаворыце «мы», каго вы маеце на ўвазе, акрамя сябе?

— Я, жонка, сын і наша сяброўка — суседка зь дзьвюма дочкамі.

— Вашу кватэру вы пакінулі замкнутую і яна ўвесь час пуставала?

— Ня ведаю, калі, але як расейцы зайшлі ў Бучу, то яны ў нашым доме жылі. У нашай кватэры не, у нашай кватэры проста прайшліся, зрабілі вэрхал, а на ніжніх паверхах яны жылі. Вось у майго кума, паэта Алега Коцарава, на трэцім паверсе жылі расейскія вайскоўцы ў іх.

— Скажыце, якім чынам вы эвакуаваліся з Бучы.

— Мы пастаянна стараліся знайсьці інфармацыю пра эвакуацыю, пра тое, як адтуль можна выехаць. Але доўгі час увогуле не было ніякіх зялёных калідораў. Некаторыя людзі, якія жылі побач, казалі, што яны намагаліся выйсьці. Адна жанчына сказала, як яны тройчы спрабавалі выйсьці празь нейкія сьцежкі, празь лес, але вярталіся, бо бачылі, што наперадзе там нейкая вайсковая тэхніка. І яны не рызыкавалі ісьці далей.

Першы зялёны калідор быў дзясятага сакавіка. Афіцыйна была інфармацыя, што будуць аўтобусы. Ну і была інфармацыя, што расейцы будуць выпускаць толькі жанчын і дзяцей. Я правёў іх усіх — жонку, сяброўку, дзяцей — а сам застаўся. Але ў той дзень аўтобусы не прыехалі, і дзясятага змагла выехаць толькі калёна прыватных аўтамабіляў. Адзінаццатага зноў быў зялёны калідор, і мы ўсё зноў пайшлі разам і выехалі адтуль прыватным транспартам. Папрасілі, каб нас узялі на машынах, бо мы баяліся, што зноў можа ня быць аўтобусаў. Таму мы шукалі месца ў прыватных людзей, якія выяжджалі.

Кватэра Сяргея Прылуцкага ў Бучы, узламаная расейскімі вайскоўцамі
Кватэра Сяргея Прылуцкага ў Бучы, узламаная расейскімі вайскоўцамі

— І куды вы паехалі? Дзе вы спыніліся пасьля эвакуацыі з Бучы?

— Былі два расейскія блёк-пасты, потым мы прайшлі ўкраінскі блёк-пост, а за ім нас чакаў на машыне сябар нашай суседкі. І мы ў яго пажылі два ці тры дні, памыліся, памылі бялізну, бо фактычна два тыдні мы хадзілі ў той самай вопратцы. Вады не было, нічога не было, ваду даводзілася набіраць на будоўлі, на сьвідравіне. А потым, пасьля тых двух-трох дзён акліматызацыі, мы паехалі ў Львоў. У Львове таксама, па-мойму, дні два пабылі. Жонка зь сяброўкай і дзецьмі паехалі ў Польшчу, а я паехаў да сябра ў Цярнопаль і ўвесь гэты час жыў у яго і ягоных бацькоў.

— Дзе цяпер вашы жонка і сын, у Польшчы?

— Да нядаўняга часу яны былі ў Польшчы, жылі ва Ўроцлаве, а на мінулым тыдні паляцелі ў Брытанію.

— Самі вы вярнуліся ў Бучу і цяпер у сваёй кватэры. Раскажыце, што вы засталі, калі вярнуліся дадому. Як выглядала ваша кватэра, ваш дом? Ваша кватэра была замкнутая, адамкнутая?

— Некалькі тыдняў таму мой сябар з Кіева, паэт Дзьмітро Лазуткін, сказаў мне, што будзе ехаць у Ірпень, і я яго папрасіў, каб ён заехаў у Бучу і зачыніў дзьверы. Ён зьезьдзіў сюды, зрабіў адну фотку і зачыніў дзьверы…

Кватэра Сяргея Прылуцкага ў Бучы, узламаная расейскімі вайскоўцамі
Кватэра Сяргея Прылуцкага ў Бучы, узламаная расейскімі вайскоўцамі

— Літаральна: зачыніў дзьверы? Яны былі ўвесь час адчыненыя?

— Так, яны былі адчыненыя ўвесь гэты час.

Былі суседзі, якія вярнуліся самыя першыя, адразу пасьля вызваленьня гораду, і тыя, якія не вярнуліся адразу, папрасілі ў іх — там у нас закрыты чат у доме — папрасілі паглядзець, што адбываецца ў іхных кватэрах. У нас дзьверы не былі выбітыя, але шмат у каго дзьверы былі выбітыя разам зь мясам… Цяпер гэтыя дзьверы паставілі і запенілі, каб хаця б марадэры ня лазілі туды.

А нашы дзьверы, калі мы ўцякалі, мы забылі замкнуць на галоўны і асноўны замок, і таму нашу кватэру лёгка было ўзламаць — проста ўзламалі замок, а дзьверы не былі выбітыя.

— Як выглядала ваша кватэра, калі вы вярнуліся ў яе? Нехта там пабываў, калі вас не было?

— Так. Такі ср...ч там стаяў… На кухні нейкі посуд пабіты, нешта яны там пад’ядалі, у залі жончыны ўпрыгажэньні — пярсьцёнкі, ланцужкі — валяліся на падлозе. Яны, мабыць, шукалі грошай. У мяне засталіся старыя беларускія грошы з зубрамі і зайчыкамі — і гэтыя зубры і зайчыкі таксама валяліся па пакоі. Манэты аднагрыўневыя таксама былі раскіданыя па ўсёй кватэры. Рэчы з шафаў яны падаставалі з шафаў і параскідвалі, мабыць, таксама шукалі нейкія нычкі з грашыма. Паламалі ноўтбукі, разьбілі стары тэлефон…

— А вашы суседзі з блёку ўжо вярнуліся?

— Частка суседзяў вярнулася, але я яшчэ асабліва ні з кім не сустракаўся, толькі ўчора пабачыліся з суседкай з майго пад’езду, якая раней была нянькай нашага сына. А так трошкі людзей вярнулася, няшмат, але жывуць тут, у чаце пастаянна абменьваюцца навінамі.

Кватэра Сяргея Прылуцкага ў Бучы, узламаная расейскімі вайскоўцамі
Кватэра Сяргея Прылуцкага ў Бучы, узламаная расейскімі вайскоўцамі

— Як цяпер наагул выглядае жыцьцё ў Бучы? Нейкія крамы там працуюць ці пакуль яшчэ нічога?

— Патроху ўсё ўжо адкрываецца. Банкі працуюць, мэрыя, крамы… Тое, што можна адкрыць, яно адкрываецца. Маленькія супэрмаркеты адкрыліся. Самы галоўны і вялікі ў цэнтры зачынены, бо я бачыў, што ўнутры ён выпалены — ня ведаю, ці яго падпалілі расейцы, ці туды трапіў снарад, але відаць, што ён гарэў. Плюс яго памарадэрылі расейцы ў першыя дні.

— Назва «Буча» стала вядомая ва ўсім сьвеце, калі паказалі тыя фатаграфіі з забітымі людзьмі са зьвязанымі рукамі. У вашых суседзяў ці знаёмых нехта стаў ахвярай злачынстваў расейскага войска?

— Наколькі ведаю, з нашага дома не — магчыма, таму, што мы са сваіх вокнаў бачылі самы пачатак баёў. У нас пад вокнамі адбываўся бой за аэрапорт, і таму ў першыя дні большасьць суседзяў выехалі.

Тое, што я бачыў на фотках у сакавіку — купа расстраляных машын — то гэта ўсё папрыбіралі. Але калі заяжджаць у Бучу з боку Кіева, то ўздоўж трасы пазаставаліся спаленыя грузавікі, уздоўж дарогі шмат спаленых будынкаў, супэрмаркет спалены, запраўкі спаленыя… Візуальна вайна ня зьнікла з Бучы і яшчэ доўга ня зьнікне, таму што многія будынкі разбомбленыя, а адкуль браць грошы на аднаўленьне разбомбленых будынкаў, невядома. Таму што цяпер самае галоўнае — фінансаваньне войска. Хіба што нейкія грошы на аднаўленьне жытла будзе даваць Захад.

Сяргей Прылуцкі з сынам. Фота: Анатоль Днестравы
Сяргей Прылуцкі з сынам. Фота: Анатоль Днестравы

— Што вы намераны рабіць цяпер — да жонкі з сынам ехаць ня думаеце?

— Ня думаю. Калі я быў у Цярнопалі, то там стаў на вайсковы ўлік. Зараз трэба будзе стаць на вайсковы ўлік тут, у Бучы. Бо я грамадзянін Украіны, а не Беларусі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG