Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баі на Данбасе, у Марыюпалі «кадыраўцы» патрулююць вуліцы. 90-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны


Украінскі баец у акопах Данбасу, 23 траўня 2022 г.
Украінскі баец у акопах Данбасу, 23 траўня 2022 г.

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 6 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі, яшчэ каля 7 мільёнаў хаваюцца ў іншых абласьцях. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Працягваюцца баі ў Луганскай і Данецкай абласьцях, расейцы атакуюць Севераданецк.
  • Расейскія войскі раскрадаюць музэйныя калекцыі ў Мелітопалі.
  • На Запарожжы зьнішчаныя ці пашкоджаныя 8 помнікаў архітэктуры.
  • На Чарнігаўшчыне з-пад абломкаў абстралянага расейцамі вайсковага цэнтру дасталі 87 загінулых.
  • Вярхоўная Рада Ўкраіны падоўжыла ваеннае становішча і агульную мабілізацыю на 90 дзён — да 23 жніўня.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 24 траўня

Прадстаўнік Мінабароны Ўкраіны: пачалася «самая актыўная фаза» наступу расейскага войска на ўсходзе і поўдні Ўкраіны

Прадстаўнік Мінабароны Ўкраіны Аляксандар Матузянік заявіў, што Расея рыхтуецца да доўгатэрміновай ваеннай апэрацыі ва Ўкраіне, і цяпер пачалася «самая актыўная фаза» наступу расейскага войска на ўсходзе і поўдні Ўкраіны. Таксама ён заявіў аб спробах расейскіх войскаў акружыць Севераданецк і Лісічанск. Гэта апошнія буйныя гарады ў Луганскай вобласьці, якія застаюцца пад украінскім кантролем.

Раніцай расейскія войскі зноў абстралялі хімічны завод «Азот» у Севераданецку, загінулі чатыры чалавекі, паведаміў кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай. Паводле яго, шчыльнасьць і колькасьць расейскіх абстрэлаў расьце кожны дзень.

Расея вядзе наступ на Данбасе — на Ліманскім, Севераданецкім і Бахмуцкім кірунках

Генштаб Узброеных сіл Украіны паведамляе пра наступ на Данбасе. Паводле Генштабу, расейскія войскі пры падтрымцы артылерыі і авіяцыі наступаюць у напрамку Чырвонага Лімана. На Бахмуцкім напрамку Расея наступае ў раёнах Ліпава і Белагораўкі. Па Краматорску, Лімане і Славянску ў апошнія гадзіны былі нанесеныя авіяўдары па аб’ектах цывільнай інфраструктуры. Таксама расейскія войскі наступаюць у напрамку Севераданецку, баі працягваюцца.

Данецкі горад Ліман — часткова пад кантролем расейцаў

Данецкі горад Ліман, што за 30 км ад Краматорску, часткова ўзяты пад кантроль вайскоўцамі Расеі і самаабвешчаных рэспублік, заявіў кіраўнік так званай «ДНР» Дзяніс Пушылін. Пазьней гэта пацьвердзіў і кіраўнік Данецкай аблдзяржадміністрацыі Павел Кірыленка. Пра баі, якія працягваюцца ў Лімане, і наступ расейскіх вайскоўцаў на горад «пры падтрымцы артылерыі і авіяцыі» паведамляе і ўкраінскі Генштаб.

У Данецкай вобласьці 24 траўня загінулі 12 мірных жыхароў, у Харкаўскай — адзін

24 траўня ў Данецкай вобласьці пад абстрэламі загінулі 12 мірных жыхароў, яшчэ 10 чалавек атрымалі раненьні. Як паведаміў кіраўнік абласной дзяржаўнай адміністрацыі Павел Кірыленка, трое загінулі ў Бахмуце, па двое ў Тарэцку, Аўдзееўцы і Райгарадку, па адным у Лімане, Мікалаеўцы і Калінавым. Усяго з пачатку вайны ў вобласьці загінулі 427 чалавек, ня лічачы ахвяр у Валнавасе і Марыюпалі, якія цяпер немагчыма падлічыць, адзначыў Кірыленка.

У Харкаўскай вобласьці сёньня пад абстрэламі загінула 69-гадовая жыхарка Дзергачоўскай грамады, там жа пацярпеў яшчэ адзін чалавек. Яшчэ двое мірных жыхароў атрымалі раненьні ў сяле Савінцы Ізюмскага раёну, паведаміў кіраўнік рэгіёну Алег Сінягубаў.

Жорсткія баі на Данбасе

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны лічаць, што расейскія войскі маюць намер узяць у аблогу два ўкраінскія гарады на ўкраінскім Данбасе — Севераданецк і Лісічанск, каб потым выйсьці на адміністратыўную мяжу Луганскай вобласьці.

Адначасова, паводле сьпікера Генштабу Ўкраіны Аляксандра Штупуна, Расея рыхтуецца да наступу на так званым славянскім кірунку (па назьве гораду Славянск у Данецкай вобласьці. — РС). Раней расейскія войскі не змаглі ўзяць Славянск з прычыны няўдач на харкаўскім кірунку. Цяпер Славянск пад кантролем Украіны.

У Харкаве аднавіла працу мэтро

Харкаўскі мэтрапалітэн аднавіў працу 24 траўня, роўна праз тры месяцы пасьля пачатку вайны. Першыя цягнікі курсуюць з інтэрвалам руху 30 хвілін, але ўжо заўтра інтэрвал скароціцца. Паводле мэра Харкава, зараз на лініі нельга выпусьціць больш цягнікоў, бо частка вагонаў пацярпела падчас бамбаваньняў дэпо.

У акупаваным Бярдзянску ўводзяць расейскі рубель

Акупаваны расейскімі войскамі горад Бярдзянск у Запароскай вобласьці Ўкраіны ўваходзіць у рублёвую зону, заявіў так званы выканаўца абавязкаў мэра акупацыйнай адміністрацыі гораду Аляксандар Саўленка. Паводле яго, ужо з 25 траўня пачынаецца выплата пэнсій у рублях. Афіцыйны курс грыўні да рубля, паведаміў Саўленка, устаноўлены як 1:2. Ва ўсіх крамах цэньнікі павінны быць на дзьвюх мовах.

Расея зноў абстраляла мяжу Сумскай вобласьці

Як паведаміла Апэратыўнае камандаваньне «Поўнач», каля 17:05-17:18 было 7 выбухаў з тэрыторыі Расеі ў бок вёскі Баяра-Ляжачы, верагодна, зь мінамёта; каля 17:15 — 8 выбухаў у раёне пасёлку Таўстадубава. Стратаў сярод вайскоўцаў і тэхнікі няма. Аб стратах і раненьнях сярод цывільнага насельніцтва або аб пашкоджаньнях інфраструктуры не паведамляецца.

Херсонскую вобласьць пакінула палова жыхароў

Кіраўнік Херсонскай абласной вайсковай адміністрацыі заявіў, што вобласьць пакінулі 50% жыхароў. Па словах Генадзя Лагуты, галоўная прычына — нежаданьне жыць на акупаванай тэрыторыі.

З пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі сама меней 234 дзіцяці

Па зьвестках офіса генпракурора Ўкраіны на 24 траўня, з пачатку расейскага ўварваньня загінулі 234 дзіцяці, 433 дзіцяці атрымалі раненьні. У паведамленьні ведамства зазначаецца, што гэтыя лічбы не канчатковыя, падлік ахвяраў усё яшчэ вядзецца. Больш за ўсё пацярпелых дзяцей у Данецкай вобласьці — 146, Кіеўскай — 116, Харкаўскай — 103, Чарнігаўскай — 68, Луганскай — 50, Херсонскай — 49 і Мікалаеўскай — 45.

Расейцы занялі Сьветладарск

Расейскія войскі раніцай 24 траўня занялі Сьветладарск, невялікі горад у Данецкай вобласьці, паведамляе «Свободное радио» са спасылкай на начальніка Сьветладарскай вайсковай адміністрацыі Сяргея Гошку. Па словах Гошкі, вайскоўцы вывесілі расейскі сьцяг на адным з адміністрацыйных будынкаў. Гошка дадаў, што расейскія салдаты ходзяць па вуліцах і правяраюць дакумэнты ў мясцовых жыхароў.

Пракуратура Ўкраіны ідэнтыфікавала 8 расейцаў, якія жорстка катавалі і забілі старасту вёскі на Кіеўшчыне, сярод іх былі «вагнэраўцы»

Сьледчыя Генэральнай пракуратуры Ўкраіны вызначылі асобы пяці расейскіх вайскоўцаў і трох так званых «вагнэраўцаў», датычных да забойства Вольгі Сухенкі, старасты вёскі Матыжын Макараўскага раёну Кіеўскай вобласьці, і яе сям’і. У Офісе генэральнага пракурора Ўкраіны пакуль не назвалі іхных прозьвішчаў.

Фільтрацыя і КПП: у Марыюпалі «кадыраўцы» пачалі патруляваць вуліцы

У Марыюпалі расейскія захопнікі ўзмацняюць рэжым кантролю. Вуліцы гораду патрулююць мабільныя групы «кадыраўцаў», паведаміў ТСН дарадца мэра Пятро Андрушчанка. Расейцы ўвялі новую сыстэму пропуску, паставілі кантрольна-прапускныя пункты і пачалі патруляваць горад.

З Марыюпальскага порту акупанты хочуць вывозіць чыгункай збожжа і мэталапракат. Для гэтага тэрмінова пачалі рамантаваць чыгуначную лінію.

Гарадзкія ўлады Марыюпалю апублікавалі сьпіс калябарантаў, якія супрацоўнічаюць з расейскімі акупантамі, у прыватнасьці, хто былі карэктавальнікам агню. Як сьцьвярджаецца, гэта прадстаўнікі мясцовай фракцыі прарасейскай партыі «ОПЗЖ».

Акрамя таго, у Марыюпалі расьце пагроза эпідэміі: гораду неабходна эвакуаваць жыхароў, якія там яшчэ застаюцца.

Мінабароны РФ заявіла аб гуманітарным калідоры для выхаду замежных суднаў з Марыюпалю

Яго адкрыюць 25 траўня а 8-й раніцы. Як сьцьвярджае начальнік Нацыянальнага цэнтру кіраваньня абаронай РФ Міхаіл Мізінцаў, для бясьпечнага выхаду суднаў ВМС Расеі ачысьцілі ад мінаў калідор даўжынёй 115 міль і шырынёй 2 мілі ў напрамку Чорнага мора.

У Севераданецку абстралялі хімічнае прадпрыемства «Азот»

Там былі абсталяваныя некалькі бамбасховішчаў. Ваюючыя бакі абвінавачваюць адзін аднаго. Па словах кіраўніка Луганскай вобласьці Сяргея Гайдая, завод абстралялі расейскія вайскоўцы раніцай, у выніку загінулі 4 чалавекі. У той жа час падкантрольнае ўладам самаабвешчанай «ЛНР» агенцтва «Луганскінфарм» паведамляе, што «Азот» абстралялі ўкраінскія вайскоўцы зь цяжкай артылерыі, загінулі некалькі рабочых.

Восем помнікаў гісторыі за тры месяцы

За тры месяцы вайны ў Запароскай вобласьці расейскія акупанты зьнішчылі ўжо восем помнікаў гісторыі і культуры. Пра гэта паведамляе Запароская абласная вайсковая адміністрацыя.

У горадзе Арэхаве варожы абстрэл пашкодзіў старажытны маёнтак мэнанітаў — гістарычны дом мэнаніта Ёгана Янцэна, пабудаваны ў 70-х гадах XIX стагодзьдзя. Цяпер у гэтым будынку працавала Арэхаўская гарадзкая рада. У сядзібе пашкоджаны вокны, разьбіты ўваходныя дзьверы, парэзаны на кавалкі сьцены і старадаўняя ляпніна, цалкам зьнішчана частка даху і другі паверх.

У Запарожжы акупанты зьнішчылі помнікі:

  • гісторыка-архітэктурны запаведнік «Сядзіба Паповых»;
  • мэмарыяльную стэлу ўдзельнікам АТА ў Энэргадары;
  • вакзал Запарожжа-2;
  • былую сынагогу і царкву сьвяціцеля Ціхана Задонскага ў Гуляйполі;
  • Дом культуры вёскі Малая Такмачка;
  • санаторна-курортны комплекс на Хорціцы.

Акрамя таго, зь Мелітопальскага краязнаўчага музэю выкралі каштоўныя калекцыі. Сярод адсутных каштоўнасьцяў — абразы і карціны вядомых мастакоў.

Oryx: за час вайны Расея страціла больш за 4000 адзінак тэхнікі, Украіна — 1071 адзінку

Па дадзеных аналітычнага праекту Oryx, за час вайны Расея страціла больш за 4000 адзінак тэхнікі. Страты Расеі з пачатку вайны склалі 4023 адзінкі ваеннай тэхнікі, у тым ліку 697 танкаў, зь якіх зьнішчана 377. Зь нядаўніх страт, адзначае Oryx, — 1 бронетранспартэр і амаль сотня КАМАЗаў. Украінскія страты тэхнікі склалі 1071 адзінку.

Што адбываецца ў Расеі

Дзярждума РФ прыняла законапраект аб пазасудовай забароне працы замежных СМІ за «дыскрэдытацыю» арміі і «заклікі да санкцый»

Дэпутаты ніжняй палаты расейскага парлямэнту ўхвалілі ў першым чытаньні законапраект, па якім генпракурор РФ або яго намесьнікі змогуць прымаць рашэньні аб адкліканьні ліцэнзій замежных СМІ і пазбаўленьні замежных журналістаў акрэдытацыі. Праца СМІ, паведамляецца на сайце Дзярждумы, можа быць спыненая «за распаўсюджваньне супрацьпраўнай, небясьпечнай інфармацыі, у тым ліку недакладнай грамадзка значнай інфармацыі».

Расея ўводзіць пэрсанальныя санкцыі ў дачыненьні да 154 чальцоў Палаты лордаў Вялікай Брытаніі

Пра гэта паведамляе МЗС РФ. У паведамленьні гаворыцца, што яны «зрабілі непасрэдны ўнёсак у выпрацоўку антырасейскіх санкцыйных захадаў Лёндана, нацэленых на стварэньне ўмоваў для палітычнай ізаляцыі Расеі і разбурэньне яе эканомікі, выкарыстоўвалі свой аўтарытэт для нагнятаньня антырасейскай гістэрыі ў Вялікай Брытаніі».

У Бранскай вобласьці зноў увялі высокі ўзровень тэрарыстычнай небясьпекі

Ён будзе дзейнічаць бліжэйшыя 15 дзён. Папярэдні раз такі рэжым дзейнічаў у рэгіёне з 11 красавіка па 10 траўня, яго ўводзілі з прычыны абстрэлаў прымежных пасёлкаў. Жыхарам вобласьці рэкамэндавалі ўстрымацца ад зьяўленьня на вуліцы зь вялікімі торбамі, сачыць за навінамі і мець пры сабе дакумэнты ў выпадку наведваньня грамадзкіх месцаў.

У Расеі завочна арыштоўваюць украінскіх вайскоўцаў

Басманны раённы суд Масквы завочна арыштаваў кіраўніка Адэскай аблдзяржадміністрацыі, былога камандзіра батальёна «Айдар» Максіма Марчанку, яго вінавацяць у прымяненьні забароненых сродкаў і мэтадаў вядзеньня вайны. Таксама суд па такім жа абвінавачаньні завочна арыштаваў камандзіра 44-й асобнай артылерыйскай брыгады Ўзброеных сіл Украіны Сяргея Баранава. Яны абодва абвешчаныя ў міжнародны вышук.

Расея забараніла ўезд Джо Байдэну і яшчэ 962 грамадзянам ЗША

У сьпісе, сярод іншых, апынуліся прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, ягоны сын Гантэр Байдэн, дырэктар ЦРУ Ўільям Бэрн, чальцы Палаты прадстаўнікоў ад Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партый, дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, журналісты, палітыкі, прадпрымальнікі, судзьдзі, адвакаты, сілавікі, вайскоўцы і інш. У паведамленьні МЗС РФ гаворыцца, што санкцыі ўведзеныя «ў кантэксьце захадаў у адказ на пастаянна ўведзеныя ЗША антырасейскія санкцыі».

У Дзярждуме Расеі прапанавалі адмяніць абмежаваньні па ўзросьце для вайскоўцаў-кантрактнікаў

У Дзярждуму ўнесьлі законапраект аб адмене верхняга ўзроставага парога для заключэньня першага вайсковага кантракту.

Пакуль што першы вайсковы кантракт можа заключыць расіянін да 40 гадоў і іншаземец да 30 гадоў. Аўтары законапраекту прапануюць адмяніць узроставую мяжу для грамадзян працаздольнага ўзросту. Для мужчын гэта 65 гадоў.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага, які цяпер рэарганізуецца ў полк.

Украінскі Генштаб: у Беларусі разгарнулі комплексы «Точка-У» і «Сьмерч»

У Беларусі на асобных палігонах разгарнулі два ракетныя дывізіёны тактычнага ракетнага комплексу «Точка-У» і дывізіён рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Сьмерч», паведаміў Генштаб Узброеных сіл Украіны ў вечаровай зводцы 20 траўня. Пагроза ракетна-бомбавых удараў і артылерыйскіх абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі пакуль ня зьнікла.

Беларускае войска ля мяжы з Украінай

Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў аб пачатку другога этапу праверкі сіл апэратыўнага рэагаваньня.

Паводле ягоных слоў, у рамках гэтага этапу на Заходні і Паўночна-заходні апэрацыйныя кірункі рушылі батальённа-тактычныя групы, а для іх узмацненьня — падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны, ракетных войскаў і артылерыі, якія будуць забясьпечваць іхнае баявое функцыянаваньне.

Паводле Гулевіча, падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку (да мяжы з Украінай. — РС).

Як рэагуе сьвет

Эстонія перадала Ўкраіне 1/3 усяго свайго вайсковага бюджэту

За 3 месяцы Эстонія пералічыла Ўкраіне 1/3 свайго вайсковага бюджэту — найбольш у сьвеце, паведаміў дарадца кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк. «Гэта яшчэ раз сьведчыць: можна быць маленькай краінай, але мець вялікае сэрца, а можна быць другой па велічыні, але ня мець яго зусім. Перамога будзе перамогай народу», — дадаў ён.

Рада Эўразьвязу дазволіла часовую лібэралізацыю гандлю з Украінай

Гэтае рашэньне азначае, што на працягу аднаго году ня будуць спаганяцца імпартныя пошліны на ўвесь украінскі экспарт у краіны Эўразьвязу.

Таксама сёньня Рада ЭЗ ухваліла выдзяленьне 4-га траншу дапамогі з Эўрапейскага фонду міру ў памеры 500 млн эўра на патрэбы Ўзброеных сіл Украіны.

Канада закупіла для Ўкраіны 20 тысяч снарадаў для гаўбіц M777

Пра гэта заявіла міністар абароны краіны Аніта Ананд. «Нельга дапусьціць, каб поўнамаштабнае, незаконнае ўварваньне Пуціна ва Ўкраіну было пасьпяховым, і яно такім ня будзе», — сказала Ананд.

Боепрыпасы купілі прыкладна за 98 мільёнаў канадзкіх даляраў, неўзабаве іх даставяць ва Ўкраіну. Гэтыя 155-мм снарады сумяшчальныя з гаўбіцамі М777, якія Канада і ЗША перадалі Ўкраіне раней.

У Вугоршчыне абвясьцілі надзвычайнае становішча ў сувязі з вайной ва Ўкраіне

Прэмʼер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан абвясьціў надзвычайнае становішча. Паводле прэмʼера, яно ўводзіцца з прычыны вайны ва Ўкраіне, «канца якой не відаць». Орбан матываваў такі рэжым «прасторай для манэўру і магчымасьцю неадкладнага рэагаваньня» на наступствы расійскага ўварваньня.

Байдэн падпісаў законапраект аб наданьні 40 млрд даляраў дапамогі Ўкраіне

21 траўня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў законапраект аб наданьні Ўкраіне дапамогі ў памеры 40 мільярдаў даляраў. Пакет прадугледжвае выдзяленьне дапамогі ў сфэры бясьпекі на 6 млрд даляраў, у тым ліку навучаньне, абсталяваньне, узбраеньне і падтрымку. Яшчэ 8,7 млрд мяркуецца накіраваць на папаўненьне запасаў амэрыканскага абсталяваньня, адпраўленага Ўкраіне, 3,9 млрд — на апэрацыі Эўрапейскага камандаваньня ЗША, 11 млрд Байдэн можа выкарыстаць для перадачы прадметаў і паслуг з амэрыканскіх запасаў без ухваленьня Кангрэсу.

ЗША перададуць Украіне ўзбраеньне яшчэ на 100 мільёнаў даляраў

У гэтым пакеце будуць пастаўкі 18 гаўбіц калібрам 155 мм і 18 тактычных машын для перавозу гэтых гаўбіц — эквівалент артылерыйскага батальёну, паведаміў прэс-сакратар Пэнтагону Джон Кірбі. Таксама ў пакеце дапамогі будзе 36 антыартылерыйскіх радараў ANTPQ.

Напярэдадні на брыфінгу ў Вашынгтоне неназваны высокі прадстаўнік Пэнтагону расказаў журналістам, што 79 з пастаўленых ЗША раней 90 гаўбіц ужо разьмешчаныя на пазыцыях украінскіх войскаў і выкарыстоўваюцца ў баявых дзеяньнях.

Эўрапарлямэнт: Усе санкцыі ЭЗ супраць Расеі павінны распаўсюджвацца на Беларусь

У чацьвер дэпутаты Эўрапарлямэнту прынялі рэзалюцыю, у якой асуджаюць падтрымку рэжымам Лукашэнкі вайны Расеі супраць Украіны і заклікаюць распаўсюдзіць на Беларусь усе санкцыі супраць Расеі, якія ўжо ўведзеныя і будуць уведзеныя.

Таксама ў рэзалюцыі заклікаюць правесьці расьсьледаваньне злачынстваў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі супраць беларускага народу, заклікаюць краіны ЭЗ актыўна прымяняць прынцып унівэрсальнай юрысдыкцыі і рыхтаваць судовыя справы супраць беларускіх службовых асобаў, у тым ліку Лукашэнкі, адказных за гвалт і рэпрэсіі ў Беларусі.

Эўрапарлямэнт падтрымаў стварэньне трыбуналу, каб судзіць Расею за ваенныя злачынствы

Чальцы Эўрапарлямэнту падтрымалі рэзалюцыю з заклікам да ЭЗ падтрымаць стварэньне спэцыяльнага трыбуналу па злачынстве агрэсіі супраць Украіны і прадаставіць яму неабходныя рэсурсы і падтрымку, паведаміў міністар замежных спраў Украіны Дзьмітры Кулеба.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG