Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы дзяржсакратар ЗША Кісінджэр: Ідэальнае вырашэньне канфлікту Расеі і Ўкраіны — вяртаньне да ранейшага status quo. У Кіеве пярэчаць


Генры Кісінджэр
Генры Кісінджэр

Выступаючы на Давоскім эканамічным форуме, былы дзяржсакратар ЗША Генры Кісінджэр заклікаў Захад спыніць спробы «нанесьці сакрушальную паразу» расейскім войскам ва Ўкраіне.

Ён мяркуе, што гэтыя спробы будуць мець катастрафічныя наступствы для доўгатэрміновай стабільнасьці ў Эўропе.

Кісінджэр заявіў, што Расея была істотнай часткай Эўропы на працягу 400 гадоў і была гарантам эўрапейскай структуры балянсу сілаў у крытычныя часы.

Эўрапейскія лідэры не павінны выпускаць з-пад увагі доўгатэрміновыя адносіны і не павінны ісьці на рызыку падштурхоўваньня Расеі да сталага саюзу з Кітаем — мяркуе 98-гадовы былы дзяржсакратар ЗША.

«Перамовы павінны пачацца ў бліжэйшыя два месяцы, перш чым гэта прывядзе да ўзрушэньняў і напружанасьці, якія будзе няпроста пераадолець. У ідэале лініяй падзелу павінна стаць вяртаньне да ранейшага status quo. Працягваць вайну за межамі гэтага пункту будзе не змаганьнем за свабоду Ўкраіны, а новай вайной супраць самой Расеі», — прыводзіць словы Кісінджэра брытанская The Telegraph.

«Я спадзяюся, што мудрасьць украінцаў будзе адпавядаць гераізму, які яны праявілі», — заявіў ён, выказаўшы пажаданьне, каб Украіна была нэўтральнай буфэрнай дзяржавай, а не мяжой Эўропы.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк адказаў Кісінджэру:

«Гэтак жа лёгка, як спадар Кісінджэр прапануе аддаць Расеі частку Ўкраіны, ён дазволіў бы забраць Польшчу ці Літву. Добра, што ва ўкраінцаў у акопах няма часу слухаць парады „давоскіх панікёраў“. Крыху занятыя, абараняем свабоду і дэмакратыю».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG