Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маўчаньне або выгнаньне. Лёс спартоўцаў пры дыктатуры


Арына Сабаленка, беларуская тэнісістка
Арына Сабаленка, беларуская тэнісістка

«Беларускі спорт для мяне памёр» — такое выказваньне часта можна пачуць сёньня сярод колішніх заўзятараў. 2020 год многае зьмяніў у стаўленьні беларусаў да айчыннага спорту.

Асобныя спартоўцы падтрымалі масавыя грамадзкія пратэсты і нават стварылі Беларускі фонд спартовай салідарнасьці, удзельнічалі ў маршах асобнай калёнай. Аднак масавай зьявай гэта ня стала. І ці магло быць па-іншаму?

Чаму пратэставыя настроі не разрасьліся і не распаўсюдзіліся на ўсіх спартоўцаў — патлумачыць лёгка. Па-першае, назавіце хоць адзін прыклад у сьвеце, калі адразу ўсе спартоўцы байкатавалі спаборніцтвы. Здараліся дэмаршы цэлых камандаў, калектыўныя маніфэсты, лісты, звароты, але чэмпіянаты і гонкі спыняліся рэдка. На рашучага вугорскага футбаліста Фэрэнца Пушкаша і ягоных партнэраў па камандзе, якія проста не вярнуліся ў родную Вугоршчыну пасьля савецкага ўварваньня ў Будапэшце 1956 году, знайшліся сотні тых, хто застаўся ў краіне або зьмяніў рашэньне і прыляцеў назад празь некалькі месяцаў ваганьняў.

Па-другое, многія атлеты далёкія ад палітыкі. Гэта вузкія спэцыялісты, патрабаваць ад іх акрэсьленай грамадзянскай пазыцыі болей, чым ад мэдыка ці інжынэра, папросту нельга. Жыцьцё Арыны Сабаленкі ці Дар’і Домрачавай, якім закідалі ўвесь інстаграм патрабаваньнямі спыніць маўчаньне і выказацца пра палітвязьняў у Беларусі і вайну ва Ўкраіне без размытых словаў, усе апошнія гады прыкметна адрозьнівалася ад жыцьця большасьці тых, хто перажываў за іх на корце ці дыстанцыі.

Па-трэцяе, беларусы, за выключэньнем хіба гандболу, асноўныя дасягненьні маюць у некамандных відах спорту. Спадзявацца на дэмарш усяго калектыву наўрад ці можна. Па-іншаму было ў свой час на Бальканах — там якраз гульнявыя віды карыстаюцца найбольшым посьпехам, таму не зьдзіўляе, што на пачатку 90-х харвацкія і славенскія футбалісты падтрымалі грамадзкія пратэсты і заявілі, што за Югаславію больш не гуляюць. Як доказ таго, што такі фактар мае значэньне, — тое, што бальшыня беларускіх спартоўцаў, якія адразу выказаліся за свабодныя выбары, — прадстаўнікі якраз індывідуальных відаў: Герасіменя, Папоў, Краўчанка, Астапчук, Ганін... Прадстаўнікі камандных відаў (як Леўчанка, Сныціна ці Сьвярчынскі) тут у меншасьці.

Выбар у спартоўцаў просты і не ўнікальны для публічных асобаў — або рызыкуеш маёмасьцю, месцам у зборнай, свабодай, або змаўкаеш. Хто шукае нейкі іншы шлях, звычайна пакідае краіну. Гэта тая ж дарога, якой ужо ішлі яркія прадстаўнікі спорту папярэдніх пакаленьняў.

Лёс Хакана Шукюра

Імя гэтага спартоўца ў ягонай краіне вельмі вядомае, але публічна вымавіць яго ўголас у Турэччыне ня кожны адважыцца, бо гэта імя «здрадніка», як піша пра яго праўладная прэса.

На пачатку нулявых гадоў нашчадак альбанскіх эмігрантаў з Косава Хакан Шукюр стаў адным з тых, хто падняў турэцкі футбол з шэрай зоны на топ-узровень. Ён больш за ўсіх у гісторыі зборнай Турэччыны і стамбульскага «Галатасарая» забіў галоў, заваяваў першы эўрапейскі трафэй для турэцкіх камандаў — Кубак UEFA. Аднак у насычаным кубкамі ды імёнамі музэі футболу прыхільнікі таленту Шукюра знойдуць пра яго толькі пару згадак: адусюль, адкуль можна было яго выдаліць, — выдалілі.

Прычына — палітычная актыўнасьць Шукюра. Напачатку «Басфорскі бык», як яго назвалі падчас футбольнай кар’еры, нават быў хаўрусьнікам Рэджэпа Эрдагана, уваходзіў у ягоную Партыю справядлівасьці і разьвіцьця. Аднак у канцы 2013 году са скандалам выйшаў зь яе, абвінаваціўшы кіраўніцтва ў хабарніцтве і аўтарытарызьме. Стаць незалежным дэпутатам ці засяродзіцца на працы футбольнага экспэрта на тэлевізіі Шукюру перашкаджалі, а ў 2016-м завялі на яго крымінальную справу — нібыта за паклёп на Эрдагана.

У самы апошні момант Шукюр вылецеў у ЗША, адкуль ня можа вярнуцца на радзіму, бо той самы прэзыдэнт яшчэ пры ўладзе, а пошукі антыўрадавай «змовы» ў краіне працягваюцца. Легенда турэцкага футболу жыве за акіянам і працуе звычайным кіроўцам Uber. Такія незвычайныя калізіі кар’еры мэгапапулярнага і заможнага ў мінулым гульца.

Што да згаданага Фэрэнца Пушкаша, то ён урэшце вярнуўся ў родны Будапэшт, але толькі ў 1981-м. У 1956-м жа, калі футбаліст разам з шэрагам партнэраў прыняў лёсавызначальнае рашэньне не вяртацца ў краіну, дзе імкненьне да свабоды было задушана Масквой, Міжнародная фэдэрацыя футболу (FIFA) не падтрымала іхнай дэмакратычнай ініцыятывы дабрачыннага турнэ па Эўропе. Але вугорцы ўсё адно правялі турнэ, зарабляючы грошы для ахвяр паўстаньня і на сваё жыцьцё.

Эпохі зьмяняюцца, асьцярожнасьць міжнародных арганізацый і іх уяўная апалітычнасьць — застаюцца. Пра гэта міжволі думаецца, калі назіраеш за гісторыяй з судовымі слуханьнямі ў Лязане, ініцыяванымі беларускімі спартоўцамі супраць кіраўніцтва UEFA, якое даўно — і пакуль пасьпяхова — заплюшчвае вочы на падрыхтаваны прафэсійнымі юрыстамі даклад аб прававым бязьмежжы ў Беларускай фэдэрацыі футболу, у тым ліку актыўным ўмяшаньні палітыкі ў спорт.

Турэцкаму спартоваму герою Хакану Шукюру, выкрасьленаму з гісторыі айчыннага футболу, застаецца толькі спадзявацца на зьмену ўлады ў сябе на радзіме. У падобнай жа сытуацыі апынуліся амаль усе беларускія спартоўцы, якія ў 2020-м адмовіліся маўчаць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG