Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва рыхтуе да зносу масты на мяжы зь Беларусьсю на выпадак ваеннай агрэсіі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Узброеныя сілы Літвы вядуць працы на мастах на межах зь Беларусьсю і Расіяй, якія прадугледжваюць магчымасьць іх зносу ў выпадку замежнай вайсковай агрэсіі

Пра гэта піша «Позірк» з спасылкай на LRT.

Адзначаецца, што гэта — «частка мераў па ўмацаваньні [мяжы], узгодненых у ліпені мінулага году».

«Працы зьяўляюцца часткай падрыхтоўкі да стварэньня лініі абароны Балтыйскага мора ўздоўж межаў з Расеяй і Беларусьсю. У рамках пляна масты абсталёўваюцца інжынэрнымі канструкцыямі для мацаваньня выбуховых рэчываў», — гаворыцца ў публікацыі.

«Масты і дарогі выбіраюцца з улікам разьмяшчэньня прыродных перашкод і іх стратэгічнай важнасьці для сыстэмы абароны Літвы», — прыводзіць партал паведамленьне Узброеных сілаў.

Заяўляецца, што літоўскія вайскоўцы «ўжо стварылі некалькі дзясяткаў пунктаў паблізу мяжы для захоўваньня процітанкавых і іншых загарод, таксама вядуцца работы па пасадцы дрэў для абароны ключавых дарог».

Акрамя гэтага, праводзіцца «паглыбленьне ірыгацыйных каналаў, якія будуць служыць траншэямі і дадатковымі супрацьтанкавымі загародамі».

27 сьнежня паведамлялася аб выхадзе Літвы з Канвэнцыі аб забароне супрацьпяхотных мін.

Міністэрства нацыянальнай абароны Літвы раней паведаміла, што Вільня пачне перамовы аб магчымасьці закупкі або вытворчасьці супрацьпяхотных мін.

У верасьні стала вядома, што літоўскія вайскоўцы завяршаюць умацаваньне падʼязных шляхоў да памежных пераходаў на мяжы зь Беларусьсю і Расеяй. На мяжы ўсталёўваюцца так званыя «зубы дракона», злучаныя адмысловымі тросамі.

Раней стала вядома, што літоўскія вайскоўцы ўсталявалі дадатковыя загароды ў закрытых пунктах пропуску на мяжы зь Беларусьсю і Расіяй.

«Устаноўленыя загароды — гэта толькі частка вялікай, цэласнай карціны. Мы пачнём з тактычнага ўзроўню — канкрэтных перашкод на мяжы, а затым абʼяднаем увесь інжынэрны сцэнар у адзіную канцэптуальную сыстэму», — заявіў камандуючы Узброенымі сіламі Літвы Раймундас Вайкшнарас.

Прынятыя меры накіраваныя на «зьніжэньне пагрозы сухапутнага ўварваньня і абмежаваньне магчымых дзеяньняў варожых дзяржаў на сушы», адзначалі Узброеныя сілы.

У студзені 2024 году кіраўнікі вайсковых ведамстваў краін Балтыі ўхвалілі канцэпцыю будаўніцтва абарончых збудаваньняў на межах з Расеяй і Беларусьсю, закліканых абмежаваць мабільнасьць войскаў праціўніка.

Літва, Латвія і Польшча бесьперапынна ўмацоўваюць межы зь Беларусьсю і Расіяй, баючыся вайсковага ўварваньня на сваю тэрыторыю, аналягічнага распачатай у лютым 2022 году агрэсіі супраць Украіны. У Менску гэтыя і іншыя абарончыя захады краін-суседзяў рэгулярна называюць «мілітарызацыяй» і «падрыхтоўкай да вайны».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG