Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абстрэл расейцамі Севераданецку; Сэнат ЗША ўхваліў 40 млрд даляраў дапамогі. 85-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

абноўлена

Апэрацыя па разборы завалаў у горадзе Бахмут, Украіна
Апэрацыя па разборы завалаў у горадзе Бахмут, Украіна

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 5,5 мільёна чалавек сталі ўцекачамі, яшчэ каля 7 мільёнаў хаваюцца ў іншых абласьцях. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Нягледзячы на вайну, ва Ўкраіне адзначаюць Дзень вышыванкі.
  • Каля 1700 украінскіх вайскоўцаў вывезьлі з Марыюпалю на кантраляваную Расеяй тэрыторыю. Чырвоны Крыж афармляе іх як ваеннапалонных.
  • Сэнат ЗША ўхваліў пакет дапамогі Ўкраіне ў 40 млрд даляраў. Цяпер дакумэнт мае падпісаць прэзыдэнт Джо Байдэн.
  • Брытанская выведка паведамляе, што ў Расеі адхілілі высокапастаўленых вайскоўцаў з прычыны няўдач на фронце.
  • У пажарах пасьля абстрэлу Севераданецка загінулі 4 чалавекі, трое параненыя.
  • ЗША заявілі пра хуткія пастаўкі гаўбіц ва Ўкраіну.
  • Расея ня можа дамагчыся перавагі на франтах, таму працягвае ракетныя абстрэлы гарадоў Украіны.
  • Расея і Ўкраіна спынілі перамовы.
  • Ракетамі абстралялі вёску Дзясна на Чарнігаўшчыне.
Тэрытарыяльны кантроль Украіны на 11 траўня 2022
Тэрытарыяльны кантроль Украіны на 11 траўня 2022

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 19 траўня

У выніку абстрэлаў Севераданецку сама меней 12 загінулых і 40 параненых

Расейскія войскі ад самай раніцы 19 траўня абстрэльвалі горад зь цяжкага ўзбраеньня, паведаміў старшыня Луганскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Сяргей Гайдай. Паводле яго, у асноўным гэта былі мэтавыя ўдары па жылых дамах. Ад абстрэлаў, паводле папярэдніх зьвестак, загінулі сама меней 12 чалавек, яшчэ 40 параненыя. Пакуль зьвесткі не канчатковыя, бо агледзець тэрыторыю пад абстрэлам немагчыма.

У мінулыя суткі ў Севераданецку ад варожых снарадаў адбыліся маштабныя пажары, якія з прычыны бесьперапынных абстрэлаў не ўдалося патушыць, чатыры чалавекі загінулі, трое атрымалі раненьні, паведамляе прэс-служба Луганскай абласной адміністрацыі.

Украіна атрымае гаўбіцы з боепрыпасамі ад ЗША

Міністэрства абароны ЗША афіцыйна абвясьціла, што марская пяхота ЗША рыхтуе буксаваныя 155-мілімэтровыя гаўбіцы M777 да адпраўкі разам зь іншымі пастаўкамі і боепрыпасамі ва Ўкраіну. Пра гэта паведамляе Генштаб Узброеных сіл Украіны ў Facebook.

Сэнат ЗША раней пачаў галасаваньне за выдзяленьне Ўкраіне дапамогі ў памеры 40 мільярдаў даляраў. Прэс-сакратар Пэнтагону Джон Кірбі заявіў, што калі законапраект ня будзе прыняты да 19 траўня, гэта можа паўплываць на здольнасьць ЗША бесьперапынна аказваць вайсковую дапамогу Ўкраіне. Сэнатар-дэмакрат Крыс Кунс таксама падкрэсьліў, што «тыднёвая затрымка нанясе шкоду абароне Ўкраіны».

12 траўня сэнатар-рэспубліканец Рэндал Пол аднаасобна заблякаваў разгляд новага пакету дапамогі Ўкраіне. Ён прапанаваў унесьці ў законапраект папраўкі, якія прадугледжваюць стварэньне асобнага інспэктара для праверкі выдзяленьня сродкаў у рамках гэтага пакету.

Мінабароны Расеі заявіла, што ў палон здаліся 1730 абаронцаў «Азоўсталі»

Міністэрства абароны Расеі 19 траўня заявіла яшчэ пра 771 украінскага вайскоўца, вывезенага з заводу «Азоўсталь» у Марыюпалі на падкантрольную прарасейскім сэпаратыстам тэрыторыю. Такім чынам, як сьцьвярджаюць у Расеі, з 16 траўня агульная колькасьць украінскіх вайскоўцаў з камбіната, якія здаліся ў палон, дасягнула 1730, сярод іх — 80 параненых.

Кіеў пакуль не камэнтаваў гэтыя лічбы. Напярэдадні намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр заклікала не ўспрымаць заявы расейскага боку наконт украінскіх вайскоўцаў, якія здаліся ў палон, як праўдзівую інфармацыю.

Аднак раней украінскія ўлады пацьвердзілі, што вайскоўцы з 16 траўня пакідаюць «Азоўсталь» на распараджэньне камандаваньня. Афіцыйныя крыніцы ў Кіеве называюць гэта «эвакуацыяй».

Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа зарэгістраваў сотні ўдзельнікаў баявых дзеяньняў, якія пакінулі «Азоўсталь», і назваў іх «ваеннапалоннымі»

Статус ваеннапалоннага азначае, што салдатам гарантуецца абарона і правы, прадугледжаныя Жэнэўскай канвэнцыяй. У прыватнасьці, паводле МКЧК, гэта азначае неадкладны доступ да прадстаўнікоў арганізацыі.

Камандаваньне палку «Азоў» застаецца на тэрыторыі заводу «Азоўсталь» у Марыюпалі

Пра гэта заявіў намесьнік камандзіра палку Сьвятаслаў «Каліна» Паламар у відэазвароце, які ён перадаў журналісту Радыё Свабода.

Ва Ўкраіну вярнуліся больш за мільён уцекачоў

Пра гэта паведаміў 19 траўня амбасадар Украіны ў Вялікай Брытаніі Вадзім Прыстайка, выступаючы ў брытанскім парлямэнце, піша BBC. Паводле яго, жыхарам Кіева і Харкава рэкамэндавалі не сьпяшацца зь вяртаньнем, бо да канца бясьпечнай сытуацыю ў гарадах назваць нельга.

З 5 траўня ў Харкаўскай вобласьці ад расейскай акупацыі вызвалілі 23 населеныя пункты

Пра гэта паведаміў намесьнік начальніка Галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генштабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксей Громаў. «Вораг спрабуе стрымаць наступ нашых войскаў. Расея не спыняе абстрэлы Чарнігаўскай і Сумскай абласьцей, каб адцягнуць нашы сілы ад асноўных раёнаў», — дадаў ён.

З прычыны баявых дзеяньняў у Кіеўскай вобласьці разбураныя больш за 4 тысячы жылых дамоў

Пра гэта ў фэйсбуку паведаміў намесьнік кіраўніка офіса прэзыдэнта Ўкраіны Кірыл Цімашэнка. Па словах чыноўніка, больш за ўсё разбурэньняў у Бучанскай, Ірпенскай, Гастомельскай, Барадзянскай, Макараўскай, Вялікадымерскай і Пескаўскай грамадах. «У цяперашні час у вобласьці ўжо завяршаецца аднаўленьне энэргазабесьпячэньня», — дадаў Цімашэнка.

У Данецкай вобласьці атакаваны горад Бахмут

«Снарады трапілі ў пяціпавярховік, прыватны дом і адміністрацыйны будынак. У прыватным доме ратавальнікі выцягнулі з-пад завалаў 6 чалавек, іх стан здавальняючы», — паведамляе кіраўнік абласной адміністрацыі Павел Кірыленка. Паводле яго, такая невялікая колькасьць ахвяраў сталася магчымай таму, што з 73-тысячнага Бахмута ў горадзе засталіся толькі 20 тысяч чалавек.

За апошні месяц на «Азоўсталь» скінулі 714 тон авіябомбаў

Толькі за апошні месяц на «Азоўсталь» было скінута 714 тон авіябомбаў у тратылавым эквіваленце. Гэта без уліку снарадаў з «Градаў», «Сьмерчаў», «Точек-У» і ракет з катэраў, паведаміў дарадца мэра Марыюпалю Пётр Андрушчанка.

Уцекачы ад вайны

З моманту ўварваньня Расеі ва Ўкраіну краіну пакінулі больш за 6 мільёнаў чалавек, вынікае са зьвестак Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў па стане на 12 траўня.

Паводле дадзеных Офісу, звыш 3,27 млн чалавек выехалі ў Польшчу, амаль 895,8 тысячы — у Румынію, больш за 583 тысячы — у Вугоршчыну.

У Расею, паводле зьвестак ААН, вывезьлі больш за 785 тысяч чалавек. Украінскія ўлады сьцьвярджаюць, што акупанты вывозяць грамадзян Украіны гвалтам.

Каля 8 мільёнаў украінцаў цяпер — унутрана перамешчаныя асобы.

Насельніцтва Ўкраіны (уключна з тэрыторыяй пад кантролем Расеі) складае каля 44 мільёнаў чалавек.

Што адбываецца ў Расеі

Расея выслала 85 дыпляматаў з краінаў ЭЗ і закрыла бюро канадзкай CBC

Расея высылае 34 супрацоўнікаў дыпляматычнай місіі Францыі, 27 — Гішпаніі і 24 — Італіі. Ім далі два тыдні на тое, каб пакінуць краіну. Як заявіла расейскае МЗС, гэтыя меры былі прынятыя ў адказ на высылку расейскіх дыпляматаў пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны.

Таксама прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава заявіла аб закрыцьці ў Маскве карпункту канадзкай тэлерадыёвяшчальнай карпарацыі CBC: акрэдытацыі і расейскія візы журналістаў будуць ануляваныя.

Мін'юст Расеі прапанаваў забараніць працаваць адвакатам зь «недружалюбных краінаў»

У далейшым на падставе гэтага загаду плянуецца пазбавіць дзейных адвакатаў адвакацкага статусу. Цяпер у рэестры зарэгістравана 247 адвакатаў з Украіны, ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны і іншых «недружалюбных» краін.

Авіякампанія S7 адмяніла рэйсы на захад і поўдзень Расеі, а таксама ў Крым да чэрвеня і верасьня

На гэта зьвярнула ўвагу агенцтва «РИА Новости». Авіяперавозчык закрыў продажы на рэйсы ў Анапу, Геленджык, Краснадар і Сімферопаль да 23 чэрвеня, а на рэйсы з Масквы ў Белгарад, Бранск, Варонеж і Ліпецк — да канца верасьня.

Расавіяцыя закрыла пералёты ў кожны з названых аэрапортаў 24 лютага, у дзень пачатку вайны Расеі супраць Украіны, а потым падаўжала забарону больш як дзесяць разоў. Цяпер пералёты фармальна закрытыя да 13 траўня.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

Беларускае войска ля мяжы з Украінай

Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў аб пачатку другога этапу праверкі сіл апэратыўнага рэагаваньня.

Паводле ягоных слоў, у рамках гэтага этапу на Заходні і Паўночна-заходні апэрацыйныя кірункі рушылі батальённа-тактычныя групы, а для іх узмацненьня — падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны, ракетных войскаў і артылерыі, якія будуць забясьпечваць іхнае баявое функцыянаваньне.

Паводле Гулевіча, падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку (да мяжы з Украінай. — РС).

Як рэагуе сьвет

Эўрапарлямэнт: Усе санкцыі ЭЗ супраць Расеі павінны распаўсюджвацца на Беларусь

Сёньня дэпутаты Эўрапарлямэнту прынялі рэзалюцыю, у якой асуджаюць падтрымку рэжымам Лукашэнкі вайны Расеі супраць Украіны і заклікаюць распаўсюдзіць на Беларусь усе санкцыі супраць Расеі, якія ўжо ўведзеныя і будуць уведзеныя.

Таксама ў рэзалюцыі заклікаюць правесьці расьсьледаваньне злачынстваў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі супраць беларускага народу, заклікаюць краіны ЭЗ актыўна прымяняць прынцып унівэрсальнай юрысдыкцыі і рыхтаваць судовыя справы супраць беларускіх службовых асобаў, у тым ліку Лукашэнкі, адказных за гвалт і рэпрэсіі ў Беларусі.

Эўрапарлямэнт падтрымаў стварэньне трыбуналу, каб судзіць Расею за ваенныя злачынствы

Чальцы Эўрапарлямэнту падтрымалі рэзалюцыю з заклікам да ЭЗ падтрымаць стварэньне спэцыяльнага трыбуналу па злачынстве агрэсіі супраць Украіны і прадаставіць яму неабходныя рэсурсы і падтрымку, паведаміў міністар замежных спраў Украіны Дзьмітры Кулеба.

Эўрапарлямэнт прыняў рашэньне адмяніць імпартную пошліну для Ўкраіны на год

У Эўрапарлямэнце выказаліся за ідэю адмены пошлін на імпарт у ЭЗ з Украіны, каб падтрымаць яе эканоміку. «За» прагаласавалі 515 дэпутатаў, «супраць» — 32, устрымаліся — 11. Дзейнічаць гэтая льгота будзе на працягу году. Адмена пошлін датычыць экспарту прамысловай прадукцыі, садавіны і гародніны, а таксама антыдэмпінгавых пошлін адносна імпарту сталі. Рашэньне Эўрапарлямэнту пачне дзейнічаць пасьля таго, як яго апублікуюць у афіцыйным часопісе ЭЗ, пасьля чаго на наступны дзень яно набудзе моц. Як мяркуецца, гэта можа адбыцца ў чэрвені.

Сэнат ЗША 19 траўня ўхваліў новы пакет дапамогі Ўкраіне ў памеры 40 млрд даляраў

Цяпер яго павінен падпісаць Джо Байдэн. На мінулым тыдні Сэнат ЗША спрабаваў прыняць закон у паскораным фармаце, але галасаваньне заблякаваў рэспубліканец Рэнд Пол.

Значная частка з гэтай сумы пойдзе на зброю, таксама плянуецца накіраваць сродкі на гуманітарныя мэты і падтрымку эканомікі Ўкраіны.

Украіна атрымае ад Брытаніі дадатковы пакет вайсковай дапамогі

Прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан абвясьціў пра дадатковы пакет вайсковай дапамогі Ўкраіне на 1,3 мільярда фунтаў. У рамках яго Ўкраіна атрымае дальнабойную артылерыю, а таксама супрацькарабельныя ракеты і бесьпілётнікі, удакладніў ён.

Нямеччына дасьць Украіне яшчэ мільярд эўра падтрымкі

Урад Нямеччыны плянуе надаць Украіне кароткатэрміновую падтрымку ў памеры каля мільярда эўра, якія павінны быць накіраваныя на падтрымку функцыянаваньня дзяржаўнай сыстэмы, заявіў міністар фінансаў Крыстыян Лінднэр перад сустрэчай зь ягонымі калегамі з краін «Вялікай сямёркі». Міністэрства аховы здароўя Нямеччыны таксама прапануе Ўкраіне дапамогу ў аднаўленьні сыстэмы аховы здароўя.

Адбылася размова кіраўнікоў Генштабоў ЗША і РФ

Кіраўнікі генэральных штабоў Расеі і ЗША Валеры Герасімаў і Марк Мілі пагаварылі праз тэлефон. «Былі абмеркаваныя пытаньні, якія ўяўляюць узаемную цікавасьць, у тым ліку сытуацыя ва Ўкраіне», — гаворыцца ў паведамленьні ў канале Міністэрства абароны РФ 19 траўня.

Гэта першая размова з пачатку вайны. Раней прадстаўнікі Пэнтагону казалі, што некалькі разоў спрабавалі зьвязацца з расейскім бокам, але іх званкі заставаліся без адказу.

ЭЗ выдзеліць яшчэ 9 мільярдаў эўра на аднаўленьне Ўкраіны

«Мы будзем працягваць быць побач з Украінай на працягу ўсёй гэтай вайны і калі яна пачне аднаўляцца. Мы прапануем Украіне новую макрафінансавую дапамогу ў памеры да 9 мільярдаў эўра ў 2022 годзе», — заявіла 18 траўня старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.

FIBA выключыла баскетбольныя зборныя Расеі і Беларусі са сваіх спаборніцтваў

Выканаўчы камітэт Міжнароднай фэдэрацыі баскетболу прыняў рашэньне, што афіцыйныя баскетбольныя спаборніцтвы FIBA не павінны праводзіцца ў Расеі ці Беларусі да далейшага апавяшчэньня, а каманды Расейскай фэдэрацыі баскетболу і Беларускай фэдэрацыі баскетболу павінны быць зьнятыя з усіх нацыянальных камандных спаборніцтваў FIBA.

У G7 пагадзіліся ўзмацніць эканамічную і палітычную ізаляцыю Расеі

Міністры замежных спраў краін Вялікай сямёркі паабяцалі ўзмацніць эканамічную і палітычную ізаляцыю Расеі, працягваць пастаўкі зброі ва Ўкраіну і працаваць над зьмяншэньнем глябальнага недахопу харчаваньня, выкліканага вайной. Пра гэта гаворыцца ў заяве міністраў.

Дыпляматы Вялікай Брытаніі, Канады, Нямеччыны, Францыі, Італіі, Японіі, ЗША і Эўразьвязу таксама паабяцалі працягваць вайсковую і абарончую дапамогу Ўкраіне «па меры неабходнасьці».

«Мы ніколі не прызнаем межы, якія Расея спрабавала зьмяніць шляхам ваеннай агрэсіі, і будзем працягваць падтрымліваць наш удзел у падтрымцы сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, у тым ліку Крыму», — заявілі міністры.

ЭЗ дасьць Украіне 500 млн эўра на закуп цяжкіх узбраеньняў

Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Жузэп Бурэль абвясьціў аб плянах Эўразьвязу дадаткова прадаставіць Кіеву 500 мільёнаў эўра. ​ Гэтыя грошы пойдуць на закуп цяжкіх узбраеньняў (пад цяжкімі ўзбраеньнямі звычайна маюцца на ўвазе сыстэмы супрацьпаветранай абароны, караблі, авіяцыйная і бранятэхніка).

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG