Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія мэдыкі ўратавалі параненага на Чарнігаўшчыне падлетка і дапамаглі яму вярнуцца дадому


Сяргей Саракапуд зь сям'ёй
Сяргей Саракапуд зь сям'ёй

Расейцы ў часе акупацыі Чарнігаўскай вобласьці вывезьлі параненага 14-гадовага Сяргея Саракапуда ў Беларусь, а беларускія мэдыкі вылечылі яго і дапамаглі вярнуцца ў сям’ю, у вёску Ягаднае Чарнігаўскага раёну.

Гісторыю вывазу хлопца ў Беларусь і вяртаньня дадому расказалі ў Нацыянальнай паліцыі Чарнігаўскай вобласьці.

Як вёска жыла ў акупацыі

Старэйшая сястра Сяргея Аліна расказала, што ў першыя дні пасьля пачатку вайны ў вёсцы Ягаднай жылі яшчэ па інэрцыі.

«Звонку — нібы нармальна, але з трывогай, якая нарастала. Чулі грукат выбухаў, што ўсё хутчэй набліжаліся. Потым ужо чулася і аўтаматная страляніна. А ў самым пачатку сакавіка снарад прыляцеў у рог нашай хаты, проста ў спальню братоў», — згадала Аліна.

Дзяўчына лічыць, што яны цудам засталіся жывыя пасьля абстрэлу. «Мы хаваліся ад абстрэлу ў найбольш моцнай частцы кватэры — у калідоры. Раніцай перайшлі ў падвал, а ўжо ўвечары ў вёску зайшлі расейцы. Яны загадалі пагрузіць рэчы ў аўтамабіль, бо „павязуць у эвакуацыю“. Але эвакуавалі аж на 300 мэтраў — да школьнага падвалу».

Аліна кажа, што расейскія вайскоўцы расьсяліліся па хатах і ў падвалах шматкватэрных двухпавярховікаў, а шматлікую вайсковую тэхніку расставілі ўшчыльную да жытла і па гародах, адкуль абстрэльвалі пазыцыі ўкраінскай арміі.

Паводле яе, у цесны падвал школы расейцы сагналі больш за 300 мясцовых жыхароў — наймаладзейшаму было 1,5 месяца, а найстарэйшаму — за 90 гадоў. Выходзіць на сьвежае паветра дазвалялі «пад настрой», і то калі не стралялі. За некалькі дзён сяляне змаглі дамовіцца з расейскімі вайскоўцамі, каб тыя дазволілі на вогнішчы каля школы гатаваць ежу. Менавіта там Сяргея і параніла.

Як Сяргей атрымаў раненьні

«Быў даволі цёплы дзень, сонца прыгрэла. Людзі гатавалі ежу, іншыя стаялі побач з імправізаванай кухняй. І Сяргейка таксама там быў. Раптам мы пачулі сьвіст снарада, адразу выбух. Брат упаў, я падбегла да яго — з рота ўжо пайшла кроў, закружылася ў галаве, ён нічога не разумеў, але рухацца мог. Суседка дапамагла адвесьці яго да мэдпункту, які расейцы зрабілі ў школе. Там ужо пабачылі, што брата параніла ў сьпіну, а аскепак пайшоў у лёгкія», — расказала Аліна.

Паводле яе, расейцы аказалі Сяргею першую мэдычную дапамогу, а пасьля іньекцыі і кропельніцы зноў адправілі ў падвал начаваць у нялюдзкіх умовах.

«Казалі, што вязуць у Расею»

Сяргей расказаў, што на наступны дзень раніцай яго перавезьлі ў іншую вёску. «Казалі, што адвязуць у Расею. Потым высьветлілася, што ў Гомель. Але я ня ведаў, дзе гэта. Спачатку мяне палажылі ў лякарню разам зь іншымі, рабілі перавязкі, і ўсё. Праз тры тыдні перавялі ў дзіцячую лякарню. А ўжо там зрабілі дзьве апэрацыі. У мяне былі пераламаныя дзьве рабрыны і крыху зачапіла лёгкае», — удакладніў ён.

Хлопец, знаходзячыся ў Гомлі, ня меў сувязі зь сям’ёй. Толькі пасьля адыходу расейскай арміі з Чарнігаўскай вобласьці з бацькамі падлетка зьвязаліся ўкраінскія вайскоўцы. Высьветлілася, што неабыякавыя беларускія мэдыкі пачалі шукаць ягоных сваякоў праз сацыяльныя сеткі.

Калі ў сям’і зьявіўся тэлефон (у часе акупацыі расейскія вайскоўцы забралі ва ўсіх тэлефоны), яны зьвязаліся зь беларускімі мэдыкамі. Гэта быў нумар мэдсястры, якая даглядала ўкраінскага падлетка. Празь яе бацькі падтрымлівалі сувязь са сваім сынам. Заставалася адно — вярнуць яго на бацькаўшчыну.

Вяртаньне на радзіму

Супрацоўнікі ювэнальнага дэпартамэнту ўкраінскай паліцыі таксама з сацыяльных сетак даведаліся пра гісторыю Сяргея.

«Як пабачылі ў Facebook допіс беларускай мэдсястры пра ўкраінскага хлопчыка, паліцыянты ювэнальнай прэвэнцыі разам зь міграцыйнай паліцыяй і пры падтрымцы пракуратуры і валянтэраў выбудавалі і рэалізавалі ўсю складаную схему вяртаньня падлетка дадому, ва Ўкраіну», — паведаміла кіраўніца аддзелу ювэнальнай прэвэнцыі паліцыі Чарнігаўшчыны Аксана Агненка.

Паводле яе, складанасьць была ў тым, што афіцыйная беларуская мэдыцына не пагаджалася аддаць хлопчыка сястры, толькі бацькам. Але маці хварэе і ня можа выйсьці з дому хаця б на дзень, а бацька ня мае права выехаць за мяжу, бо ва Ўкраіне забаронены выезд для мужчын ва ўзросьце ад 18 да 60 гадоў. Урэшце праблему ўдалося вырашыць і Аліна выехала ў Польшчу, адтуль — у Менск і ўрэшце — у Гомель.

«Супрацоўнікі ювэнальнай прэвэнцыі ня толькі дапамаглі пакрокава распрацаваць шлях, але і зрабілі ўсё, каб мінімізаваць небясьпеку на ўсіх этапах», — дадала Аксана Агненка.

Прадстаўніца ювэнальнай паліцыі паведаміла, што вяртаньне Сяргей дадому каардынавалі і ўкраінскія памежнікі, якія інфармавалі, дзе найбольш небясьпечна можна перасячы мяжу. Аліна зь Сяргеем спачатку прыехалі ў Валынскую вобласьць, а адтуль цягніком дабраліся да Кіева, дзе іх сустрэлі сваякі і дапамаглі вярнуцца ў Ягаднае на Чарнігаўшчыну.

Сяргей займаецца боксам і хоча як мага хутчэй аднавіць трэнаваньні — ён неаднойчы перамагаў на абласных спаборніцтвах.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG