Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як мы сталі «сильно похожи друг на друга». Адкрыты ліст да Барыса Акуніна


Беларускі павільён на ВДНГ у Маскве пасьля рэстаўрацыі, 10 кастрычніка 2016 году
Беларускі павільён на ВДНГ у Маскве пасьля рэстаўрацыі, 10 кастрычніка 2016 году

Журналіст Беларускай службы Радыё Свабода, гісторык і літаратар Сяргей Абламейка зьвярнуўся з адкрытым лістом да расейскага пісьменьніка Барыса Акуніна.

Паважаны Рыгор Шалвавіч!

Вялікі дзякуй Вам за тую грамадзкую і грамадзянскую пазыцыю, якую Вы займаеце адносна цяперашняга палітычнага рэжыму ў Расеі і яго дзеяньняў ва Ўкраіне, а таксама за тыя словы, якія Вы цяпер кажаце пра гэта. Яны — арыенцір для шмат каго, прычым ня толькі ў Расеі, якая пагрузілася ў цёмнае валадарства хлусьні.

Барыс Акунін
Барыс Акунін

Вялікі дзякуй і за Вашы мастацкія кнігі, над некаторымі зь якіх я правёў шмат прыемных гадзінаў.

Зьвярнуцца да Вас мяне прымусілі эмоцыі, якія не сьціхаюць у душы ўжо месяц з таго часу, як у пачатку сакавіка 2022 году я паслухаў Ваша інтэрвію Юрыю Дудзю. Мова ідзе вось пра які фрагмэнт размовы (поўная, не рэдагаваная транскрыпцыя):

— Насколько Запад виноват в том, что происходит сейчас в Украине?

— По-моему, сильно виноват. По-моему, Владимир Путин значение украинского фактора понимал с самого начала гораздо яснее, чем западные люди. Как я себе понимаю проблему Украины с точки зрения Путина? Значит, есть три как бы очень близких государства, да, как бы один народ разделился на три государства — Россия, Белоруссия, Украина. Это как бы три варианта очень... Потому что остальные республики — там есть какие-то серьёзные национальные особенности, а это в общем был как бы один народ...

— Для Путина?

— Ну вообще, как бы! Ну объективно, там! Я не знаю... У меня родственники в Киеве, ну у всех родственники... Мы все были одинаковыми, мы жили в одной стране и мы, в общем, похожи сильно друг на друга.

Ваша думка цалкам зразумелая. Для любога расейскага чалавека, калі ён прыяжджаў у Кіеў ці Менск у 70-80-я гады ХХ стагодзьдзя, так і было. Усе навокал размаўляюць па-расейску, шыльды, газэты, школы — спрэс расейскія, людзі вакол добразычлівыя, гасьцінныя, расейцаў прымаюць як сваіх. Сапраўды адзін народ!

Праўда, недзе на пэрыфэрыі ўвагі расейскаму чалавеку ў Кіеве ці Менску маглі трапіцца і ўкраінскія ці беларускія газэты, і з радыё мог прагучаць «мясцовы дыялект», але гэта нюансы. Хутка будзе камунізм і ўсе нацыі зьліюцца ў адзін савецкі народ, мовы зьнікнуць і застанецца толькі расейская, якая найбольш адпавядае сьветламу камуністычнаму заўтра. Так мяне вучылі на сэмінарах па этнаграфіі на гістарычным факультэце БДУ ў сярэдзіне 80-х гадоў, так пісалі ў газэтах і так тады думалі многія.

Дазвольце мне коратка нагадаць Вам, якім чынам Кіеў і Менск у другой палове ХХ стагодзьдзя сталі расейскамоўнымі і такімі камфортнымі для расейскага чалавека, і як беларуская мова трапіла ў лік моваў, якім пагражае зьнікненьне.

Праблема гістарычнай навукі ў Расеі

Мне вельмі шкада гісторыі і гісторыкаў. Мабыць, гэта тая навука, якая больш за іншыя дэвальвуецца аматарамі. Цяжка ўявіць сабе генэтыка-аматара ці астрафізыка-аматара, а вось гісторыкаў-аматараў навокал процьма.

Тым ня менш, гісторыя — гэта сапраўдная і вельмі сур’ёзная навука са сваёй сфэрай інтарэсаў, мноствам адгалінаваньняў і дапаможных гістарычных дысцыплін, тэарэтычнай базай, дакладнай мэтадалёгіяй, апаратам паняцьцяў і са сваімі навуковымі прынцыпамі. Адзін зь іх забараняе ацэньваць мінулае з пункту гледжаньня сёньняшніх прыярытэтаў і пераносіць туды актуальныя ідэалягічныя схемы. Што, на жаль, мы цяпер спрэс назіраем у Расеі.

Тэарэтычная база і мэтадалёгія гістарычнай навукі няспынна разьвіваюцца. Так было і ў 90-я гады ХХ стагодзьдзя, так адбываецца і ў ХХІ стагодзьдзі. І вось акідаючы вокам сёньняшні грамадзка-палітычны і культурна-гістарычны пэйзаж Расеі, у мяне ствараецца ўражаньне, што пасьля распаду Савецкага Саюзу расейская гістарычная навука зрабіла крок не ў ХХІ стагодзьдзе, але ў дарэвалюцыйныя часы, у ХІХ стагодзьдзе. Толькі гэтым, як уяўляецца, можна патлумачыць вяртаньне тых гісторыкаў, што ідэалягічна абслугоўваюць цяперашнюю уладу, да тэорыі трыадзінага расейскага (або «рускага») народу, якога, з пункту гледжаньня сучаснай навукі, ніколі не існавала.

Валасы на галаве варушацца, калі бачыш, як палітычная эліта Расеі прымае найважнейшыя, лёсаносныя рашэньні, нічога ня ведаючы пра існаваньне сучасных нацый.

І вельмі няёмка чытаць у расейскіх патрыятычных (і ня толькі) выданьнях і на сайтах адсылкі да прац Аляксея Шахматава, які лічыў, што некалі існавала адзіная «руская» мова, якая пасьля распалася на тры ўсходнеславянскія мовы.

Ня мне Вам тлумачыць, што лінгвістыка — гэта дакладная навука, амаль матэматыка. Клясык славянскай лінгвістыкі з Гарвардзкага ўнівэрсытэту Юры Шавялёў яшчэ ў 50-я гады ХХ стагодзьдзя паказаў і даказаў, што ва ўсходніх славян (як і ў паўднёвых і заходніх) ніколі не існавала адзінага этнасу, і што іх мовы заўсёды былі дыялектна дыфэрэнцыраванымі. Лінгвісты сёньня ведаюць, што моўнае адзінства славян, якое існавала VI — VII стагодзьдзях, пачало распадацца ўжо ў VIIІ стагодзьдзі і тады ж нарадзіліся фаналягічныя асаблівасьці беларускай і ўкраінскай моваў.

Я думаю, што вялікай праблемай гістарычнай навукі ў Расеі зьяўляецца блытаніна вакол эвалюцыі і сэнсавага напаўненьня тэрмінаў «Русь/русь» і «рускі» ў розныя гістарычныя пэрыяды. Менавіта з блытаніны вакол тэрміну «рускі» паходзіць мноства сёньняшніх мітаў расейскай гістарычнай сьвядомасьці.

Інакш бы мы не сустракалі сьцьвярджэньняў, што Расея мае дачыненьне да перамогі пад Грундвальдам на той падставе, што ў ёй бралі ўдзел «рускія» харугвы. Пад іншым вуглом тады б у Расеі глядзелі і на выдадзены Францішкам Скарынам у 1517 годзе пераклад Бібліі на старабеларускую мову, якую яе перакладчык і выдавец назваў «Біблія руска». І тым больш выкладчыкі МДУ не казалі б сёньня, што Вялікае Княства Літоўскае было расейскай («рускай») дзяржавай на той падставе, што старабеларуская мова, якая тады называлася «рускай», была ў гэтай краіне адзінай дзяржаўнай.

Расейскім гісторыкам і інтэлектуалам важна не забываць, што слова «рускі» для XVI і для ХІХ — XXI стагодзьдзях мае зусім розныя сэнсы і значэньні. У фэадальныя часы не было нацыяў, хоць само лацінскае слова «natio» і вытворныя ад яго славянскія адпаведнікі ўжо выкарыстоўвалася і азначалі паходжаньне, род. Этнічная, культурная і рэлігійная ідэнтычнасьці жыхароў нашага рэгіёну Эўропы ў XVI — XVIІ стагодзьдзях заслугоўваюць на большую ўвагу адукаванай расейскай клясы.

Так ці іначай русіны, «рускія» XVI стагодзьдзя, якія пісалі і размаўлялі на «рускай» мове — гэта беларусы і ўкраінцы ВКЛ, якія мелі сваю гатычную культуру і рыцарства, пераклады на старабеларускую мову рыцарскіх раманаў, свой Рэнэсанс, сваю Рэфармацыю, магдэбурскае самакіраваньне гарадоў і цэхавую арганізацыю рамесьнікаў, судовую сыстэму са спрэчкамі абвінавачаньня і абароны на падставе Саксонскага права, дзясяткі прыватных друкарняў і сотні тэкстаў свабоднай рэлігійнай палемікі, нарэшце, тры канстытуцыйныя Статуты ВКЛ на старабеларускай мове (1529, 1566, 1588).

І ў тым жа стагодзьдзі пачалі нараджацца іх новыя беларуская і ўкраінская ідэнтычнасьці.

Беларусы ў складзе Расеі. Няспынныя рэпрэсіі

Так склалася гісторыя, што ў другой палове XVIІІ стагодзьдзя каля 80 % насельніцтва Беларусі вызнавала ўніяцтва, якое цяпер шмат хто называе грэка-каталіцтвам. Уніяцкая царква нарадзілася з праваслаўнай Літоўскай мітраполіі з цэнтрам у Наваградку, кіраўнік якой традыцыйна захоўваў тытул Кіеўскага мітрапаліта. Гэтая Праваслаўная царква мела даволі істотныя адрозьненьні ад царквы Маскоўскага царства — свой сабор сьвятых, свае зьнешнія рэлігійныя формы, як абрад, музыка (у тым ліку арганная), жывапіс, архітэктура, асаблівасьці чытаньня царкоўна-славянскіх тэкстаў і т. д. Таму нашых палонных у XVI — XVIІ стагодзьдзях у Маскоўскім царстве хрысьцілі наноў.

Уніяцкая царква, якая захоўвала многія традыцыі Літоўскай мітраполіі, паслугоўвалася ў сваёй пастырскай дзейнасьці беларускай мовай. І адразу пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе пачалося яе зьнішчэньне і гвалтоўны перавод уніятаў у склад Расейскай Праваслаўнай царквы, якая мела мала што агульнага з нашай усходнехрысьціянскай традыцыяй. Да таго часу, як Уніяцкая царква была зьнішчана канчаткова ў 1839 годзе, у ёй засталося менш за палову былых вернікаў. Астатніх гвалтам загналі ў РПЦ за папярэднія 67 гадоў. Пры гэтым здараліся масавыя расстрэлы сялян, якія не хацелі ісьці ў праваслаўе, зьбіцьцё розгамі да сьмерці і т. д.

Так сталася, што з 1772 году наступныя 100 гадоў рэпрэсіі практычна не спыняліся — кожнае дзесяцігодзьдзе прыносіла нам новую бяду.

У пачатку ХІХ стагодзьдзя ў беларусаў (як і ва ўкраінцаў) нарадзіліся свае нацыянальныя рухі. І гэта яшчэ адна з праблемаў гістарычнай навукі ў Расеі, якая ня бачыць нацыянальнай эвалюцыі ў жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага ў ХІХ стагодзьдзі, як ня бачыць іх шматузроўневай нацыянальнай сьвядомасьці. І вельмі шкада, бо на нацыянальнай беларускай ніве (як і ўкраінскай) працавалі як польскамоўныя, так і ўжо расейскамоўныя дзеячы. Адсюль міты пра «польскую інтрыгу» ў нараджэньні беларускага і ўкраінскага нацыянальных рухаў.

Рэпрэсіі ХІХ стагодзьдзя няспынна зьнішчалі нованароджаную нацыянальную інтэлігенцыю Беларусі. У першыя дзесяцігодзьдзі гэта былі высылкі сотняў уніяцкіх сьвятароў, пасьля да іх ліку далучыліся ўдзельнікі студэнцкіх гурткоў і паўстаньняў, першыя беларускія журналісты, пісьменьнікі і паэты. Зьнішчэньне Ўніяцкай царквы ў 1820 — 1830-я гады таксама прывяло да высылкі ў Сыбір вялікай колькасьці арыстакратаў і шляхты, якія царкву баранілі.

У 1820-я выслалі цэлую групу інтэлектуалаў, у тым ліку паэта, драматурга і фальклярыста Яна Чачота. 1830-я гады зь Вільні быў высланы беларускі паэт Францішак Савіч, уцёк у эміграцыю паэт Аляксандар Рыпінскі, у канцы 1840-х гадоў арыштавалі і выслалі цэлую групу дзеячоў, які задумалі выдаваць беларускі часопіс, а яго рэдактар, крытык і выдавец Рамуальд Падбярэскі памёр у высылцы на поўначы Расеі. У 1858 годзе цэнзура зьнішчыла пераклад на беларускую мову міцкевічаўскага «Пана Тадэвуша», зроблены клясыкам беларускай літаратуры Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам.

Пасьля было паўстаньне 1863 — 1864 гадоў, якое ў Расеі называюць польскім. Насамрэч яго лідэр Кастусь Каліноўскі ў 1862 годзе заснаваў першую беларускую газэту, а 1 лютага 1863 году стварыў часовы ўрад Літвы і Беларусі і выдаваў дзяржаўныя дакумэнты на беларускай мове. Зноў былі рэпрэсіі, пакараньне сьмерцю Каліноўскага і дзясяткаў яго паплечнікаў і высылка ў Сыбір сотняў актыўных людзей Беларусі. Так, многія зь іх тады яшчэ размаўлялі на польскай мове, але яны ўжо сьпявалі беларускія песьні, а калі вярнуліся з Сыбіры ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў, то пачалі засноўваць у сваіх маёнтках беларускія школы і дапамагаць беларускім настаўнікам.

Рэпрэсіі і высылкі працягваліся і ў 1870-я, і ў 1880-я гады. Паралельна зь імі ішло засяленьне Беларусі прыежджымі з Расеі чыноўнікамі ўсіх узроўняў, настаўнікамі, паліцыянтамі, вайскоўцамі і сьвятарамі.

І тым ня менш, як толькі ў пачатку ХХ стагодзьдзя ў Расеі была абраная І Дзяржаўная дума, яе дэлегаты зь Беларусі катэгарычна адмовіліся аб’яднацца з палякамі, стварылі сваю дэпутацкую групу і пачалі дамагацца аўтаноміі Беларусі.

Падобныя працэсы ў ХІХ і пачатку ХХ стагодзьдзяў адбываліся і ва Ўкраіне. Яны скончыліся ўтварэньнем і наступнай паразай Украінскай і Беларускай Народных Рэспублік. Абедзьве дзяржавы прайгралі бальшавіцкай Расеі войны за незалежнасьць. Магчыма, наша вайна вядомая менш, але ўсё ж беларуска-савецкая вайна лістапада-сьнежня 1920 году за незалежнасьць БНР была, яе з гісторыі ня выкінеш.

Наогул, мадэрны фэномэн нацый, падобна, цалкам ігнаруецца сучаснымі расейскімі ідэолягамі — з імпэрскіх вышыняў Масквы іх па-ранейшаму ня бачаць. У гэтым іх ня толькі навуковая, але і фатальная палітычная памылка.

Беларусы ў складзе СССР. Зноў рэпрэсіі і татальнае зьнішчэньне інтэлігенцыі

У 1921 годзе ў створанай як савецкая альтэрнатыва БНР Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы ў складзе ўсяго шасьці паветаў былой Менскай губэрні было рэпрэсавана да 1500 «нацыяналістаў». У 1922 годзе на ўсход былі высланыя вядомыя прафэсары, колішнія эсэры Н. Ярашэвіч, С. Скандракоў, А. Міцкевіч, В. Жыван, А. Савіч, П. Каравайчык і іншыя.

У 1923 годзе ў БССР пачаліся так званая беларусізацыя і карэнізацыя, але рэпрэсіі супраць беларускай інтэлігенцыі не спыняліся ніколі, высылкі на ўсход працягваліся. У 1926 годзе зь Беларусі быў высланы адзін з айцоў-заснавальнікаў беларускага руху прафэсар Мітрафан Доўнар-Запольскі. Тым ня менш усяго за некалькі гадоў беларуская мова была ўкаранёная ў школу і ў ВНУ.

Але ўжо ў 1929 годзе беларусізацыя была спыненыя, а з 1930 году пачаліся масавыя рэпрэсіі, якія не спыняліся да пачатку вайны ў 1941 годзе.

Некалькі сотняў літаратараў, практычна 100% складу Саюзу пісьменьнікаў, былі спачатку высланыя, а пасьля паўторных працэсаў большасьць зь іх была расстраляная. Да вайны дажыло ня больш за 20 чалавек. Былі высланыя ці расстраляныя тысячы навукоўцаў, настаўнікаў, журналістаў, чыноўнікаў.

Людзі літаральна баяліся вымавіць слова па-беларуску. Калі пасьля пачатку вайны ў акупаваны Менск прыбылі беларускія дзеячы зь ліку калябарантаў, людзі на вуліцах літаральна шарахаліся ад іх беларускай мовы. Цэлы народ здранцьвеў у жаху ад антыбеларускіх рэпрэсій 30-х гадоў.

Немцы гэта ведалі і скарысталі. Яны адкрылі ў зусім невялікай Генэральнай акрузе Беларусі больш тры з паловай тысячы беларускіх школ і дазволілі беларускае жыцьцё пад акупацыяй. Ствараліся беларускія арганізацыі і вайсковыя фармаваньні, выходзілі газэты і часопісы, падручнікі, адкрываліся ВНУ, адзначаліся беларускія нацыянальныя сьвяты. А савецкія партызаны ня толькі змагаліся з акупантамі, але і на загад Масквы палілі беларускія школы і забівалі настаўнікаў.

Пасьля вайны былі фільтрацыя ненадзейных элемэнтаў і новая хваля арыштаў тых, хто так ці іначай супрацоўнічаў зь немцамі, асабліва ўдзельнікаў моладзевых беларускіх арганізацый. І высылкі, высылкі, высылкі. Падлічана, што з 1945 году па 1950-ты зь Беларусі ўглыб СССР было вывезена каля 1 мільёну маладых людзей.

Высылкі працягваліся і ў 1950-я гады. Былі выкрытыя таемныя беларускія арганізацыі студэнтаў пэдагагічных вучэльняў, якія выступалі супраць русыфікацыі. Зьнішчаліся нават закінутыя ў Беларусь з парашутам маладыя рамантыкі і арганізаваныя імі партызанскія атрады. Некаторых расстрэльвалі, іншых высылалі на 25 гадоў у ГУЛАГ.

Культурныя страты беларускага народу ад знаходжаньня Беларусі ў складзе Расейскай імпэрыі, а пасьля СССР, не паддаюцца вымярэньню. Былі вывезеныя шматлікія мастацкія калекцыі і бібліятэкі з замкаў, палацаў і кляштараў Беларусі, неверагодная колькасьць жывапісу, скульптуры і старадрукаваных кніг былі спаленыя падчас скасаваньня Ўніяцкай царквы. Мітрапаліт Іосіф Сямашка спаліў 1000 старажытных арганаў. Падчас рэпрэсій 1920 — 1930 гадоў спальваліся творы паэтаў, пісьменьнікаў і кампазытараў.

У 20-50-я гады зьнішчаліся архіўныя дакумэнты, асабліва гэтае зьнішчэньне было актыўным з канца 30-х да канца 50-х гадоў, калі савецкія архівы знаходзіліся ў складзе НКВД-МГБ. У Беларусі пра гэта напісаны кнігі.

У часе вайны былі разбураныя гістарычныя цэнтры Кіева і Менску, але яны не былі рэгенэраваныя. На месцы гістарычных цэнтраў былі пабудаваныя пампэзныя гмахі ў стылі сталінскага ампіру. Затое ў лістападзе 1945 году СНК СССР прыняў пастанову № 2722 «Аб мерапрыемствах па аднаўленьні разбураных нямецкімі захопнікамі гарадоў», у якой падаваўся сьпіс з 15 старажытных расейскіх гарадоў, якія падлягалі першачарговаму аднаўленьню. Сярод іх былі Ноўгарад, Пскоў, Смаленск, Цьвер (Калінін) і іншыя. Наогул, за час панаваньня Расеі Беларусь страціла тысячы каштоўных помнікаў архітэктуры,

Карная машына расейскага бальшавізму палявала за беларускімі нацыянальнымі дзеячамі па ўсім сьвеце дзесяцігодзьдзямі. У 1917 годзе ў Менску з удзелам амаль дзьвюх тысяч абраных дэлегатаў адбыўся Ўсебеларускі зьезд, які абраў Раду. Рада зьезду, у сваю чаргу, стварыла ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі і абвясьціла яе незалежнасьць. Дык вось праз 30 гадоў пасьля гэтага ў Чэхаславаччыне НКВД яшчэ арыштоўвала ўдзельнікаў таго зьезду і інкрымінавала ім якраз «участие в антисоветском всебелорусском конгрессе 1917 года». Калі ж чалавек жыў у капіталістычнай краіне, то ён нечакана тануў у возеры ў цэнтры Мюнхэна, гінуў у аўтамабільнай катастрофе ў далёкай Лацінскай Амэрыцы і т. д.

А Беларусь тым часам, як і ў ХІХ стагодзьдзі, засялялася расейцамі. У чэрвені 1953 году ў Менску адбыўся пленум ЦК КПБ. На ім выступіў кандыдат на пасаду першага сакратара беларускага ЦК, былы яго другі сакратар Міхаіл Зімянін. Прывяду тут фрагмэнт са сваёй кнігі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»:

«На пленуме Зімянін выступіў з рэзкай крытыкай палітыкі партыйнага кіраўніцтва Беларусі ў нацыянальным пытаньні, асабліва ў заходніх абласьцях БССР. Ён заявіў, што сярод партыйных і савецкіх кіраўнікоў там пераважаюць небеларусы — з 1175 партыйных чыноўнікаў беларусаў толькі 121 чалавек; з 1408 супрацоўнікаў аблвыканкамаў мясцовымі беларусамі былі толькі 114, з 321 супрацоўніка гарвыканкамаў мясцовых было толькі 25 чалавек.

Асабліва рэзка Зімянін гаварыў аб становішчы ў органах НКВД-МУС: у цэнтральным і абласных апаратах МУС беларусаў — адзінкі, з 173 начальнікаў райаддзелаў МУС беларусаў было толькі 33; у заходніх абласьцях з 840 апэратыўных супрацоўнікаў органаў МУС мясцовых ураджэнцаў толькі 17 чалавек; у органах міліцыі заходніх абласьцей з 150 кіраўнікоў беларусам быў толькі 1, а з 92 начальнікаў гаррайаддзелаў міліцыі ўраджэнцаў заходніх абласьцей было толькі 5».

Зімяніна ў Менск даслаў Лаўрэнцій Берыя, які для захопу ўлады ў СССР вырашыў абаперціся на нацыянальныя ўскраіны, бо, паводле роду сваёй дзейнасьці, займаўся рэпрэсіямі супраць «нацыяналістаў» і ведаў пра сілу нацыянальных пачуцьцяў.

Таксама на пленуме чэрвеня 1953 году гаварылася пра варты жалю стан беларускай адукацыі, напрыклад, у Менску па-беларуску вучылася толькі 15% вучняў. Але гэтага стану зьмяніць не ўдалося, бо яшчэ падчас пленуму Берыя быў арыштаваны і ягоныя спробы нацыянальнага разьняволеньня ў СССР былі вельмі хутка згорнутыя.

Справа скончылася тым, што ў 60-я гады ХХ стагодзьдзя ў гарадах Беларусі не засталося беларускіх школ і беларускіх ВНУ — гарады сталі расейскамоўнымі. І так мы сталі «в общем, похожи сильно друг на друга».

І тым ня менш, калі ў 1991 годзе пачаўся масавы перавод гарадзкіх дзіцячых садкоў і школ на беларускую мову, то Міністэрства адукацыі Беларусі і адпаведная парлямэнцкая камісія атрымалі ўсяго 6 (шэсьць) скаргаў і тоны лістоў у падтрымку.

Што Расея зрабіла зь Беларусьсю і Ўкраінай

Колькасьць пралітых сьлёз, маштаб зьнявагі і прыніжэньня, аб’ём ці памер перажытага душэўнага болю, як вядома, вымярэньню не паддаецца. І вельмі шкада, бо ў адваротным выпадку мы б мелі больш дакладную карціну той катастрофы, якую перажылі і адчулі людзі, якія, прыехаўшы ў расейскамоўныя гарады Беларусі з правінцыі, павінны былі выслухоўваць крытыку, пагардлівыя кпіны і зьнявагу за сваю беларускую мову ці свой беларускі акцэнт.

Або тыя, хто павінен быў мяняць прозьвішчы, каб ня трапіць пад каток рэпрэсій за сваяцтва з расстраляным «нацдэмам». У нас вядомыя нават выпадкі пасьмяротных чынаў, калі людзі завяшчалі напісаць іх сапраўднае прозьвішча на надмагільным помніку — гэта значыць тады, калі іх ужо нельга рэпрэсаваць.

Або тыя сваякі рэпрэсаваных, хто быў высланы ў глыб СССР, ня змог адтуль вярнуцца і потым адказваў на лісты беларускіх гісторыкаў з пытаньнямі аб іх сваяках на ламанай беларускай мове і няёмка прасіў прабачэньня за гэта.

Або тыя, хто быў вымушаны зьмяніць сваю нацыянальнасьць на расейскую ці польскую, каб не асацыявацца з абвінавачанымі ў беларускім нацыяналізьме сваякамі. Гэтак у нашы дні ў Менску дзеці праваслаўных сьвятароў дажываюць свой век палякамі.

Вось яшчэ адна цытата:

«Советская власть начала наступление на украинский язык. Она его уничтожила за пределами собственно границ Украины... она его уничтожила в уязвимых местах самой Украины, в городах. Ей удалось русифицировать Kiev, Kharkov (свидетельством этого является то, что я подаю российское написание этих имен собственных) и другие крупные города ‒ как путем иммиграции россиян в Украину, так и принуждением украинцев употреблять только русский язык в научной, научно-технической деятельности, в различных публичных сферах жизни. Она пытается предоставить украинскому языку, который к тому же был весьма сильно засорен русизмами, статус „фольклорного“, сельского языка, от которого каждый, кто хочет сделать карьеру, должен отказаться».

Гэта сказаў выдатны францускі гісторык Ален Бэзансон, кнігі якога, спадзяюся, Вы чыталі. Замяніце ў гэтай цытаце слова «украинский» на слова «белорусский» — і вы атрымаеце дакладнае, 100-працэнтнае апісаньне таго, што, як далікатна піша Бэзансон, «савецкая ўлада» зрабіла з мовай беларускай. Насамрэч, і Вы, і я разумеем, што гэта зрабіла з намі хоць і савецкая, але Расея. А пачала яна гэта рабіць яшчэ пры царах-імпэратарах.

І ў нас у 1933 годзе правялі гвалтоўную рэформу беларускага правапісу, штучна наблізіўшы яго да расейскага. І ў нас у 1939 годзе пастановай Вярхоўнага савету БССР Менск перайменавалі ў Мінск, а ўсьлед за ім расейскія варыянты назваў атрымалі сотні іншых гарадоў і мястэчак. І ў нас беларускую мову, фактычна, зрабілі фальклёрна-этнаграфічным экспанатам.

Найлепшыя прадстаўнікі нашых народаў ніколі з такім станам рэчаў не згаджаліся. Пратэсты, пэтыцыі і звароты ў абарону беларускай і ўкраінскай моваў і, адпаведна, рэпрэсіі за гэта не спыняліся ў СССР усе пасьляваенныя гады. Пасадкі ці звальненьні дысыдэнтаў, змагароў за ўкраінскую і беларускую мову і культуру працягваліся аж да 80-х гадоў ХХ стагодзьдзя.

А ў падкантрольнай Расеі Рэспубліцы Беларусь не спыняюцца і ў нашы дні.

Адна невялікая розьніца заключаецца ў тым, што ў ХХ стагодзьдзі ўкраінскамоўных украінцаў і беларускамоўных беларусаў называлі нацыяналістамі, а цяпер называюць нацыстамі, фашыстоўскімі паслугачамі, калябарантамі і т. д.

Мой ліст да Вас — далёка ня першы тэкст такога кшталту. Пісалі падобныя звароты і ў савецкія часы. З увагі на абставіны, яны часам былі ананімныя, як апублікаванае ў самвыдаце і за мяжой у 1979 годзе «Письмо русскому другу», а часам мелі дзясяткі ці сотні подпісаў, як лісты беларускіх пісьменьнікаў і навукоўцаў у 1980-я гады.

Вось так Кіеў і Менск сталі ў другой палове ХХ стагодзьдзя вельмі камфортнымі гарадамі для расейскіх людзей, якія пачалі думаць, што паміж імі, з аднаго боку, і ўкраінцамі і беларусамі, з другога, практычна няма розьніцы, што «мы — адзін народ».

Але вось у чым бяда. Простыя расейцы ў СССР маглі ня ведаць гісторыі і не разумелі, што на вуліцах Кіева і Менску яны сустракаюцца і размаўляюць, фактычна, з хворымі на «стакгольмскі сындром» ахвярамі шматвекавых рэпрэсій і добра прадуманай і арганізаванай палітыкі нацыянальнага задушэньня Ўкраіны і Беларусі. Але рэальнасьць такая, што з імпэрскіх вышыняў гэтых ахвяраў як раней не маглі разгледзець, так і сёньня ня бачаць многія адукаваныя людзі Расеі.

Якраз гэта, на маю думку, пазбаўляе Расею шанцаў на ачышчэньне праз пакаяньне і, адпаведна, на гістарычную пэрспэктыву.

Цяпер вымаўляць фразу пра «адзін народ» — не этычна і амаральна

Я нарадзіўся і гадаваўся ў Менску ў расейскамоўнай беларускай сям’і, расейская мова была маёй першай мовай, менавіта на ёй я навучыўся гаварыць і чытаць, карыстаюся ёю і, спадзяюся, адчуваю яе нюансы. Пераяжджаючы ў 90-я гады ў Прагу, я ўзяў з сабой поўны збор твораў Чэхава і кнігі паэтаў Срэбранага веку. Але я зь дзяцінства ведаў, хто я, і ведаў мову беларускую, бо на ёй размаўлялі прадзед, дзьве прабабулі і бабуля па бацьку, яе сёстры і шматлікія іншыя сваякі, якая жылі ў вёсцы на паўднёвы захад ад Менску.

Гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ў 80-я гады ХХ стагодзьдзя, асабліва яго аддзяленьні гісторыі КПСС і філязофіі, былі элітнай кузьняй кадраў для камсамольскіх і партыйных камітэтаў БССР. Большасьць студэнтаў паходзілі з расейскамоўных гарадзкіх сем’яў.

І вось цуд! На тых сэмінарах па этнаграфіі на гістфаку БДУ, пра якія я згадаў вышэй, усе студэнты зацята спрачаліся з выкладчыкам, які расказваў нам пра будучае зьліцьцё моваў. Ніхто з нашай групы не хацеў, каб беларуская мова зьнікла, ніхто, прычым ня толькі мясцовыя беларусы, але і немка, украінка і беларус з далёкага Джамбулу, які ніколі ня жыў у Беларусі, а проста быў адпраўлены на навучаньне ў Менск некалі высланымі на асваеньне цаліны бацькамі-беларусамі.

Мы спрачаліся з выкладчыкам, адстойваючы права беларускай мовы на будучыню, па-расейску.

У гэтым, паважаны Рыгор Шалвавіч, хаваецца вялікая таямніца і вялікая сіла нацыянальнага. І вось чаму некалькі сваіх навуковых і мастацкіх кніг я напісаў на беларускай мове, якая, паводле афіцыйнай клясыфікацыі ААН, знаходзіцца пад пагрозай зьнікненьня. Я сьвядома выбраў гэтую «непэрспэктыўную мову», зь якой амаль ніхто не перакладае, і да якой у сьвеце амаль няма цікавасьці і ўвагі. Але гэта — мова майго шматпакутнага эўрапейскага народу, мова мадэрнай беларускай нацыі.

Таму было вельмі дзіўна пачуць ад Вас гэтую праклятую фразу пра «адзін народ», нават у тым кантэксьце, у якім Вы яе сказалі. Бо менавіта яе цяпер, як мантру, паўтарае той, хто пачаў дзікую і жорсткую бойню на эўрапейскім кантынэнце.

Менавіта зь ідэяў пра «трыадзіны расейскі народ» пачынаецца расейскі імпэрыялізм. Я вельмі спадзяюся, што адмова ад прэтэнзій на Беларусь і Ўкраіну дапаможа пасьляваеннай Расеі прыслухацца, нарэшце, да словаў выдатнага філёзафа Георгія Фядотава, які ў 1947 годзе заклікаў расейцаў адмовіцца ад імпэрыі і сканцэнтравацца на ўнутраных праблемах — інакш кажучы, на нацыянальным разьвіцьці.

І яшчэ я вельмі спадзяюся, што Вы, як адзін зь вядучых расейскіх інтэлектуалаў сучаснасьці, паспрыяеце таму, каб у пасьляваеннай Расеі была ўведзеная крымінальная адказнасьць за адмаўленьне існаваньня ўкраінскай і беларускай нацый. Бо менавіта з такіх ідэяў, як мы цяпер бачым, пачынаецца вайна і расейскі фашызм.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG