Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыя беларусаў закончыла фармаваньне. На чарзе — перамога беларускай мовы


У Менску, 19 чэрвеня 2020 году.

Месяц збору подпісаў у Беларусі цалкам перавярнуў звыклыя ўяўленьні пра наш народ. Аказалася, што гэта не «насельніцтва», не «быдламаса» і не «народзец», але цалкам сфармаваная, адукаваная, культурная эўрапейская нацыя, якая патрабуе сыходу сваіх прыгнятальнікаў.

Што было раней

Нацыі ў Эўропе пачалі фармавацца падчас прамысловай рэвалюцыі ХІХ стагодзьдзя на зломе эпох Рамантызму і Мадэрну.

Адзін з сусьветна вядомых тэарэтыкаў нараджэньня нацый, чэскі гісторык Міраслаў Грох вызначыў падставы і сувязі, на якіх у ХІХ стагодзьдзі фармаваліся нацыі. Падстаў можа быць шмат, але тры зь іх застаюцца нязьменнымі. Гэта:

1. Памяць пра агульнае мінулае, якое ўсьведамляецца як агульны лёс усёй этнічнай групы ці хаця б яе ключавых элемэнтаў.

2. Шчыльныя моўныя або культурныя сувязі, якія забясьпечваюць больш высокі ўзровень сацыяльнай камунікацыі ўнутры групы ў параўнаньні з навакольным сьветам.

3. Канцэпцыя роўнасьці ўсіх членаў групы.

Усе гэтыя пункты прысутнічалі ў палымянай публіцыстыцы Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў.

Празь тыдзень пасьля пакараньня сьмерцю Кастуся Каліноўскага падпольны «Głos z Litwy», які ў Кёнігсбэргу выдавалі каліноўцы Ўладзіслаў Малахоўскі і Міхал Ляпкоўскі, акуратна выклаў усе тры пастуляты, якія праз 130 гадоў навукова сфармулюе Міраслаў Грох.

Паўстанцы востра ўсьведамлялі агульнасьць свайго гістарычнага лёсу і асобнасьць яго ад расейцаў:

«Таго, што хочам, чаго патрабуем, Масква нам ніколі не дала і даць не магла. Ёй гісторыя надала адзін кірунак народнага жыцьця, нам — іншы. Разам нашыя прызначэньні рэалізаваць мы ня можам. Павінны разьдзяліцца для нашага і яе дабра».

Паўстанцы дамагаліся роўных правоў для беларускай мовы:

«Мы хочам, каб кожная мова разьвівалася паводле ўласнай жыцьцяздольнасьці: і літоўская, і беларуская, і маларуская, і польская».

І, нарэшце, паўстанцы дамагаліся роўнасьці ўсіх членаў новай беларускай нацыі. Важна падкрэсьліць, не ўраўнаваньня, але роўнасьці правоў.

«Мы хочам, каб кожны меў роўныя правы на ўласнасьць, на службу, на працу, каб усе атрымалі і ніхто ня страціў».

Пра тое ж сьпявалі падчас баёў касінеры:

Бо мы роўныя з панамі,
Бо за вольнасьць мы з касамі!

І пра тое ж быў апошні перадсьмяротны выгук айца-заснавальніка новай беларускай нацыі Кастуся Каліноўскага:

«У нас няма дваран; усе роўныя»

Па Гроху, фармаваньне нацый заканчваецца нараджэньнем нацыянальных дзяржаў. Беларусы дамагліся гэтага ў 1918 годзе, але незалежнасьці не ўтрымалі, жылі 70 гадоў у квазідзяржаве БССР і нарэшце ў 1991 годзе здабылі свой сувэрэнітэт.

Але гвалтоўнае прыпыненьне працэсу беларусізацыі 1920-х гадоў і татальнае вынішчэньне нацыянальнай інтэлігенцыі ў 1930-1940-я гады паставіла беларускую нацыю на мяжу выжываньня і нават прымусіла навукоўцаў казаць пра незавершанасьць працэсу фармаваньня беларускай нацыі.

У выніку навукоўцы, нават той самы Міраслаў Грох, у 90-я гады ХХ стагодзьдзя адмовіліся даваць прагноз адносна будучыні беларускага нацыянальнага праекту. Пытаньне, казалі яны, застаецца адкрытым.

Што адбылося цяпер

І вось надышоў 2020 год. Аказалася, што пэсымістычныя прагнозы ня спраўдзіліся. Нягледзячы на татальнае закрыцьцё беларускіх школ, газэт і часопісаў, разгром і звальненьне навуковых кадраў з Акадэміі навук і ўнівэрсытэтаў падспудныя і схаваныя нацыятворчыя працэсы ішлі поўным ходам.

Сёньня ўжо зразумела, што беларуская нацыя выжыла, канчаткова сфармавалася і патрабуе нацыянальнай свабоды.

Збор подпісаў каля Камароўскага рынку ў Менску 31 траўня 2020 году
Збор подпісаў каля Камароўскага рынку ў Менску 31 траўня 2020 году

Выказваньні нашых беларуска- і расейскамоўных людзей усіх узростаў, палоў, палітычных арыентацый і прыхільнасьцяў падчас пікетаў у сталіцы, абласных гарадах і самых аддаленых раённых цэнтрах немагчыма слухаць бязь сьлёз. У словах людзей таксама прысутнічаюць усе тры пастуляты Гроха. Знайдзіце ў Ютубе трансьляцыю зь любога пікета ў любой частцы Беларусі. І вы пачуеце:

«Мы — беларусы...»

«Наш народ варты лепшага жыцьця і лепшай долі...»

«Беларусы — працавіты і законапаслухмяны народ, які заслугоўвае жыць лепш...»

«У нас такая доўгая і вялікая гісторыя...»

«Пражывем мы бяз гэтай Расеі...»

«Мы заўсёды былі ў Эўропе...»

«Я сама расіянка, з Санкт-Пецярбургу, муж быў беларусам, але я супраць аб’яднаньня з Расеяй. Беларусы іншыя, больш працавітыя, больш законапаслухмяныя...»

«Я люблю сваю дарагую, прыгожую, любімую Беларусь, не хачу зьяжджаць, хачу жыць тут...»

«Яны (улада) нас зусім не паважае...»

«Яны (чыноўнікі) нас за людзей ня лічаць...»

«Я хачу, каб яны нас паважалі, а не зьневажалі і ня ціснулі...»

«Паглядзіце на чыноўніцкае бязьмежжа, пабудавалі сабе палацы...»

Збор подпісаў у Гомлі
Збор подпісаў у Гомлі

«Мы хочам праўды і справядлівасьці, хочам роўных магчымасьцяў, каб кожны мог зарабіць на сям’ю і на дом...»

«Чаму я павінен ехаць за дзьве тысячы кілямэтраў на заробкі, прыніжацца? Што я сыну свайму скажу? Каб таксама ехаў да чужакоў на паклон?...»

«Я хачу жыць як чалавек, а не пабірацца...»

«Мы ж людзі...»

Тут ня толькі ўсе тры пастуляты Міраслава Гроха, тут і адказ на пытаньне клясыка:

«А чаго ж, чаго захацелась ім,
Пагарджаным век, ім, сьляпым, глухім?
— Людзьмі звацца».

Новая «арыстакратыя» супраць нацыі

Арыстакратычныя колы эўрапейскіх краін падчас зьяўленьня нацый у ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў, як правіла, не падтрымлівалі нацыянальныя рухі. Арыстакратаў палохалі заклікі да роўнасьці і магчымасьць страціць багацьце, дабрабыт і прывілеяванае становішча.

Тое самае назіраецца сёньня ў Беларусі. Тут за апошнія 26 гадоў узьнік гістарычны аксюмаран — новая, плебейская паводле паходжаньня, арыстакратыя зь ліку найвышэйшага чыноўніцтва, набліжанага да кіраўніка дзяржавы, і вершаліна так званай вэртыкалі, якая займае ў грамадзтве прывілеяванае становішча і ня хоча яго губляць. Гэтыя «арыстакраты-плебеі» зь вялікай пагардай і недаверам ставяцца да астатніх «плебеяў», за што апошнія іх справядліва крытыкуюць.

У краіне ўзьнікла рэальная няроўнасьць (прычым ня толькі эканамічная) паводле прынцыпу набліжанасьці да ўлады.

У Менску вечарам 18 чэрвеня 2020 году падчас ланцуга салідарнасьці
У Менску вечарам 18 чэрвеня 2020 году падчас ланцуга салідарнасьці

А паколькі ўлада ў Беларусі пагарджае нацыянальнай культурай і мовай, адпаведна, варожымі ім застаюцца і новыя арыстакраты-плебеі.

І вось так, пагарджаючы «плебеямі» і служачы свайму гаспадару, гэты гістарычны аксюмаран не заўважыў новай гістарычнай зьявы — канчатковага сфармаваньня беларускай нацыі і яе паўстаньня супраць сваіх прыгнятальнікаў: аўтарытарнага рэжыму і яго апоры ў цэнтры і на месцах у выглядзе ўладнай вэртыкалі.

У пачатку ХХ стагодзьдзя дэнацыяналізаваныя арыстакраты паўцякалі са сваіх краінаў хто куды. Выглядае, што такі самы лёс чакае і беларускі гістарычны аксюмаран — арыстакратаў-плебеяў з уладнай вэртыкалі. Але шмат хто апынецца і на лаве падсудных.

На чарзе — перамога беларускай мовы

Некалі мне давялося ўжо пісаць пра маральную сілу беларускай нацыянальнай ідэі і беларускай мовы. Выказваньні людзей у апошні месяц на пікетах для збору подпісаў зноў і зноў пераконваюць у слушнасьці гэтай высновы.

За лёс беларускай мовы можна не турбавацца. Беларусы яе любяць, адчуваюць калектыўны сорам за яе бядотнае становішча і масава выказваюцца за яе адраджэньне.

У чарзе паставіць свой подпіс за незалежных кандыдтаў на Камароўцы ў Менску
У чарзе паставіць свой подпіс за незалежных кандыдтаў на Камароўцы ў Менску

Зноў цытаты з выбарчых пікетаў:

«Выбачайце, я буду па-расейску, але беларуская мова прыгожая, я яе люблю...»

«Я пачну на роднай мове, але фармуляваць думкі мне лягчэй па-расейску. Вельмі прашу мне прабачыць...»

«Наша мова самая прыгожая, я на жаль мала на ёй размаўляю...»

«Бачыце, я не зусім упэўнена гавару на роднай мове...»

«Мы адродзім родную мову, яна клясная...»

У чарзе да пікету Сьвятланы Ціханоўскай у Менску
У чарзе да пікету Сьвятланы Ціханоўскай у Менску

Пра гэта ж гаворыць уся апазыцыя, усе незалежныя кандыдаты ў прэзыдэнты, уключна з новым лідэрам грамадзкіх сымпатый Віктарам Бабарыкам, незалежна ад таго, хто якой мовай карыстаецца ў жыцьці.

Гэта — маральная перавага і маральная сіла, а значыць і маральная перамога, якая ў гісторыі мае звык ператварацца ў фактычную, рэальную і канчатковую.

Для гэтага патрэбны час, такт і павага да ўсіх. Але канчатковы вынік непазьбежны.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG