Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікае Беларускае Нацыянальнае Паўстаньне


Марш міру і незалежнасьці ў Менcку, 30 жніўня 2020 году

Незалежна ад таго, чым скончыцца ў Беларусі цяперашняе процістаяньне народу з уладай і яе сілавымі структурамі, для мяне асабіста ў гэтую выбарчую кампанію ўжо ўсё адбылося. Я ўбачыў тое, пра што марыў і што стараўся наблізіць сваёй працай апошнія 35 гадоў.

Цуд фармаваньня нацыі

Шмат хто ў Беларусі і за яе межамі ў гэтыя месяцы трывожна і з надзеяй сочыць за падзеямі ў нашай краіне. Усе мы то радуемся, то перажываем, то плачам аб ахвярах і ад крыўды і бясьсільля, то ад шчасьця і гонару за свой народ.

Я не магу суняць хваляваньня і трымценьня ў грудзях кожны раз, калі працую над асьвятленьнем падзеяў на радзіме ці проста гляджу трансьляцыі грандыёзных народных шэсьцяў адтуль.

Але пры гэтым, глыбока ў душы, я шчасьлівы. Бо бачу неверагодную карціну запозьненага абуджэньня і паўставаньня апошняй цэнтральна-ўсходнеэўрапейскай нацыі. Гэта ўсё ж, дзякуй Богу, адбылося. Мы адбыліся, і я гэта ўбачыў.

Марш міру і незалежнасьці ў Менску, 30 жніўня 2020 году
Марш міру і незалежнасьці ў Менску, 30 жніўня 2020 году

Як гісторык паводле адукацыі, я сутаргава запісваю фразы і словы палітыкаў і простых людзей, якія пацьвярджаюць неімаверны сацыялягічны і палітычны цуд, як адбываецца на нашых вачах — заканчэньне фармаваньня беларускай нацыі.

Цуд фармаваньня нацыі — гэта сынтэз этнічных, псыхалягічных і грамадзянскіх фактараў, счэпленых амаль сямейнай салідарнасьцю і ўзаемападтрымкай. У адзін момант мільёны людзей раптам усьведамляюць сваю крэўную роднасьць, адзінства свайго гістарычнага лёсу і сваю асобнасьць ад астатняга сьвету. Раптам узьнікае разуменьне, што існуе з аднаго боку «сьвет» і «яны», а з другога — «мы», «беларусы».

Марш міру і незалежнасьці ў Менску, 30 жніўня 2020 году
Марш міру і незалежнасьці ў Менску, 30 жніўня 2020 году

Таксама ў людзей нараджаецца і абвастраецца пачуцьцё грамадзкай і грамадзянскай адказнасьці, абурэньне сацыяльнай і палітычнай несправядлівасьцю. І тады новапаўсталая нацыя імкнецца авалодаць дзяржавай, якая пакуль што знаходзіцца ў руках яе ворагаў ці прыгнятальнікаў (у нашым выпадку, гэта гістарычны аксюмаран — плебейская арыстакратыя ў выглядзе прарасейскай уладнай вэртыкалі).

Гэты працэс мы цяпер і назіраем. Людзі востра адчулі і зразумелі, што крыніца ўлады — яны самі, грамадзяне, што дзяржаўны апарат — гэта ўсяго толькі наёмныя мэнэджары, якія разам зь сілавым блёкам жывуць на грошы людзей. І грамадзяне раптам запатрабавалі ад дзяржаўнага апарату строгага выкананьня законаў і ляяльнасьці.

Таму мы чуем на мітынгах і дэманстрацыях па ўсёй краіне дзясяткі і сотні аднатыпных дэклярацый з вуснаў простых людзей: «Гэта наш горад!», «Гэта наша краіна!», «Мы тут улада!»

Шчасьце нацыянальнага адзінства

Вось некаторыя з запісаных мною фразаў-маркераў:

На шэсьці ў Менску 16 жніўня 2020 году яго ўдзельніца кажа:

«Я ніколі ня бачыла такі народ, якім я хачу ганарыцца. Сёньня я яго бачу. Хопіць карміць армію чыноўнікаў і міліцыянтаў, якая нас забівае і зьневажае. Жыве Беларусь!»

Удзельніца «Маршу новай Беларусі» 23 жніўня 2020 году:

«Прачынаецца нацыя беларуская, адраджаецца...»

Іншая ўдзельніца «Маршу новай Беларусі»:

«Мы ня хочам нейкіх эўрапейскіх заробкаў. Мы хочам, каб нас паважалі і ставіліся да нас з павагай».

Марш новай Беларусі ў Менску, 23 жніўня 2020 году
Марш новай Беларусі ў Менску, 23 жніўня 2020 году

Марш новай Беларусі ў Менску, 23 жніўня 2020 году
Марш новай Беларусі ў Менску, 23 жніўня 2020 году

Інтэрвію Марыі Калесьнікавай Свабодзе ў пачатку жніўня 2020 году:

«Гэта ўсё ідзе яшчэ з Савецкага Саюзу, і мала было часу, каб нацыя зразумела, што яна нацыя, што мы адзін народ, што мы можам уплываць на наша агульнае жыцьцё. Гэта працяглы працэс, і мне здаецца, што мы змаглі выказаць словамі тое, што адбылося цяпер у душы кожнага беларуса».

Зварот Сьвятланы Ціханоўcкай да беларусаў 17 жніўня:

«... За мінулыя месяцы стала зусім відавочна для ўсяго сьвету, што беларусы — гэта людзі, якія ўмеюць самаарганізоўвацца, прымаць правільныя рашэньні і здольныя пастаяць за сябе і за сваіх блізкіх. Але самае галоўнае, што гэта ўсьвядомілі мы самі. Гэта тое ўсьведамленьне, якога нам не хапала доўгія гады. Беларусы сёньня праяўляюць цуды гераізму, салідарнасьці і прыстойнасьці .... І ў тым ліку мы зможам вярнуць краіне энэргію тых беларусаў, якія воляю лёсу апынуліся ў іншых краінах сьвету ... Упершыню за доўгія гады мы змаглі стаць адным цэлым — беларусамі, якія любяць сваю краіну».

Інтэрвію Сьвятланы Ціханоўскай Расейскай службе Радыё Свабода 27 жніўня пра беларусаў, якія пратэстуюць на вуліцах беларускіх гарадоў:

«Яны разумеюць, што будзе цяжкая барацьба, але яны шчасьлівыя, што адчулі сябе адзіным народам, адчулі сябе нацыяй ... Цяпер кожны разумее, што ад яго залежыць вельмі многае. Паварот у сьвядомасьці людзей. Творыцца гісторыя».

Марш новай Беларусі ў Менску, 23 жніўня 2020 году
Марш новай Беларусі ў Менску, 23 жніўня 2020 году

Зварот 230 выпускнікоў юрыдычнага факультэту БДУ да сваіх калегаў:

«Мы ўсе — грамадзяне Рэспублікі Беларусь, і нам разам жыць у гэтай краіне. Мы разам і ёсьць Беларусь. Мы любім Беларусь!... Больш няма бакоў, няма нас ці вас, цяпер толькі мы разам. Мы — гэта беларусы. І ад кожнага з нас залежыць будучыня нашай краіны. Разам мы — народ Беларусі».

Вось чаму сёньня людзі ў Беларусі нярэдка плачуць ад вострага пачуцьця нацыянальнай зьнітаванасьці. І вось чаму па ўсім Менску — у гандлёвых цэнтрах, падземных пераходах, у мэтро, на мітынгах і проста на вуліцах — сьпяваюць сутнасна беларускія, знакавыя песьні: «Магутны Божа», «Пагоня», «Купалінка», «Тры чарапахі» і іншыя.

Гэтая мяккая хваля беларускай сілы можа неўзабаве ахапіць і прадстаўнікоў ўладнай вэртыкалі і сілавога блёку. Асабліва тых, хто не замяшаны ў крымінальных злачынствах. Доля астатніх — пакаяньне, эміграцыя або суд. Але, у прынцыпе, усе маюць права раней ці пазьней вярнуцца да сваіх.

Нацыянальныя гонар і годнасьць

Як і належыць кожнай нованароджанай істоце, новай нацыі ўласьцівыя элемэнты эгаізму і самалюбаваньня.

Адсюль у сацыяльных сетках столькі захапленьня побытавай культурай беларусаў — і сьмецьце яны на мітынгах за сабой прыбіраюць, і абутак здымаюць, першы чым залезьці на лаўку, і нават уцякаюць ад АМАПу, агінаючы клюмбы з кветкамі, каб іх не патаптаць.

Як гісторык магу сказаць, што падставы для гэтага сапраўды ёсьць. Падарожнікі захапляліся чыстымі вуліцамі Менску і ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя, і ў пачатку ХХ-га, і ў 1918 годзе, як захапляюцца і ў наш час. Гэта частка традыцыйнай культуры беларускага народу і норма для паўночнай эўрапейскай нацыі, якая ў тысячагодзьдзях мае скандынаўскія, балцкія і славянскія карані.

Вось некалькі прыкладаў здаровай любові сучасных беларусаў да саміх сябе. У ліпені-жніўні на перадвыбарчых мітынгах Марыя Калесьнікава ня раз выгуквала:

«Беларусы, вы неверагодныя! Я вас люблю».

«Беларусы — вы найлепшыя!»

На шэсьці ў Менску 16 жніўня 2020 году жанчына-настаўніца з Гомля казала:

«Паглядзіце, якія мы прыгожыя. І мы хочам такога самага прыгожага жыцьця».

На адным з пасьлявыбарчых мітынгаў плякат у руках хлопца з надпісам:

«Беларусы ў 2020-м — гэта найлепшае, што я бачыў у сваім жыцьці».

Гомельскі журналіст Пятро Кузьняцоў 17 жніўня ў сваім Фэйсбуку:

«Праз сорам, боль і часам адчай мы прыйшлі нарэшце да гонару. Да часу, калі ня можна, а трэба ганарыцца сабой, сваімі сябрамі, землякамі і нават ворагамі, калі гэтая варожасьць не палітычная. Цудоўная краіна, дзівосны народ, цудоўная нацыя! Жыве Беларусь!»

Марш Свабоды ў Менску, 16 жніўня 2020 году
Марш Свабоды ў Менску, 16 жніўня 2020 году

І абсалютна вяршынны прыклад з самага вялікага мітынгу Сьвятланы Ціханоўскай ў Менску з удзелам 70 тысяч чалавек, калі вядоўца закрычаў у натоўп:

«Мы ганарымся самі сабой! Мы — беларусы!»

І ў адказ пачуліся дзясяткі тысяч захопленых «Та-ак».

Сымбалі і іх зьмест

За апошнія чатыры месяцы ў краіне адбыўся фактычны плебісцыт у пытаньні вяртаньня гістарычнай сымболікі — бел-чырвона-белага сьцягу і герба Пагоня, а галоўным сымбалічным дэвізам новай нацыі стаў ужо ўсенародна прызнаны вокліч «Жыве Беларусь». Прыкладаў гэтага тут нават ня трэба прыводзіць — мы гэта бачым і чуем вакол сябе кожны дзень.

Усё гэта азначае перамогу беларускай Беларусі, за якую памерлі тысячы і тысячы яе найлепшых сыноў і дачок, пачынаючы ад Кастуся Каліноўскага. Але, у прынцыпе, пачатак гэтага шляху быў пакладзены ў 862 годзе, калі на гістарычную арэну выйшла Полацкая дзяржава.

Сымболіка вызначае зьмест і вэктар разьвіцьця краіны і народу. Цяпер ужо ясна, што раней ці пазьней гэта будзе такая Беларусь, якой яе бачылі Каліноўскі, Багушэвіч, Іваноўскі, Луцкевічы, іншыя айцы БНР і БССР, пасьляваенная культурная эліта, адраджэнцы 80-х — 90-х гадоў, дэпутаты незалежнасьці і ўсе, хто працаваў і працуе на Беларусь ў ХХ і ХХІ стагодзьдзі.

Непазьбежная перамога беларускай мовы

У сэрцах і душах беларусаў іх гнаная мова ўжо перамагла.

Пра гэта сьведчаць апытаньні грамадзкай думкі, калі большасьць выказваецца супраць страты беларускай мовы.

Пра гэта сьведчаць шматлікія прамыя эфіры Свабоды з вуліц вялікіх і малых беларускіх гарадоў, калі людзі просяць прабачэньня за тое, што будуць гаварыць па-расейску. Гэта вызнаньне маральнага імпэратыву і маральная перамога, якая празь некалькі дзесяцігодзьдзяў стане фактычнай.

Марш міру і незалежнасьці ў Менску, 30 жніўня 2020 году
Марш міру і незалежнасьці ў Менску, 30 жніўня 2020 году

Вось адзін з самых характэрных прыкладаў. Менскі фатограф і пэдагог Ірына Бондзюк напісала ў сябе ў Фэйсбуку 22 ліпеня 2020 году:

«Извините, я по-русски. Мой папа белорус, военный. Мама русская. Я до 15 лет — по военным городкам, где белорусов не было. Как ребёнок военного, до 91-го белорусский язык не изучала. И до последнего года относилась ко всему спокойно... И ОГРОМНОЕ СПАСИБО учителям моего сына по истории — Суворову Родиону Олеговичу и по белорусскому языку и литературе — Федорович Светлане Павловне!!! Благодаря им мой сын обожает разговаривать на белорусском языке и очень гордится нашей историей. А я... Я, глядя на него, и — не поверите, — благодаря Бабарико вдруг тоже поняла, что люблю Беларусь, что мы могли бы быть независимым народом с гордо поднятой головой. Это я всё к чему. Наверняка не одна я сейчас стала ходить везде в вышиванке и решила, что научусь говорить по-белорусски. Только сейчас у большинства начинает просыпаться национальное самосознание, ощущение объединения вокруг национальной идеи. Так что всё у нас впереди!!! Может быть я скоро смогу написать Вам на белорусском языке)».

Ад сярэдзіны жніўня Ірына Бондзюк вядзе свой ФБ ужо па-беларуску.

Нацыянальнае вызваленьне і адасабленьне

Беларусу ня трэба ўступаць у Эўразьвяз, каб адчуваць сябе эўрапейцам, беларус гэта і так ведае. Ён лічыць, што ў суседняй Польшчы не цывілізацыя, а «таксама цывілізацыя», як і ў Беларусі.

І мы сапраўды ведаем, што беларус — гэта эўрапеец, які жыве ў Эўропе. Ужо тысячу гадоў ён гэтак сама, як і людзі ў Нямеччыне, Францыі, Італіі або Гішпаніі, урабляе зямлю, гадуе сьвіней, сушыць кумпякі і кілбасы, будуе жыльлё ў вёсках і гарадах і моліцца ў храмах. Гэта разумеюць і апошнія месяцы пра гэта гавораць палітыкі і простыя людзі.

Былы чыноўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Пласкавіцкі ў пачатку жніўня ў інтэрвію Свабодзе:

«Сёньняшняе абурэньне народу ніяк не выглядае празаходнім ці прарасейскім...»

Зварот да дэпутатаў Эўрапарлямэнту 25 жніўня 2020 году Сьвятланы Ціханоўскай:

«Беларусь прачнулася. Мы больш не апазыцыя. Нас цяпер большасьць... Рэвалюцыя ў Беларусі — гэта не геапалітычная рэвалюцыя. Гэта не прарасейская, не антырасейская рэвалюцыя. Гэтая рэвалюцыя ня супраць Эўрапейскага Зьвязу і не праэўрапейская. Гэта дэмакратычная рэвалюцыя. Гэта імкненьне нацыі вырашаць свае праблемы самой...

Я заклікаю ўсе краіны сьвету паважаць асноўнае права нацыі на самавызначэньне. Я заклікаю ўсе краіны сьвету паважаць сувэрэнітэт Беларусі. Я заклікаю ўсе краіны сьвету паважаць тэрытарыяльную цэласнасьць Беларусі.

Беларусь — частка Эўропы. Культурна, гістарычна і геаграфічна. Мы адданыя нормам міжнароднага права і хочам заняць годнае месца сярод іншых народаў Эўропы».

Пра гэта ж сьведчыла і ўся глыбока нацыянальная рыторыка трыюмвірату ў складзе Святланы Ціханоўскай, Марыі Калесьнікавай і Веранікі Цапкалы падчас выбарчай кампаніі.

Містычны маніфэст беларусаў

Але вяршынным сьведчаньнем працэсу нараджэньня беларускай нацыі я лічу выступленьне простага работніка-будаўніка з Горадні, супрацоўніка «Горадняжылбуду». Калі я гэта пачуў, у мяне заварушыліся валасы на галаве і з вачэй паліліся сьлёзы.

Я ня думаў, што калі-небудзь такое пачую — як вуснамі простага чалавека мой народ містычна агучыць сваю спрадвечную мару — мару ляснога беларуса-хутараніна жыць на сваім кавалку зямлі без гаспадароў над ім — сьціпла, сумленна і культурна.

Мару народу, які прыдумаў танец «Полька на табурэце», калі хлопец зь дзяўчынай становяцца на табурэт і пачынаюць утрапёна танчыць, паступова павялічваючы тэмп і гледзячы адно аднаму ў вочы — гэта выяўленьне вялікай унутранай энэргіі вонкава стрыманага беларуса, які спрабуе рэалізавацца на невялікім лапіку адваяванай у лесу (ці ў пана) зямлі.

Мару народу, які стагодзьдзямі, у адрозьненьне ад паноўных клясаў, трымаў строгі парадак і чысьціню ў хатах, а з прыёму ежы зрабіў цэлы культурна-герархічны рытуал.

І гэта маніфэст нашага спрадвечнага сьціплага і культурнага народу, які стагодзьдзямі цярпеў ад сваіх і чужых гаспадароў і марыў усяго толькі пра спакойную працу на сябе самога і сваіх дзяцей.

Рабочы «Горадняжылбуду» сказаў літаральна наступнае:

«Я гаржусь дзяйсьцьвіцельна сваім беларускім народам. Мне не нада ні НАТА, ні Расія. Мы далжны быць адны — з нармальным чэсным рукаводзствам. Ва главе такой жа самы должан прэзыдэнт быць чэсны, как і мы».

Вось чаму тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, — гэта Вялікае Беларускае Нацыянальнае Паўстаньне. А ўлічваючы, што паўстаньне — гэта апошні этап вызваленьня беларусаў ад вонкавых уплываў і залежнасьцяў, яго можна называць і нацыянальна-вызвольным.

Сьвет, у выпадку паразы паўстаньня, будзе вінаваты ў тым, што не аказаў беларусам дастатковай дапамогі, і стане бяднейшым.

І цяпер ужо зразумела — нічога не было дарэмна. Ніводная ахвяра, ніводная сьляза, ніводны пакутны ўздых перад шыбеніцай, расстрэлам ці пад катаваньнем, ніводная кніга, артыкул і нават слова, прамоўленае беларускімі палітыкамі, інтэлектуаламі і патрыётамі. Нічога не прапала і не памерла.

Жыве Беларусь!

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG